"Медик - это тот человек, у которого болит душа за других людей"

З загадчыкам цэнтральнай раённай аптэкі Васіліем Васільевічам Буднікам не раз даводзілася сустракацца падчас шматлікіх афіцыйных мерапрыемстваў і нарад – ведала яго, як адказнага чалавека і прафесіянала сваёй справы. Зусім нядаўна пазнала як інтэлектуала – Васілій Васільевіч з задавальненнем адгукнуўся на прапанову стаць удзельнікам раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. А літаральна на днях сустрэла яго на турыстычным злёце – аказваецца, ён яшчэ і аматар здаровага ладу жыцця і спорту. І захацелася даведацца больш падрабязна пра гэтага чалавека і яго прафесію. А тут і нагода ўзнікла – Дзень медыцынскіх работнікаў.

– У кожнага прадстаўніка пэўнай прафесіі ёсць характэрныя рысы. Напрыклад, настаўнікі любяць павучаць, тлумачыць і паўтараць. А якія асаблівасці характару ў прадстаўнікоў аптэчнай справы?


– Аптэчнай справы? (Васілій Васільевіч задумваецца). Занудная дакладнасць і даходзячае да маніякальнасці пачуццё адказнасці. Нездарма ж існуе выказванне – “як у аптэцы”. Гэта гаворыць пра многае. Аптэкары вызначаюцца педантычным падыходам не толькі да вядзення сваіх прафесійных спраў, але і ўвогуле да ўсяго, што іх акружае. Гэтаму, канешне, “дапамагаюць” многія службы, але і спецыфіка нашай работы з часам амаль поўнасцю змяняе характар чалавека.


– Вы хочаце сказаць, што раней вы тымі якасцямі, якія пералічылі вышэй, не валодалі?


– У той час, калі я паступаў у медыцынскі каледж, – не. Думаю, што дзесьці 40 працэнтаў рыс майго характару склалася дзякуючы прафесійнай дзейнасці.


– А як з’явілася жаданне стаць правізарам?


– Першапачаткова я збіраўся стаць ваенным медыкам. Але жыццё склалася так, што звязаў сваё жыццё з аптэкарскай справай – і ніколі пра гэта не пашкадаваў. Сярод родзічаў і блізкіх мне людзей былі аптэкары, я ўвесь час бачыў, чым яны займаюцца, і таму выбар будучай прафесіі быў цалкам абгрунтаваны. Спачатку закончыў Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж, а потым – Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт.


– Што сёння ўяўляе сабой аптэчная сетка нашага раёна?


– У раёне працуюць чатыры дзяржаўныя аптэкі і адна – прыватная. Тры з іх размешчаны ў горадзе і дзве на раёне – у Варнянах і Кямелішках. Сёння ў практыку трывала ўвайшла арганізацыя так званых “адрасоў дзейнасці”, якія ствараюцца на ФАПах і ў амбулаторыях. У іх працуе медыцынскі работнік, і тут можна набыць самыя неабходныя лекавыя прэпараты. Такіх “адрасоў дзейнасці” ў нашым раёне ўжо дваццаць – і гэта дазваляе забяспечыць насельніцтва аддаленых вёсак неабходнымі медыкаментамі і лекавымі прэпаратамі.


– На рынку лекавых прэпаратаў пастаянна з’яўляюцца новыя медыкаменты – і таму аптэкарскім работнікам неабходна валодаць інфармацыяй, бо менавіта да іх звяртаюцца людзі з пытаннямі па лекавых сродках. Як павышаюць кваліфікацыю вашы работнікі?


– Шчыра кажучы, фармацэўты і правізары – гэта вечныя студэнты. У тым плане, што сапраўды даводзіцца шукаць важную інфармацыю пра новыя прэпараты, якія з’яўляюцца ў продажы. Адзін раз у пяць гадоў кожны работнік аптэкі праходзіць навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінску, Віцебску і Магілёве. Пастаянна праходзіць тэхвучоба для тых спецыялістаў, у якіх не атрымалася наведаць курсы павышэння кваліфікацыі. Амаль у кожным раёне працуе правізар-аналітык. Ёсць такі спецыяліст і ў нашым раёне. Яго галоўная задача – збор інфармацыі пра новыя медыкаменты і данясенне яе да ўсіх аптэкараў.


– Не раз даводзілася чуць, што ў некаторых краінах пры аптэцы існуе “даведачная служба”, патэлефанаваўшы на якую, можна атрымаць рэкамендацыі па набыцці таго ці іншага лекавага прэпарата. Ці ёсць такая практыка ў нашай краіне? І ці магчыма стварыць такую службу ў нашым раёне?


– У раёне такой службы няма. Але нашы спецыялісты адказваюць на званкі, якія паступаюць у аптэку. А вось у вобласці пры Гродзенскім РУП “Фармацыя” працуе “даведачная служба” – патэлефанаваўшы па нумары 169, можна атрымаць інфармацыю аб наяўнасці лекавага прэпарата ў той ці іншай аптэцы, яго кошце. Спадзяёмся, што хутка інфарматызацыя дойдзе і да нашага горада – і нашы жыхары таксама змогуць атрымліваць інфармацыю аб медыкаментах па нумары 169.


– А што з кадрамі? Як вырашаецца гэта праблема?


– Сітуацыя з кадрамі, дзякуючы нашаму кіраўніцтву, паступова вырашаецца і ўжо стаіць не так востра, як некалькі гадоў назад. Але спецыялістаў не хапае – і таму актыўна праводзім прафарыентацыйную работу сярод вучняў старэйшых класаў і іх бацькоў. І сёлета таксама сустракаўся са старшакласнікамі, агітаваў іх паступаць ў навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць фармацэўтаў і правізараў. Атрымаць гэтыя прафесіі сёння можна ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы, Магілёўскім дзяржаўным медыцынскім каледжы і Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў універсітэце. Не скажу, што абітурыенты рвуцца ў гэтыя навучальныя установы – прахадныя балы для паступлення ў іх дастаткова высокія, ды і вучыцца не вельмі лёгка. Затое можна атрымаць элітную адукацыю, якая высока цэніцца не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. У мінулым годзе ў названыя навучальныя ўстановы паступілі і выпускнікі з нашага раёна – і гэта дае надзею, што яны вернуцца на радзіму. Сёлета мы таксама прапаноўваем усім жадаючым мэтавыя накіраванні. Тым больш, што прафесіі правізара і фармацэўта перспектыўныя, а ў сувязі з развіццём нашага раёна без працы дакладна ніхто не застанецца. Таму, калі ёсць жаданне, будзем рады бачыць усіх, у каго адзнакі па профільных прадметах не ніжэй за шэсць балаў.


– Ці лічыце вы Дзень медыцынскіх работнікаў сваім прафесійным святам?


– Калі лічыць, што медык – гэта той чалавек, у якога баліць душа за іншых людзей, асноўная задача якога – клапаціцца пра фізічны і маральны стан людзей – то гэта і наш дзень. І хаця ва ўсіх афіцыйных дакументах мы значымся як фармацэўтычныя работнікі, але лічым гэты дзень сваім прафесійным святам. І таму напярэдадні яго хацелася б пажадаць усім калегам удачы і цярпення ў працы, умення выслухаць і зразумець чалавека, адказна ставіцца да справы і не здавацца, нягледзячы ні на што, несці імя сваёй прафесіі з гонарам і годнасцю.


– Поспехаў вам у працы. І са святам вас і вашых калег!


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.