На Островетчине образовано районное объединение профсоюзов

1
Напрыканцы мінулага года ў раёне ўзнікла новая грамадская арганізацыя – раённае аб’яднанне прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь. Пад яго крылом аб’ядналіся ўсе прафсаюзныя арганізацыі, што дзейнічаюць у раёне, – аграпрамысловага комплексу, адукацыі, медыцыны, культуры, дзяржаўных устаноў і г.д. Старшынёй аб'яднання Рэспубліканская Федэрацыя прафсаюзаў прызначыла Расціслава Іванавіча Бразінскага.


– Наша аб’яднанне ні ў якім разе не будзе падмяняць, кантраляваць, умешвацца ў паўсядзённую працу галіновых прафсаюзаў і прафсаюзных камітэтаў, – расказвае пра сферу дзейнасці аб’яднання Расціслаў Іванавіч. – Наша задача – каардынацыя іх дзейнасці. І, канешне, найперш – абарона правоў і законных інтарэсаў працоўных незалежна ад галіновай прыналежнасці іх прафсаюза. Да нас можна звяртацца з любымі юрыдычнымі пытаннямі, якія тычацца працоўных адносін. Плануецца штомесяц праводзіць прыём грамадзян па прававых пытаннях з удзелам абласных спецыялістаў – першы падобны ўжо прайшоў у Астраўцы. У далейшым жыхарам раёна параю сачыць за аб’явамі ў “Астравецкай праўдзе” і звяртацца да прыезджых спецыялістаў за кансультацыяй і дапамогай.

Сферай сваёй дзейнасці раённае аб’яднанне прафсаюзаў вызначае шмат накірункаў. Адзін з іх – развіццё ўязнога турызму, які пакуль не вельмі развіты ў нашай краіне, хоць у Беларусі ўвогуле і ў нашым раёне ў прыватнасці ёсць што паглядзець і дзе адпачыць. Прычым віды адпачынку могуць быць самыя розныя – ад аграсядзібы ці палаткі на беразе возера – да камфартабельных санаторыяў. Да слова, 12 самых лепшых санаторыяў краіны належаць прафсаюзам, і для членаў гэтага самага масавага грамадскага аб’яднання краіны прадугледжана скідка на кошт пуцёўкі да 25 працэнтаў.

А найбліжэйшым мерапрыемствам, арганізацыяй якога зараз актыўна займаецца Рэспубліканская Федэрацыя прафсаюзаў разам з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, – гэта пошук маладых талентаў. У гэты працэс актыўна ўключыліся і вядомыя беларускія артысты – да прыкладу, кіраўнік групы “Сябры” Анатоль Ярмоленка, які паабяцаў стаць старшынёй журы на рэспубліканскім этапе конкурсу. А ў бліжэйшы час пройдуць мясцовыя адборы маладых і таленавітых – сачыце за рэкламай у “Астравецкай праўдзе”!

Так што спраў у раённага аб’яднання прафсаюзаў дастаткова – хочацца спадзявацца, што ўсе яны будуць цікавымі і карыснымі.


---------------------------

Ніна АЛЯКСЕЕВА.