Милиционеры Островетчины отметили профессиональный праздник
Бліскучыя зоркі на пагонах, прыгожая парадная форма без адзінай складачкі і лёгкая ўсмешка на вуснах... У гэты дзень ім шчыра дзякавалі за добрасумленную службу, узнагароджвалі граматамі і медалямі, віншавалі прыгожымі песнямі і энергічнымі танцамі…
У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Дня міліцыі.
Прыемна бачыць, што кожны год павіншаваць і проста падтрымаць прысутнасцю сваіх родных на мерапрыемства прыходзяць іх каханыя палавінкі, дзеці, сябры.
Падзякаваць супрацоўнікам за іх нялёгкую службу, павіншаваць з прафесійным святам, а таксама ўшанаваць памяць тых, хто ўжо пайшоў з жыцця, хвілінай маўчання на сцэну падняўся начальнік Астравецкага РАУС Уладзімір Іванавіч Квач.
Ад імя органаў мясцовай улады міліцыянераў прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Мікалаевіч Аксютчык. Ён пажадаў ім моцнага здароўя, надзейнага, вернага тылу і як мага менш злачынстваў. Свае словы Віктар Мікалаевіч падмацаваў уручэннем Падзячных пісьмаў.
Да ўрачыстых віншаванняў далучыліся і кіраўнікі іншых сілавых структур: Астравецкага ваенкамата, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Смаргонскага аддзела пагранічнай службы, дэпартаменту “Ахова”. Не абышлося, вядома, і без шэрагу грамат і падзяк ад раённага аддзела ўнутраных спраў, якія калегам уручылі начальнік РАУС У.І. Квач і яго намеснік В.М. Савіцкі.
А затым на экране замільгалі фотаздымкі прыгожага чарнявага маладога чалавека ў пагонах. Нягледзячы на даўнасць здымкаў, усе пазналі ў ім сябра, калегу, старэйшага таварыша Генадзя Альбінавіча Драба. Ні многа ні мала – трыццаць гадоў стараннай службы аддаў ён праваахоўным органам. Полацк, Бешанковічы, Астравец… Інспектар дарожна-паставой службы, участковы, старшы аператыўны дзяжурны дзяжурнай часці… Сёлета Генадзь Альбінавіч на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню міліцыі, прыйшоў не ў міліцэйскай форме, як звычайна. Бо сёлета ён пайшоў на заслужаны адпачынак. Пад шчырыя словы віншавання, пад бурныя апладысменты, пад захопленыя погляды маладой змены.
– Я ніколі не шкадаваў, што выбраў гэты шлях, – сказаў Генадзь Альбінавіч. – І калі б вярнуўся назад, нічога не мяняў бы ў сваім жыцці. І абавязкова пайшоў бы служыць у міліцыю!
А пасля надышоў час для тых, хто, хвалюючыся, быццам “на іголках”, сядзеў увесь час у зале. З пачатку года ў Гудагайскай сярэдняй школе дзейнічае прававы клас. Спецыяльныя заняткі, цікавыя экскурсіі, прыгожая форма і пілоткі. Дзевяць дзяўчынак і дзесяць хлопчыкаў – падрастаючая змена, для якой нарэшце надышоў “зорны” час – урачыстая прысяга, пасвячэнне ў кадэты. Крок у крок – яны дружна прамаршыравалі на сцэну. Сур’ёзнасць моманту, адказнасць падзеі – і лёгкая наіўнасць, радасць – усё гэта чыталася на іх тварах. А з залы за імі назіралі са змешаным пачуццём хвалявання і гонару бацькі. І вось адзін за адным яны даюць прысягу. Быць годнымі кадэтамі, стараннымі вучнямі і добрымі людзьмі – менавіта гэтыя правілы жыцця нябачнымі літарамі прапісаны ў клятве вернасці.
Затым начальнік РАУС У.І. Квач пад урачыстую музыку ўручыў кожнаму з рабят пагоны і пасведчанне кадэта прававога класа. Хто ведае, магчыма, праз некалькі гадоў яны пераступяць парог аддзела ўнутраных спраў і з нядаўніх кадэтаў ператворацца ў добрасумленных і адказных работнікаў міліцыі.
Вядома ж, павіншавалі міліцыянераў з прафесійным святам і работнікі культуры. А ў якасці падарунка для кожнага падраздзялення і аддзела артысты падрыхтавалі прыгожыя песні і вясёлыя танцы.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


