Мы для краіны

Год моладзіМерапрыемства пад такой назвай прайшло для маладых людзей Гродзеншчыны, якія ўпершыню будуць удзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у абласным драматычным тэатры. Пабывала на ўрачыстасці і дэлегацыя моладзі Астравецкага раёна.

Мерапрыемства сабрала каля 700 хлопцаў і дзяўчат з усёй вобласці. Спачатку ў фае драмтэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыставы “Гродзеншчына ўчора і сёння”. Тут жа з прывітальным словам да моладзі звярнуліся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч і рэдактар газеты “Гродзенская праўда” Павел Сухарукаў.
Таксама ў фае праходзіла акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Наш год – наш выбар”, падчас якой усім прысутным раздавалі чырвоныя яблыкі, перавязаныя стужкай, стылізаванай пад нацыянальную сімволіку, – сімвал Года моладзі.
Затым у актавай зале да маладых людзей звярнуўся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.
– Маладыя людзі павінны разумець усю адказнасць выбарчага права. Вы не проста ўпершыню пойдзеце галасаваць – вы будзеце вызначаць свой лёс і лёс краіны, а гэта вялікая адказнасць. Спадзяюся, вы гэта ўсведамляеце, – адзначыў у сваім выступленні губернатар.
Падчас мерапрыемства адбылося ўзнагароджванне маладых чэмпіёнаў і прызёраў сусветных і еўрапейскіх спаборніцтваў, а таксама іх трэнераў, дэманстраваліся відэаролікі аб маладых і паспяховых жыхарах Гродзенскай вобласці, а парадавалі прысутных прыгожымі музычнымі нумарамі таленавітыя артысты.

------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.