Мужчины-островчане рассказали о своих мамах

14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаўся Дзень маці. Жанчыны выслухоўвалі словы віншаванняў і шчырых пажаданняў ад блізкіх і далёкіх людзей, прымалі падарункі і кампліменты… Хочацца верыць, што, незалежна ад таго, колькі іх было і якіх, аснову гэтага рознагалосага хору склалі самыя галоўныя і чаканыя імі віншаванні дзяцей і іх словы падзякі...

Напярэдадні Дня маці мы вырашылі задаць пяць аднолькавых пытанняў пра маці чатыром розным – па ўзросту, прафесіі, сацыяльнаму статусу – сынам.

1. Вашы ўспаміны дзяцінства… Якое месца ў іх займае мама: дзе яна, чым займаецца?

2. У дзяцінстве вы часцей засмучалі ці радавалі сваю матулю?

3. Успомніце момант, калі вы прывялі дахаты сваю будучую жонку… Хто болей хваляваўся – вы, яна, ваша мама?

4. Вы – дарослы, паспяховы чалавек, у вас сваё жыццё, свой светапогляд. Ці звяртаецеся вы за парадай да маці? І як паводзіце сябе, калі гэтыя парады прыняць не можаце?

5. Што вы хочаце сказаць, што пажадаць матулі ў дзень свята?

Павел Віктаравіч Мілешка, намеснік старшыні райвыканкама, 33 гады.

Маці – Надзея Уладзіславаўна Мілешка, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі.

1. Мама заўсёды працавала ў бібліятэцы. Мы жылі ў Гудагаі, яна часта брала мяне з сабой на работу, і калі не было чытачоў, займалася са мной – таму мае дзіцячыя ўспаміны звязаны найперш з месцам яе работы. Менавіта там, у бібліятэцы, я з мамінай дапамогай задоўга да школы навучыўся і чытаць, і лічыць…

2. Мне здаецца, што я не вельмі засмучаў маму… Вучыўся добра, настаўнікі мяне хвалілі, у інстытут паступіў – вядома ж, мама, як і кожная, не магла гэтаму не радавацца…

Засмучэнні… Ну, напэўна, мы з братам мала ёй дапамагалі па гаспадарцы. Сястрычкі ў нас няма, а мы таксама не асабліва кідаліся, каб узяць на сябе нешта з яе бясконцых клопатаў, – калі па шчырасці, то ленаваліся…

3. Ну, да таго часу, як прыйшла пара знаёміцца з будучай нявесткай, астравецкае “сарафаннае радыё” ўжо ўсё маме данесла, так што сюрпрызу не атрымалася – можа, і добра. Мы з будучай жонкай тады разам працавалі, і аднойчы ў абедзенны перапынак я запрасіў яе да нас дахаты – пазнаёміцца з мамай. “Гэта было нядаўна, гэта было даўно” – трынаццаць гадоў назад…

Наконт хвалявання – я дык дакладна яго не адчуваў, бо ведаў, што мама абавязкова ўхваліць мой выбар і прыме любое маё рашэнне. Больш за ўсіх хвалявалася, напэўна, мая Вольга…

Але зараз у мамы з Оляй – цудоўныя адносіны, мо нават лепшыя, чым са мной. Яны – сапраўдныя сяброўкі: у іх, як я разумею, свае сакрэты, у якія мяне не заўсёды пасвячаюць. У мамы няма дачкі – з кім жа ёй яшчэ аб сваім, жаночым, пагаварыць?..

4. Ну вось такая ў мяне мама – ніколі нічога мне не раіць! Яшчэ са старэйшых класаў школы я ўсе рашэнні прымаў самастойна – а яна мяне заўсёды ва ўсім падтрымлівала. Канешне, я дзялюся з ёй сваімі планамі, расказваю, што зрабіў ці планую зрабіць, – і зараней ведаю, што яна заўсёды ўсё ўхваліць.

5. Пажадаць маме я хачу, канешне ж, здароўя. І сказаць, што яна ў мяне – самая лепшая! І што я яе вельмі люблю. Хоць і не гавару аб гэтым так часта, як, магчыма, хочацца, як яна заслугоўвае і як трэба было б…

Сяргей Станіслававіч Івашка, загадчык кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, 45 гадоў.

Мама – Яніна Антонаўна Івашка, на заслужаным адпачынку.

1. Калі ўcпамінаю дзяцінства, то ўзнікае адчуванне, што мама заўсёды побач. Хаця яна ж працавала, і дома хапала работы: мы жылі ў вёсцы, трымалі, як і ўсе, гаспадарку. Бацька з-за сваёй вечнай занятасці не мог ёй асабліва дапамагаць, бо ішоў з хаты рана, а вяртаўся позна. Але ў мяне такое адчуванне, што мама ўвесь час была з намі, са мной і сястрой: дапамагла нам вучыць урокі, кантралявала, як мы зрабілі хатнія заданні, распытвала пра справы. І ведаеце, яна, звычайная вясковая жанчына без вышэйшай адукацыі, ні разу на нас не крыкнула, не павысіла голас – столькі ў яе было жаночай мудрасці і цярплівасці. Я бясконца ўдзячны ёй за ўсё!

2. Канешне, усяго хапала – і радавалі, і засмучалі… Вучыліся мы добра, сорамна бацькам за нас, здаецца, не было. Але ж, здаралася, і дрэнную адзнаку прынясеш – вось і засмучэнне для маці. Ці на танцы пойдзеш, а яна ўсю ноч не спіць, чакае: калі прыйдзеш, які, ці ўсё добра? Тады здавалася: ну чаго ёй хвалявацца, я ж ужо дарослы?! А цяпер разумееш…

Пахвалявацца маме давялося і тады, як я служыў. Я, канешне ж, не пісаў дахаты, што служу на граніцы з Афганістанам, што рэгулярна езджу туды, на вайну, у “камандзіроўкі” – але яна пра ўсё здагадвалася. І пісала мне часта-часта, больш, чым я, ніхто ў часці пісьмаў не атрымліваў.

3. Мне здаецца, кожны мужчына, свядома ці не, шукае жонку, падобную на яго маці. Вось і я стараўся выбраць такую ж добрую, спагадлівую, шчырую, як мама…

Да таго часу, як мы з Наташай вырашылі пажаніцца, мама ўжо марыла пра нявестку: у інстытут я паступіў пасля арміі, жаніліся мы на шостым курсе – пара ўжо… І завочна яны былі знаёмы: расказваючы пра інстытуцкія будні, я часта ўзгадваў Наташу. Так што нечаканасці не было, хвалявання, мне здаецца, таксама. “Агледзіны” выліліся ў сапраўднае свята – бацькі Наташу адразу прынялі, як сваю дачку.

4. Мы і сёння ў сваёй сям’і не прымаем ніводнага больш-менш значнага рашэння, не параіўшыся з бацькамі. Задумаю, скажам, нешта зрабіць у доме ці на падвор’і – перш за ўсё раскажу бацьку, потым атрымаем адабрэнне маці, а тады ўжо можна і за справу брацца.

А такога, каб бацькі давалі непрымальныя для нас парады, я і не ўспомню – мне здаецца, так не здаралася. Яны нас заўсёды падтрымліваюць і ва ўсім дапамагаюць.

5. Мама – гэта самы важны, самы галоўны чалавек у жыцці кожнага чалавека. Можна страціць ці знайсці сябра, не дай бог, канешне, але і жонка можа быць не адна. А маці – яна адна-адзіная, на ўсё жыццё. Гэта – святое… І я хачу пажадаць усім, і сабе найперш, каб мама была побач як мага даўжэй, каб мы заўсёды адчувалі цеплыню яе сэрца, грэліся ад святла яе вачэй, маглі прытуліцца да яе ласкавых, пяшчотных рук…

Аляксей Зянонавіч Маргуж, трэнер па боксе, 49 гадоў.

Мама – Ніна Адамаўна Маргуж, былая настаўніца, зараз на заслужаным адпачынку.

1. З чым у мяне асацыіруюцца дзіцячыя ўспаміны пра маму? Гэта пачуццё абароненасці. Спакой. Патрабавальнасць. Адказнасць. І адчуванне радаснага ўзбуджэння да паездак у Карэлію і назад, у Беларусь…

2. На жаль, засмучаў, і неаднойчы – “калі б маладосць ведала, калі б старасць магла…” Але ж, спадзяюся, што і радаваў калі-нікалі! Засмучаў і крыўдзіў незнарок, чэсна – мама, прабач хоць зараз… А радаваць хацелася б часцей, шчыра кажу. Ну, а атрымлівалася так, як атрымлівалася… Часам было, што спачатку засмучаў, калі ехаў на спаборніцтвы без дазволу мамы, а потым радаваў, калі іх выйграваў. Праўда, гэта часцей за ўсё адбывалася адначасова: ужо пасля спаборніцтваў тэлефанаваў маме і гаварыў, куды паехаў. І перш чым яна паспявала расстроіцца ці раззлавацца, паведамляў, што выйграў.

3. Было так. Прыйшоў я да сваёй будучай жонкі – Рэгіна тады жыла ў інтэрнаце, а яна ляжыць хворая, тэмпература – 39. І бытавых умоў – аніякіх. Ну, я узяў яе за руку і прывёў да сябе дахаты. Маме сказаў, што лячыцца яна будзе тут, пажыве ў нас, пакуль паправіцца. Так што расхвалявацца і падрыхтавацца да агледзінаў ніхто не паспеў – мама толькі ўдакладніла, наколькі ў нас сур’ёзна, і выказала сваё адабрэнне майму выбару.

4. Памятаеце, у адным папулярным фільме герой Аляксея Баталава гаворыць: “Усё і заўсёды я буду вырашаць сам, па той простай прычыне, што я – мужчына”. І я таксама жыву па гэтаму прынцыпу – усё і заўсёды вырашаю сам. Напэўна, гэта ў крыві – пачуццё абавязку, адказнасці… Мама, праўда, перыядычна просіць мяне не перажываць так моцна з-за работы, больш часу ўдзяляць сабе і сваёй сям’і. Я, канешне, разумею, што ў нечым яна мае рацыю, што я не магу змяніць свет – але мне лягчэй ад усведамлення таго, што зрабіў усё, што мог, каб змяніць хоць нешта ў гэтым свеце…

5. Мне вельмі хочацца падысці да мамы, абняць яе і сказаць, што я яе вельмі-вельмі моцна люблю… І не магу – нешта не дазваляе мне гэта зрабіць... Боязь падацца сентыментальным, ці што?

Андрэй Вячаслававіч Касцюк, прыватны прадпрымальнік, 25 гадоў.

Мама – Алена Канстанцінаўна Касцюк, былая настаўніца.

1. Мама з майго дзяцінства заўсёды вельмі ўсмешлівая – яна так прыгожа ўсміхаецца, у яе вельмі светлая і шчырая усмешка – гэта адзначаюць усе, хто яе ведае.

Яна вельмі шмат часу ўдзяляла нам, дзецям. Галоўным яе клопатам, здаецца, было, каб у хаце заўсёды было нагатавана шмат смачнай і разнастайнай яды. Часам мы з сястрой нават ушчувалі маму: навошта гатаваць так шмат, потым усё роўна не з’ядаецца, марнуецца. А ёй хочацца, каб было ўсяго і многа.

2. Былі і радасці, і засмучэнні…

Найбольш мама хвалявалася, напэўна, калі я стаў хадзіць на танцы. Заўсёды папярэджвала: вернешся – абавязкова скажы, каб я магла спакойна спаць. Я тады не разумеў яе хвалявання: ну я ж дарослы! А зараз, калі сястра недзе затрымліваецца, адразу ж на тэлефон: ты дзе?

А радасці… Ну, выдатнікам я не быў, хоць вучыўся і нядрэнна...

О, успомніў, як аднойчы маму вельмі парадаваў. Мне тады гадоў 8 ці 9 было. Да нас на Новы год прыехала шмат гасцей. Як звычайна, святкавалі, сустракалі Новы год. А раніцай 1 студзеня я падняўся і перамыў увесь посуд. І хоць зрасходаваў усю бутэльку мыйнага сродку, мама была шчаслівая!

3. Мама маю Вікторыю з дзяцінства ведала, ў школе яе вучыла. І калі ёй паведамілі, што мы сустракаемся, узрадавалася. Але перад афіцыйным знаёмствам чамусьці і мама, і Віка моцна хваляваліся. Толькі я спакойна фарбаваў батарэю.

Зараз мама і Вікторыя – сяброўкі, за маёй спіной шушукаюцца аб нечым сваім. І мяне гэта вельмі радуе.

4. Раней мне здавалася, што ніякія парады мне не трэба – я і сам усё добра ведаю. А потым стаў пытаць у мамы, як зрабіць тое ці гэта ў нейкіх бытавых дробязях – і ўсё атрымлівалася добра. Зараз думаю: вось дурань, чаму раней маму не слухаў? Ну, а калі нешта выходзіць не так, як хацелася б, то ніколі нікога не вінавачу. У мяне ўвогуле прынцып па жыцці: калі што здарылася, трэба шукаць не вінаватага, а выйсце…

5. Пажадаць маме хачу найперш, вядома ж, здароўя. А яшчэ – кахання і асабістага шчасця. Хачу, каб яна заўсёды заставалася такой жа шчырай, адкрытай, добрай, сардэчнай, як я ведаю і люблю. І каб заўсёды ўсміхалася. А яшчэ – паслухмяных дзяцей. І каб хутчэй здзейснілася яе запаветная мара – і мама дачакалася ўнукаў.

-------------------------------

Сыноў распытвала Ніна РЫБІК.