Михалишковская школа отметила 50-летний юбилей
Напярэдадні Дня настаўніка ў Міхалішкаўскай сярэдняй школе вырашылі спалучыць прыемнае з… прыемным – і ў дадатак да прафесійнага свята педагогаў адзначыць яшчэ і 50-гадовы юбілей школы.Па праўдзе кажучы, звесткі аб заснаванні ў Міхалішках школы губляюцца ў даўніне стагоддзяў. Была тут калісь і яўрэйская школа, і царкоўна-прыхадская, і “школка Пілсудскага”, і 7-гадовая, і 10-гадовая…
Але сучасная школа – тая, што размясцілася на стромкім маляўнічым беразе Віліі, – адчыніла свае дзверы якраз 50 гадоў таму. Аб гэтых пяці дзясятках гадоў і ўспаміналі, разважалі, а падчас і сумавалі ў актавай зале Міхалішкаўскай школы напярэдадні Дня настаўніка.
Сённяшнія гаспадары школы – цяперашнія вучні і настаўнікі – вырашылі не рабіць з нагоды юбілею шумнага, пампезнага балю. У выніку атрымаўся вельмі цёплы, кранальны, амаль сямейны вечар, сустрэча людзей розных пакаленняў, якіх некалі, хоць на невялікі час, аб’яднала школа ў Міхалішках.
Камусьці, як цяперашняму дырэктару Падольскай сярэдняй школы Івану Францавічу Сухарэўскаму, выпала папрацаваць тут толькі год. А нехта, як Вера Пятроўна Чыркова, аддаў гэтай навучальнай установе амаль усё сваё працоўнае жыццё. Аднак усе, хто тут працаваў ці вучыўся, захаваў аб школе цёплыя ўспаміны. У тым ліку – і аўтар гэтых радкоў. Ёсць, напэўна, у Міхалішкаўскай школе нейкая асаблівая аўра, прыцягальная сіла, якая так моцна прываблівае да яе самых розных людзей.Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі, а некалі намеснік дырэктара Міхалішкаўскай сярэдняй школы Ларыса Васільеўна Ярмоліч выказала меркаванне, што такі ўплыў залежыць ад месца размяшчэння школы. І параўнала гэта з тым, як у даўніну выбіралі месца для храма. За месца на беразе Віліі, дарэчы, трэба падзякаваць тагачаснагаму загадчыку РайАНА Расціславу Арсеньцевічу Герту.
Як і належыць юбілею, былі падчас святкавання і цёплыя словы віншаванняў, і падарункі. Хоць, па шчыраму прызнанню дырэктара Віктара Казіміравіча Казака, яго школе ўжо і жадаць амаль няма чаго. У 2006 годзе, у рамках будаўніцтва аграгарадка, быў зроблены шыкоўны рамонт. Зразумела, школе штогод прыходзіцца падпраўляць “касметыку”. Але гэта зусім не тое, што латаць вокны, у якіх гуляе вецер, ці сталяванне, праз якое льецца дождж.
У дастатковай колькасці школа “ўпакавана” і сучасным абсталяваннем. Розным мультымедыйным і камп’ютарным адукацыйным абсталяваннем тут карыстаюцца даўно. А мінулым летам аддзел адукацыі выдзеліў школе сучасны мабільны камп’ютарны клас.
Зразумела, усё гэта не за “прыгожыя вочкі”. Дапамагаюць тым, хто працуе. А ў Міхалішкаўскай школе працаваць умеюць. І гэта яшчэ раз адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч. Установа з году ў год паказвае дастойныя вынікі ў навучальнай і выхаваўчай дзейнасці, з’яўляецца апорнай школай па выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій. А у бягучым годзе стала ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекту па арганізацыі валанцёрскага руху.
Прысутнічалі на святкаванні і ветэраны педагагічнай працы. Аб сваім настаўніцтве са школьнай сцэны яны не толькі расказалі, але і праспявалі. Вось ужо сапраўды хто “заўсёды душой малады”.
Шкада толькі, што шарэнгі ветэранаў з году ў год радзеюць. Памяць тых, хто ўжо пайшоў з жыцця, ушанавалі хвілінай маўчання.
На жаль, стан здароўя не дазволіў першаму дырэктару школы Якаву Дзям’янавічу Чыркову прыняць удзел у мерапрыемстве. Менавіта на час яго кіравання ўстановай, – які, дарэчы, быў самым працяглым у гісторыі школы, – прыпала яе добраўпарадкаванне, закладка не толькі саду, але і традыцый, якія да гэтага часу вызначаюць аблічча Міхалішкаўскай школы.У складаны, перабудовачны, час кіраваў школай цяперашні настаўнік гісторыі, вядомы ў раёне і за яго межамі краязнаўца Ігар Рыгоравіч Усціменка.
А на час “дырэктарства” Івана Уладзіміравіча Свірыда прыпала першая буйная рэканструкцыя школы, якая ператварыла яе ў адну з самых прывабных у раёне. І толькі наступныя гады разрыву эканамічных сувязей і крызісу парушылі яшчэ больш амбіцыёзныя планы кіраўніка ўстановы – інакш былі б сёння міхалішкаўскія вучні са сваім басейнам.
Не абышлі ўвагай і падарункамі ганаровую дату ў гісторыі школы старшыня сельскага выканаўчага камітэта Віталь Іванавіч Івашкевіч і старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі.
А дырэктары суседніх школ: Леанід Часлававіч Радзько, Іван Францавіч Сухарэўскі і Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч – ці то жартам, ці то сур’ёзна разам з віншаваннямі паабяцалі юбілярам і спонсарскую падтрымку.
І ўвесь час на працягу амаль трох гадзін сваіх гасцей забаўлялі, цешылі, весялілі, уражвалі талентамі, гумарам, вострым розумам цяперашнія вучні і настаўнікі Міхалішкаўскай сярэдняй школы.
А гэта значыць, што ўзведзены некалькімі пакаленнямі настаўнікаў, вучняў і кіраўнікоў будынак школы – зусім не сцены са столлю, а дом, цёплы і ўтульны. І знаходзіцца ён у надзейных руках.
-------------------------
Эдуард Свірыд.
