Мысли островецкого журналиста о литовской демократии
Для правячай кансерватыўнай партыі “Саюз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты” яны аказаліся надзвычай непрыемнымі.
Кансерватары, якіх узначальвае цяперашні Прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, заручыліся падтрымкай усяго толькі 11 працэнтаў выбаршчыкаў і ў парламенце новага склікання зоймуць 13 месцаў, у той час, як іх палітычныя апаненты – партыя працы і сацыял-дэмакратычная партыя – будуць прадстаўлены ў парламенце ажно 32-ма дэпутатамі.
Нагадаем, што “Саюз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты”, старшынёй палітычнага савета якога з’яўляецца былы лідар “Саюдзіса” Вітаўтас Ландсбергіс, паслядоўна прытрымліваецца інтэграцыі з Еўрасаюзам і НАТА, выступае за свабодныя рынкавыя адносіны ў эканоміцы, вызначаецца нацыянальна-палітычнай рыторыкай і выразнай антырасійскай палітыкай.
Увогуле асоба іх палітычнага лідара гаворыць аб многім, у тым ліку і аб ідэалогіі партыі таксама.
Ідэі вызвалення ад камунізму і расійска-савецкай акупацыі, знішчэння і адмаўлення ўсяго, што хоць нейкім чынам звязана з часам існавання СССР, былі асабліва папулярнымі ў Літве ў пачатку-сярэдзіне 1990-х гадоў.
Гэта і абумовіла кансерватыўную большасць у парламенце ў 1996-2000 гадах.
Затым, ажно да 2008 года, партыя знаходзілася ў апазіцыі і зноў прыйшла да ўлады на першай хвалі сусветнага эканамічнага крызісу.
Аднак захады кансерватараў па яго пераадоленні, якія вызначаліся палітыкай жорсткай бюджэтнай эканоміі, прадказальна не выклікалі асаблівай прыязнасці з боку радавых літоўцаў. У краіне скараціліся выдаткі на зарплаты і пенсіі, вырас узровень беспрацоўя, атрымала шырокую практыку эміграцыя – у першую чаргу моладзі – у краіны Еўрасаюза, што балюча адбілася на нацыянальных пачуццях патрыятычна настроеных жыхароў Літвы.
Расчараванне дзейнасцю ўрада пад кіраўніцтвам Кубілюса пацвярджаецца і сацыялагічнымі апытаннямі.
Так, літоўскае інфармацыйнае агенцтва ELTA распаўсюдзіла на мінулым тыдні вынікі даследвання, зробленага па яе ж заказу.
Яны не вельмі вясёлыя.
74% жыхароў краіны лічаць, што апошнім часам сітуацыя ў Літве пагаршаецца.
Цікава, што 66 % з іх прычынай сваіх бед бачаць дэмакратыю і толькі 26% выказалі задаволенасць дзеяннем дэмакратыі.
Усё гэта падштырхнула палітолагаў да думкі, што галасаваннем за “левыя” партыі літоўскія выбаршчыкі “адпомсцілі” ўраду Кубілюса за скарачэнне зарплат і пенсій.
Нагадаем таксама, што менавіта гэты ўрад вызначыўся асабліва жорсткай, падчас зусім не дыпламатычнай і тым болей нядобрасуседскай палітыкай у адносінах да Беларусі, заўзятым правадніком якой з’яўляўся міністр замежных спраў Аўдроніс Ажубаліс.
Дарэчы сказаць, што лідары партый, якія перамаглі на выбарах, ужо выказаліся за перагляд палітыкі Літвы ў дачыненні нашай краіны.
Не пашчасціла кансерватарам і ў другім пытанні – адносна лёсу Вісагінскай АЭС.
Станоўчы адказ па гэтым пытанні мог надаць правячай партыі, якая імкліва губляе папулярнасць, палітычнай вагі. Аднак жаданне ўседзець адразу на двух крэслах – выявіць сябе паслядоўным прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцей, выстаўляючы на рэферэндум непапулярнае пытанне, і адначосова праявіць палітычную волю да рэалізацыі стратэгічнага энергетычнага праекта – прадказальна аказалася асуджаным на правал.
За атамную станцыю выказаліся толькі жыхары Зарасайска-Вісагінскай выбарчай акругі – рэгіёна, дзе існавала Ігналінская АЭС і дзе мяркуецца пабудаваць Вісагінскую.
Цяпер прыйдзецца ламаць галаву над тым, як выйсці з гэтага становішча.
Зрэшты, рэферэндум меў толькі кансультатыўны характар. Таму зусім неабавязкова, што на тым праект Вісагінскай АЭС будзе “пахаваны”.
А святкаваць могуць усе: як апалагеты дэмакратыі, так і прыхільнікі развіцця ядзернай энергетыкі.
Дэмакратыя падобную супярэчнасць дапускае.
--------------------------
Эдуард СВІРЫД.
