Методисты и специалисты-географы встретились на областном семинаре в Островецком районе
Абласны семінар метадыстаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі вобласці па геаграфіі прайшоў на базе Астравецкага раёна.Падобны семінар упершыню быў арганізаваны ў мінулым годзе. Тады гасцей з усёй вобласці, якія мелі дачыненне да такога школьнага прадмета, як чарчэнне, таксама сустракалі ў Астраўцы.
На гэты раз праграма абласнога мерапрыемства была распланавана на два дні. 15 педагогаў і спецыялістаў з розных раёнаў вобласці і ўпраўлення адукацыі абмяркоўвалі сучасныя падыходы да арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці па геаграфіі.
Гасцей з вобласці пад кіраўніцтвам метадыста Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Станіславаўны Шмурэй сустракалі ў гімназіі №1. Пасля знаёмства з візітнай карткай гімназіі, педагогі наведалі зімовы сад і краязнаўчы музей.
У гімназіі прайшло і тэарэтычнае пасяджэнне, падчас якога намеснік аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч завочна пазнаёміла з адукацыйнымі ўстановамі раёна; пра метадычныя аспекты геаграфічнай адукацыі ў школах раёна расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Л.Л. Кетрыс. А госці з вобласці падзяліліся вопытам арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці ў школах сваіх раёнаў.
Другі дзень быў прысвечаны практычнай дзейнасці. Пачаўся ён з наведвання Варнянскага НПК, дзе пра пазаўрочную дзейнасць па геаграфіі рассказала намеснік дырэктара гэтай установы А.І. Юркойць. Настаўніца разам са школьнікамі ўдзельнічае ў міжнародным праекце па захаванні дзікага балтыйскага ласося. Сёння ў школьнікаў, дзякуючы падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак бацькаўшчыны”, ёсць сучаснае абсталяванне для назірання за рыбамі: біноклі, прафесійны фотаапарат, навігатар. Рабяты з задавальненнем дапамагаюць дарослым патруляваць рэкі для папярэджання браканьерства – і гэта дае станоўчы вынік.
Па ініцыятыве метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Астравецкага аддзела адукацыі Л.Л. Кетрыс трэці год настаўнікі геаграфіі, працоўнага навучання, чарчэння і рускай мовы праводзяць адкрытыя мерапрыемствы, падчас якіх даюць урокі ў незнаёмым класе. Прадэманстраваць новаўвядзенне, якім шырока карыстаюцца падчас правядзення абласнога і рэспубліканскіх конкурсаў “Настаўнік года”, вырашылі і астравецкія настаўнікі. На гэты раз факультатыўны занятак па геаграфіі ў восьмым классе Варнянскага НПК правяла настаўніца з Альхоўскай школы Г.С. Варанішча.
Сённяшні намеснік дырэктара гімназіі №1, уладальніца Гран-пры Сёмага конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь “Адкрыты ўрок” А.К. Касцюк падзялілася метадычнымі рэкамендацыямі па аналізу факультатыўных заняткаў.
У Міхалішкаўскай школе дэлегацыю педагогаў сустракалі песнямі – выступленне вакальнай групы “Міхалінка” нікога не пакінула раўнадушным.
А пасля зноў быў урок. На гэты раз практычны занятак з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі правяла намеснік дырэктара Міхалішкаўскай школы, чалавек, захоплены турызмам, краязнаўствам і спартыўным арыентаваннем, С.І. Мацкевіч. Дзякуючы яе апантанасці і жаданню працаваць, школьнікі з Міхалішак не раз станавіліся ўдзельнікамі і пераможцамі абласных турыстычных злётаў і конкурсаў па спартыўным арыентаванні.
Але не толькі вучэбна-метадычная работа цікавіла настаўнікаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі. Пазнавальна і цікава прайшла экскурсія па нашым горадзе і раёне. Госці наведалі Гервяцкі касцёл Святой Тройцы, паслухалі канцэрт арганнай музыкі. Незабыўныя ўражанні пакінула і ўнутранае ўбранства наведанага імі Міхалішкаўскага касцёла. А колькі добрых слоў выказалі педагогі аб добраўпарадкаванасці нашага невялікага, але прыгожага Астраўца, экскурсію па якім правяла для іх В.М. Вайшнаровіч!
Мабыць, таму падчас падвядзення вынікаў абласнога семінару была выказана прапанова арганізаваць на базе нашага раёна абласны летнік для педагогаў па падрыхтоўцы практычнай часткі алімпіяды па геаграфіі, якая праходзіць у палявых умовах. Наш раён з актыўнымі і апантанымі педагогамі і прыгожай, маляўнічай прыродай вельмі добра падыходзіць для гэтага.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
