Маміны нататкі

Ніколі не думала, што быць мамай так цяжка!

Гэта нават не фізічная стома ад таго, што табе трэба ўсё паспяваць з маленькім перашкаджальнікам каля ног, і не стома ад начных недасыпаў. А маральная…

Вось ужо два гады я не належу сабе. Два гады назад у мяне з’явілася мая маленькая дачушка Поля. З тых часоў я забыла, што гэта такое – рабіць тое, што ты хочаш рабіць.

Я не магу ў выхадныя спаць да дванаццаці, як калісьці.

Я не магу спакойна схадзіць у магазін, таму што ісці туды з дзіцём – сабе даражэй.

Я развучылася есці павольна. Тут два варыянты: ці маленькія Поліны ручкі лезуць у маю талерку, ці (калі ўдалося “заціхарыцца”) менавіта ў гэты момант здараецца які-небудзь слёзны прыступ, да прыкладу, з прычыны страчанага зайца, якога трэба тэрмінова знайсці.

Я не магу прыняць душ без удзячнага гледача.

Я не магу легчы і спакойна паляжаць – чамусьці гэта больш за ўсё раздражняе Полю. У такія моманты яна на мове жэстаў хутка растлумачыць, што зараз у нас у планах – не ляжаць, а сінім фламастарам маляваць “кіс-кіса”. Гэта ў лепшым выпадку… У горшым – паказваць, як скача жабка…

Я не магу сустрэцца з сябрамі, паглядзець кіно, пачытаць кнігу, схадзіць на спектакль… І гэты спіс “не магу” можна працягваць бясконца.

…Пройдзе некалькі гадоў – і я зноў буду належаць сабе. Пройдзе пара дзясяткаў гадоў – і Поля не будзе мець ува мне патрэбы…

Я такая шчаслівая, што сёння я “не магу”, што сёння я – патрэбная!