На что жалуются, чего ожидают и чем хвалятся педагоги Островетчины
Напярэдадні Дня настаўніка мы вырашылі завітаць да начальніка аддзела адукацыі Віктара Віктаравіча Млечкі, каб даведацца з якім настроем, планамі і перспектывамі сёлета педагогі сустракаюць сваё прафесійнае свята.
– Як пачаўся сёлетні навучальны год для педагогаў нашага раёна?
– Год пачаўся спакойна і без усялякіх сюрпрызаў. Да навучальнага года ўсе ўстановы адукацыі вельмі добра падрыхтаваліся. На іх рамонт і мадэрнізацыю сёлета было зрасходавана 2 мільярды 400 мільёнаў рублёў, з іх 1 мільярд 700 мільёнаў рублёў асвоена гаспадарчым спосабам. Гэта значныя затраты, але на самай справе зроблена шмат добрых спраў. Хочацца адзначыць падрыхтоўку да новага года гімназіі №1, дзіцячага садка №2 Астраўца, Альхоўскай, Гервяцкай і Міхалішкаўскай сярэдніх школ.
Сёлета быў закрыты Варонскі дзіцячы сад. У сувязі з гэтым прайшла рэарганізацыя Варонскай базавай школы ў пачатковую школу – дзіцячы сад. Да 1 снежня ў ёй будуць завершаны ўсе рамонтныя работы, дзеці і іх выхавальнікі пераселяцца ў адрамантаваны будынак былой базавай школы і, думаю, зразумеюць, што чакалі недарэмна. Навучанне і вольны час яны будуць праводзіць у цудоўных умовах.
Да новага навучальнага года была падрыхтавана і тэхніка аддзела адукацыі. Два аўтобусы, якія падвозяць дзяцей у школу, капітальна адрамантаваны.
Напярэдадні навучальнага года адбыліся кадравыя змяненні ў некалькіх установах адукацыі. Так, змяніліся дырэктары ў Рымдзюнскай школе з беларускай мовай навучання, СШ №1, Трокеніцкай базавай школе і Гудагайскай СШ і загадчыцы ў Альхоўскім і Гервяцкім дзіцячых садках і ў дзіцячым садку “Дубок”. Хочацца спадзявацца, што ў іх усё атрымаецца.
Шмат увагі ўдзялялася і будзе ўдзяляцца педагагічным кадрам і павышэнню іх адукацыйнага ўзроўню. Усе кіраўнікі ўстаноў адукацыі і многія настаўнікі ўжо атрымалі сертыфікаты карыстальніка інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Сёлета на працу ў аддзел адукацыі прыехала 15 маладых спецыялістаў, але некаторыя ўжо пайшлі ў дэкрэтны адпачынак. З аднаго боку, гэта, канешне, цудоўна. Але цяпер у нас адчуваецца недахоп настаўнікаў фізікі, інфарматыкі, англійскай мовы.
– Якія дасягненні мінулага года вы лічыце самымі значнымі?
– У нас атрымалася правесці капітальны рамонт даху ў Альхоўскім дзіцячым садку – там пастаянна з гэтым пытаннем узнікалі праблемы. Зроблены цякучы рамонт даху ў Гудагайскай сярэдняй школе.
Вялікая работа зроблена ў накірунку энергазберажэння. Устаўлены новыя вокны ў Альхоўскіх дзіцячым садку і сярэдняй школе, у Гудагайскай і Спондаўскай сярэдніх школах.
Прыведзены да ладу санвузлы. Сёлета мы таксама добра спрацавалі і ў плане падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона – ужо падпісаны пашпарты гатоўнасці.
Яшчэ адзін з накірункаў, які таксама можна прылічыць да дасягненняў, – арганізацыя харчавання дзяцей. Мы заключылі шэраг дагавораў на прамыя пастаўкі, што спрыяла значнай эканоміі і ўдзешаўленню харчавання дзяцей.
Не могуць не радаваць і выступленні нашых юных “алімпійцаў”. У гэтым годзе мы атрымалі менш узнагарод рэспубліканскага ўзроўню, затое дзеці вызначыліся якасцю выступленняў. Не могуць нас не радаваць і дасягненні нашых педагогаў. Напрыклад, настаўніка хіміі гімназіі №1 Віталія Тадэвушавіча Стаціны, які сёлета быў прызнаны “Чалавекам года” ў Гродзенскай вобласці, чый партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Дзякуючы ў тым ліку і поспехам Віталія Тадэвушавіча, сёлета мы зрабілі гімназію апорнай установай па вувучэнні хіміі.
За плённую працу ад абласнога ўпраўлення адукацыі мы атрымалі новую камп’ютарную тэхніку для спецыялістаў аддзела адукацыі, бухгалтэрыі і сельскіх устаноў адукацыі.
У поўным аб’ёме прафінансавана рэспубліканская праграма развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі. Выканалі таксама план па аздараўленні дзяцей у дзіцячых аздараўленчых летніках. І ўсе гэтыя поспехі, канешне ж, радуюць.
– Бачна, што зрабіць удалося многае. Але ёсць, напэўна, нешта, пра што вы яшчэ толькі марыце?
– Разам з усімі плюсамі, ёсць у нас і шэраг праблем. У першую чаргу гэта забяспечанасць дзіцячымі садкамі. Сёння ў Астраўцы ў чарзе на дзіцячы сад стаяць 80 чалавек. Поўнасцю запоўнены Палушскі садок, праблемы з падвозам узнікаюць у Альхоўскім садку. У Дайлідскай зоне садкоў увогуле няма – пакуль што частку дзяцей адвозяць на станцыю Ашмяны.
У хуткім часе нас чакае так званае наваселле – аддзел адукацыі пераязджае ў будынак старой музычнай школы. А цэнтр карэкцыйнага навучання і развіцця пераселіцца ў наш будынак.
Змяненні чакаюць і сярэднюю школу №1 Астраўца. Сёлета там быў праведзены толькі касметычны рамонт і на першы погляд усё выглядае акуратна і прыгожа, і ўсё ж – школа ўжо даўно патрабуе капітальнага рамонту. Пакуль што выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт даху, распрацоўваецца дакументацыя па капітальным рамонце ўсяго будынка.
Пастараемся ўсур’ёз заняцца дзіцячым садком “Дубок”. Гэта першаступенныя аб’екты на наступны год.
– Што, ці лепш сказаць, хто дапамагае вам у рабоце?
– У першую чаргу гэта калектыў, у якім працуюць людзі рознага ўзросту і з розным прафесійным вопытам, але на іх можна абаперціся і атрымаць падтрымку.
Канешне ж, Астравецкі райвыканкам і яго старшыня Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які падтрымлівае нашы ініцыятывы і разумее нашы праблемы і просьбы.
І зразумела, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, іх намеснікі, усе настаўнікі і тэхработнікі. Дзякуючы ўсім гэтым людзям, мы паступова рухаемся наперад і дасягаем пэўных вынікаў у сваёй працы.
– Якой бы вы хацелі бачыць у будучым сістэму адукацыі раёна?
– У сувязі з будаўніцтвам у нашым раёне першай Беларускай АЭС, трэба спадзявацца, сістэму адукацыі таксама чакаюць вялікія перспектывы. У першую чаргу гэта новыя аб’екты, якія будуць аснашчаны новым абсталяваннем у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Напэўна, зменіцца і кадравы склад: людзі будуць прыязджаць у раён і сярод іх, зразумела, будуць педагогі, якія прынясуць у нашу сістэму нешта новае.
– Напярэдадні прафесійнага свята давайце ўзгадаем лепшых работнікаў сістэмы адукацыі. І што б вы хацелі пажадаць педагогам і ўвогуле ўсім, хто мае дачыненне да сферы адукацыі ў Дзень настаўніка?
– Думаю, што словы падзякі сёння можна і трэба сказаць кіраўнікам устаноў адукацыі, настаўнікам, выхавальнікам, усім супрацоўнікам аддзела адукацыі. Кожны з іх працуе плённа і старанна – і гэтым уносіць важкі ўклад у сістэму адукацыі нашага раёна. І ўсім ім хацелася б пажадаць стойкасці, мужнасці, творчых поспехаў і ініцыятывы і, канешне ж, годнай аплаты іх працы.
– І вас з надыходзячым святам – Днём настаўніка. Плёну і поспеху ва ўсіх пачынаннях!
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.