Мальская скарбніца ведаў
Пачатак новай школы ў Малях быў пакладзены тады, калі ў вёсцы пабудавалі дзіцячы садок. Адбылося гэта ў 1991 годзе, тады ж у новы будынак перабраліся выхаванцы пачатковай школы – і садок перарос у дзіцячы сад – пачатковую школу. А ўжо ў 1996 года ўстанова была рэарганізавана ў базавую школу – дзіцячы сад.
Сёння, як расказаў дырэктар школы Павел Уладзіслававіч Рынкевіч, тут вучыцца 61 школьнік, яшчэ 30 малышоў наведваюць дзіцячы сад. Дзеці вельмі розныя, але ўсіх іх аб’ядноўваюць актыўнасць, мэтанакіраванасць і сяброўства.
– Дзеці ў нас таленавітыя і старанныя. Хаця і без праблем не абыходзіцца – ёсць тыя, чые сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Вядома, дзеці не павінны адказваць за ўчынкі бацькоў, таму іх мамаў і татаў стараемся паставіць на шлях выпраўлення. Складана, але імкнемся знайсці агульную мову.
А з дзецьмі займаюцца настаўнікі і выхавацелі. Іх разам з дырэктарам у школе сямнаццаць. Калектыў малады, але галоўнае – усім ім хочацца і пабадаецца працаваць у школе. Пра гэта сведчыць і добраўпарадкаванасць тэрыторыі школы, утульнасць і чысціня ў кабінетах, удзел у шматлікіх конкурсах і перамогі ў іх.
Толькі ў гэтым годзе вучні і настаўнікі школы прынялі ўдзел больш чым у сарака конкурсах, акцыях і спаборніцтвах. У 23 з іх яны атрымалі ўзнагароды пераможцаў і прызёраў. Першыя месцы заняла работа цімураўскага атрада і відэаролік па здароваму ладу жыцця, праект “Крыніцы Гродзеншчыны”, гульня “Пароль – акцябронак”, сацыяльны праект “Беларусь супраць тытуню”, перамогу атрымалі мальскія школьнікі ў “Палітры бяспекі”, акцыі “Дзень зямлі”, конкурсе юных інспектараў дарожнага руху. А праект Яны Казырскай, кіраўніком якога з’яўлялася Марына Валянцінаўна Урбановіч, быў высока ацэнены абласным журы і таксама заваяваў першае месца.
Па паказчыках за год Мальская школа стала лепшай сярод базавых школ раёна і заняла чацвёртае месца сярод усіх раённых адукацыйных устаноў.
У 2008 годзе ў школе, дзякуючы падтрымцы райвыканкама, быў праведзены капітальны рамонт – будынак абнавіўся амаль поўнасцю, кабінеты сталі прыгожымі і ўтульнымі. І ўжо тры гады адміністрацыі, педагогам і вучням удаецца захоўваць яго ў належным стане – летам даводзіцца толькі фарбаваць падлогу ў класах. Дапамогу школе аказалі і бацькі дзяцей, што вучацца ў ёй, – дзякуючы іх падтрымцы ўдалося набыць новыя стэнды ў кабінеты.
Калектыў школы таксама не застаўся без работы – настаўнікі і тэхперсанал заняліся добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі. І цяпер дзецям ёсць дзе правесці вольны час, а дарослым прыемна глядзець на прыгажосць, створаную іх рукамі.
Таму адзінае, што застаецца вучням і настаўнікам – працаваць. Умовы для паспяховай вучобы і творчасці ў Малях створаны.
Ад прафесіі да прызвання
Алена Канстанцінаўна Касцюк, у адрозненні ад сваіх калег-педагогаў, ніколі не думала, што стане настаўніцай. Але дзяўчыне падабалася геаграфія і біялогія. Падабаўся ёй і настаўнік, які выкладаў гэтыя прадметы ў яе роднай школе. Настаўнікамі працавалі яе цётка і стрыечны брат, таму пра гэтую прафесію яна чула не раз. Але сама пра прафесію настаўніка не задумвалася ніколі.
І калі брат, які пасля заканчэння педінстытута жыў у Мінску, прапанаваў ёй паступаць у гэты ж педінстытут, яна доўга не разважала. Падала дакументы ў педінстытут імя Максіма Горкага і паступіла. А пасля яго заканчэння вярнулася на радзіму, у Навагрудскі раён.
І толькі праз некалькі гадоў лёс закінуў яе на Астравеччыну, дзе жыла сястра з сям’ёй.
– Нягледзячы на тое, што я ніколі ў дзяцінстве не марыла стаць настаўніцай, я задаволена, што менавіта так склаўся мой лёс. Для мяне – найвялікшае шчасце ісці кожны дзень у школу, сустракацца з дзецьмі, вучыць іх, расказваць нешта новае. Ды і як можна падмануць чаканні дзяцей, калі яны ловяць кожнае тваё слова?
У школе Алена Канстанцінаўна выкладае аж тры прадметы, любімыя ёю з дзяцінства, – геаграфію, біялогію і хімію. Прадметы, якія звычайна дзеці лічаць неабавязковымі для вывучэння. Але ў Алены Канстанцінаўны атрымліваецца зацікавіць іх, і праз пару ўрокаў ужо самі дзеці захоплена расказваюць пра нейкую падзею, што адбылася ў свеце, адшукваюць краіну на карце, вывучаюць яе асаблівасці, разглядваюць пад мікраскопам расліны, ставяць доследы – і потым іх ад гэтага занятку не адцягнуць.
Але не толькі прадметамі, якія яна выкладае ў школе, захоплена настаўніца. Пасля ўрокаў Алена Канстанцінаўна праводзіць час са сваімі гурткоўцамі з экалагічнага гуртка “Ручаёк”. Створаны ён быў яшчэ ў 2002 годзе – спачатку вакол гуртка аб’ядналіся ўсяго пяць дзяўчынак. Яны ўжо закончылі школу, але пачатая імі справа жыве і цяпер. З задавальненнем вучні і іх настаўніца займаюцца экалагічнай дзейнасцю, адпраўляюць свае праекты на конкурсы – і перамагаюць. І як вялікія рэкі пачынаюцца з маленькіх ручайкоў, так і вялікія справы пачынаюцца з маленькіх, а потым сілкуюць сабой усё і ўсіх, хто знаходзіцца побач.
Лідар па жыцці
Па натуры Марына заўсёды была лідарам. Зрэшты, – чаму была? Яна такой і засталася. Але гэтую рысу дзяўчыны яшчэ ў дзяцінстве заўважыла яе класны кіраўнік Марыя Паўлаўна Леановіч і пастаралася падштурхнуць вучаніцу да прафесіі настаўніка. А Марына не вельмі супраціўлялася.
Дзяўчыне падабалася і прафесія настаўніка, і той прадмет, які выкладала ў іх класны кіраўнік. І таму Марына вырашыла паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на матэматычны факультэт. Пасля заканчэння ўніверсітэта былі ў яе жыцці розныя школы – Гіры, Алясіна, Градаўшчызна…
Цяпер Марына Валянцінаўна Урбановіч спынілася ў Малях і выкладае тут матэматыку – дакладную, канкрэтную навуку. Але гэта не перашкаджае ёй арганізоўваць у школе яшчэ і выхаваўчую работу, бо прафесію настаўніка яна сумяшчае з пасадай педагога-арганізатара.
Хто працаваў ці працуе ў школе, той ведае, што педагог-арганізатар – чалавек, без якога жыццё ў школе будзе нецікавым: ён арганізуе мерапрыемствы, удзельнічае ў конкурсах – словам, выхоўвае дзяцей.
– Дзяцей у нас не шмат, але паказчыкі – ёсць, калектыў – творчы, і было б цяжка сабе дараваць, калі б не прынялі ўдзел у якім-небудзь конкурсе ці спаборніцтве. Таму ўдзельнічаем ва ўсім, што нам прапануе аддзел адукацыі. Да таго ж праводзім і свае, школьныя мерапрыемствы.
А вольны час Марына Валянцінаўна любіць праводзіць дома – з кветкамі, якіх у яе вельмі шмат, з кнігамі, без якіх яна, як і любы настаўнік, не ўяўляе свайго жыцця, і любімымі сынамі. Хаця цяпер, калі дзеці павырасталі, яе вечары ўсё больш і больш прысвечаны школе і вучням, якія кожную раніцу сустракаюць яе на парозе любімай школы…
Выпускніца Яна
Дзевяцікласніца Яна Казырская – добрая і спагадлівая дзяўчына, якая ў любую хвіліну гатова прыйсці на дапамогу. Сёлета Яна святкавала два выпускныя. Па-першае, яна закончыла дзявяты клас, а па-другое, атрымала пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы па класе цымбалаў.
І калі ў звычайную школу яна пайшла таму, што так было трэба, то з музычнай звязана некалькі ўспамінаў. Да гэтага часу Яна помніць, як у клас прыйшла Вольга Пятроўна Кумішча і пачала расказваць пра школу мастацтваў – Яна “загарэлася” з першай хвіліны. І амаль адразу ж паехала “запісвацца”. Гады праляцелі незаўважна – і ў маі бягучага года ў яе руках ужо быў дакумент аб атрыманні музычнай адукацыі. Праз некалькі дзён пасля паспяховай здачы школьных выпускных экзаменаў яна атрымала і другі – аб заканчэнні базавай школы. І як многія яе аднакласнікі апынулася перад выбарам – што рабіць далей?
Яна заўсёды была адной з самых актыўных удзельніц школьных мерапрыемстваў, а сцэна ўвогуле яе стыхія – і таму зусім не дзіўна, што паступаць дзяўчына збіраецца ў музычнае вучылішча. І, калі пашанцуе, то праз некалькі гадоў у Астравецкую школу мастацтваў прыйдзе яшчэ адна таленавітая настаўніца, якая будзе вучыць дзетак цудоўнаму свету музыкі. Гэтага і пажадаем – ёй і нам.
Спартсменка Дзіяна
А вось сямікласніца Дзіяна Лушчыцкая захапляецца спортам і не ўяўляе свайго жыцця без футбола. Чаму менавіта футбола? Усё вельмі проста. У класе, дзе вучыцца Дзіяна, большасць хлопцаў, таму дзяўчаты з задавальненнем уваходзяць у хлапчуковую каманду і гуляюць разам з імі ва ўсе спартыўныя гульні – футбол, піянербол, валейбол для мальскіх школьніц не праблема.
У першы клас Дзіяна прыйшла пасля дзіцячага садка, які размяшчаецца ў адным будынку са школай, таму з першых дзён адчула сябе тут сваёй і без асаблівых цяжкасцей узялася за вучобу. Клас, у якім вучылася Дзіяна, увесь час змяняўся: хтосьці пераязджаў, іншыя – пераходзілі ў гарадскія школы, нехта – вяртаўся з іх. Але дзеці заўсёды добра ставіліся адзін да другога – тут не было сварак і боек.
– Цяпер наш сёмы клас – адзін з самых дружных у школе – і ўсё дзякуючы нашаму класнаму кіраўніку Вользе Рамуальдаўне Нікалайкавай, – расказвае Дзіяна. – За гэты год мы шмат дзе пабывалі, падарожнічалі, удзельнічалі ў конкурсах і мерапрыемствах.
Дзіяна свой вольны час прысвячае не толькі спорту – яна вельмі любіць танцаваць. І робіць гэта заўсёды. На працягу некалькіх гадоў Дзіяна ўваходзіць у склад танцавальнай групы “Грацыя” – дзеці выступаюць на ўсіх школьных канцэртах і на раённых конкурсах-аглядах. А яшчэ яна спрабуе сама ставіць танцы – але гэта пакуль сакрэт, пра які яна нікому яшчэ не расказвала. Толькі нам…
Любіць яна і маляваць – і атрымліваецца ў дзяўчынкі добра. А яшчэ Дзіяна не ўяўляе свайго жыцця без хатніх любімцаў – ката, двух сабак, Біма і Пушунькі, і хамячка Тошкі. Таму і марыць Дзіяна пасля заканчэння школы стаць ветэрынарам. Трэба думаць – танцуючым.
Першакласніца Маша
Маша Дзярачыц, якая сёлета закончыла першы клас, спадзяецца на тое, што будзе выдатніцай – і пасля заканчэння школы атрымае атэстат, у якім будуць толькі “дзявяткі” і “дзясяткі”.
Адзнак першакласнікам пакуль што не ставяць, але вучыцца яна з жаданнем. Яшчэ да паступлення ў школу Маша ведала ўсе літары, умела лічыць і нават спрабавала чытаць.
За першы клас ведаў, канешне, прыбавілася. Цяпер у Машы нават ёсць любімы прадмет – руская мова, і дзяўчынка з задавальненнем займаецца яе вывучэннем. Любіць Маша і маляванне.
– У Астраўцы ёсць школа мастацтваў – там дзяцей вучаць не толькі іграць на розных інструментах і спяваць, але і танцаваць, і прыгожа маляваць, – з захапленнем расказвае Маша. – Пакуль што я маленькая і даехаць да Астраўца адна не магу, а калі падрасту трошкі, то мама запіша мяне – і я абавязкова стану мастачкай, і буду пісаць карціны пра нашу вёску, школу і людзей.
На канікулах увесь вольны час дзяўчынка праводзіць з сябрамі – яны падарожнічаюць, малююць, гуляюць у любімыя гульні.
“Сонейка” для “сонейкаў”
Як толькі пачынаецца лета, у прышкольны летнік злятаецца дзетвара – на працягу апошніх гадоў кожны раз у Малях адкрываецца прышкольная пляцоўка.
Сёлета тут адпачывалі дваццаць школьнікаў рознага ўзросту. Час рабяты праводзілі весела. Кожны дзень іх чакала нешта новае: сёння – паход, заўтра – спаборніцтвы, паслязаўтра – канцэрт, сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі ці аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Час у летніку быў распланаваны тэматычна па тыднях. Першы прысвячаўся году лесу, другі – здароваму ладу жыцця, трэці – 70-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але гэта не азначае, што дзеці ўдзельнічалі толькі ў тэматычных мерапрыемствах. Выязджалі рабяты і на Янаўскае вадасховішча, на экскурсіі на Нарач і на Лінію Сталіна. Добра і весела праводзілі час!
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.