На Островетчине проходит республиканская акция "Семейное чтение"
З мэтай прапаганды дзіцячага і сямейнага чытання, узмацнення выхаваўчай ролі і значэння кнігі Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь арганізавана рэспубліканская акцыя “Сямейнае чытанне”. Пачатак акцыі быў дадзены ў лістападзе мінулага года, а завершыцца яна ў маі бягучага.Работа па фарміраванню кола чытання юных чытачоў і іх бацькоў накіравана на адраджэнне традыцый сямейнага чытання, павышэнне культуры чытання, духоўнае ўзаемадзеянне бацькоў і дзяцей.
Бібліятэкі Астравецкага раёна актыўна ўключыліся ў работу: маляўніча аформілі кніжныя і тэматычныя выставы: “Чытаем усёй сям'ёй”, “Чытаем самі, чытаем з дзецьмі”, “Чытаеш ты, чытаю я, чытае ўся мая сям’я”, “Тата, мама, я – чытаючая сям’я”, “Мы чытаем усёй сям’ёй”, “Пачытайце ўсёй сям'ёй”, “Любімыя кнігі ўсёй сям’і”, “Сям’ю ўмацоўваюць традыцыі”, “Азбука сямейнага чытання”, “Бібліятэка і сям’я”, “У коле сям’і нараджаецца душа”, “Сям’ю з’яднае мудрасць кніг”, “Кніга і сям’я”, “Сям’я і культура: кніжныя традыцыі” і іншыя.
Работа Рытанскай сельскай бібліятэкі каторы год накіравана на прапаганду сямейнага чытання. Бібліятэкар Г.С. Якубцэвіч праводзіць індывідуальную і масавую работу з бацькамі і дзецьмі, рэкамендуе неабходную літаратуру, выяўляе лепшыя традыцыі сямейнага выхавання. Сёлета яна падрыхтавала арыгінальную экспазіцыю кніг-доўгажыхароў “Чытала мама – прачытаю я!”, якая карысталася попытам ў юных чытачоў.
Работнікі Астравецкай раённай бібліятэкі правялі ў гімназіі №1 для вучняў 9 “А” класа інфармацыйную хвіліну “Бібліятэка і сям'я: межы ўзаемадзеяння” і агляд “Юнае пакаленне выбірае чытанне”. Загадчыца аддзела абслугоўвання А.Я. Мінкевіч праінфармавала навучэнцаў пра мэты і задачы, пастаўленыя перад грамадствам, у першую чаргу, перад сям'ёй, школай, бібліятэкай у справе выхавання любові да чытання ў дзяцей. Прывяла дадзеныя сацыялагічных даследаванняў аб месцы чытання ў жыцці дзяцей і падлеткаў, распавяла аб выхаваўчым значэнні кніг.
Бібліятэкар абанемента Н.В. Рабцава расказала пра кнігі і часопісы, якія маглі б зацікавіць падлеткаў: фантастыка, прыгоды, фэнтэзі, рамантычныя гісторыі з жыцця школьнікаў – матэрыялы на любы густ знойдуцца ў гэтых выданнях. Таксама былі прадстаўлены некаторыя кнігі беларускіх аўтараў з серыі “Дзеці вайны”.
Гутарка “Генеалагічнае дрэва маёй сям'і” прайшла ў Мальскай сельскай бібліятэцы. Чытачы складалі радаводы сваіх сям’яў, успаміналі сваіх продкаў.
Конкурс ”Я, мае сябры і нашы любімыя кнігі” адбыўся ў Альхоўскай сельскай бібліятэцы ў першай палове студзеня. У ім прынялі ўдзел вучні 3-4 класаў мясцовай школы. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў віктарынах, расказвалі пра любімых герояў кніг, што чыталі ў дзяцінстве іх бацькі.
Конкурс малюнкаў “Сям'я вачамі дзіцяці” арганізавала для сваіх чытачоў-дзяцей бібліятэкар Рымдзюнскай сельскай бібліятэкі Г.П.Штура – дзеці вельмі творча адлюстравалі старонкі сямейнага жыцця.
Бібліятэкі Астравеччыны запрашаюць бацькоў і дзяцей сумесна наведваць бібліятэчныя ўстановы, каб зацікавіць дзяцей чытаннем вершаў, казак, апавяданняў, каб абмеркаваць выказаныя ў творах думкі ў сямейным коле.Развіццё сямейнай цікаўнасці да чытання і кнігі, падтрымка высокага прэстыжу чытання сярод бацькоў і іх дзяцей, замацаванне патрэбы ў чытанні – вось да чаго мы імкнуліся, бо без чытання няма развіцця.
------------------------------------------------------
Ганна Керэль, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі.
