Лучший способ сделать детей хорошими - это сделать их счастливыми
Пасля публікацыі “Адзін дзень з жыцця прытулку” (№17 ад 2 сакавіка 2013 г.) на сайце газеты з’явіўся каментарый чытачкі пад нікам “Шчаслівая”. Жанчына прапаноўвала сваю дапамогу дзецям, якія часова засталіся без нагляду бацькоў і былі змешчаныя ў дзіцячы сацыяльны прытулак.У апошні час можна пачуць ад людзей усіх узростаў аб жорсткасці і эгаізме, якія пануюць у сучасным грамадстве. Насамрэч, сацыялагічныя даследаванні сведчаць пра значнае дзяленне грамадства на слаі і пра ўзрастаючую колькасць адзінокіх людзей, асабліва ў вялікіх гарадах.
Але дабрачыннасць не знікла з нашага жыцця. Вялікая колькасць людзей адгукнулася на заклік раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын для дапамогі сем’ям, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Многія ахвяравалі пасільныя для іх сумы – часта даволі значныя – на набыццё дарагога імпартнага слыхавога апарата для Максіма Савельева. На сродкі, сабраныя падчас спектакля “Калядны вечар”, былі набыты падарункі для пажылых людзей, якія знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду Міхалішкаўскай бальніцы. Людзі, якія дапамагаюць іншым, часта не афішыруюць гэтага і не спрабуюць прыцягнуць увагу да ўласнай асобы, наадварот, намагаюцца застацца ў цені.
Некалькі разоў на год многія з прадпрымальнікаў аказваюць матэрыяльную дапамогу дзіцячаму прытулку. Рэчы першай неабходнасці, канцылярскія тавары паступаюць ад прадпрыемстваў і арганізацый раёна ў пачатку навучальнага года. Звычайныя людзі прыносяць у прытулак адзенне, абутак, кнігі… І такіх неабыякавых людзей – не адзінкі, а дзясяткі. Спонсарскую дапамогу аказваюць не самыя забяспечаныя людзі, а людзі з сярэднім дастаткам.
Супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра расказвалі пра выпадак, калі ў прытулак завітала жанчына з маленькай вёскі нашага раёна. Хударлявая, з вялікімі вачыма, сціпла апранутая, яна прыехала ў Варняны на аўтобусе з поўнай прысмакаў сумкай. Для таго, каб парадаваць абяздоленых дзетак, жанчына працавала цэлае лета – збірала і здавала нарыхтоўшчыкам ягады – і ўсе заробленыя грошы ахвяравала дзецям.
Вядома, што ніякія матэрыяльныя даброты не заменяць бацькоўскай увагі і любові, але адчуванне, што ты камусьці патрэбны ў гэтым свеце, саграе не адну маленькую дзіцячую душу ў халодныя дні.
Са сродкаў бюджэту раённага аддзела адукацыі было выдзелена 18 мільёнаў беларускіх рублёў, за якія адміністрацыя прытулку набыла мыючыя сродкі і сродкі для асабістай гігіены, новыя камплекты пасцельнай бялізны, падушкі, коўдры.
Са слоў загадчыцы прытулку Таццяны Уладзіміраўны Сасноўскай, для псіхічнага і фізічнага развіцця, развіцця ўяўлення дзяцей аб навакольным свеце не хапае дыдактычнага матэрыялу (тэматычныя карцінкі, карцінкі на лагічнае мысленне і г.д.), развіваючых гульняў і цацак (“Апранем ляльку”, “Кухня”, “Цырульнік” і інш.). Дзеці школьнага ўзросту забяспечаны абсталяваннем для выканання хатніх заданняў, а для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту адсутнічае патрэбная мэбля.
Алена Іванаўна Змітровіч, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра, марыць, што ў прытулку нарэшце з’явяцца душавыя кабінкі, каб чарга, якая ўтвараецца ў “лазневы” дзень, знікла. А самі дзеці хацелі б наведаць басейн, таму што амаль усе з іх, бачылі чыстую блакітную ваду толькі на фотаздымках ды па тэлевізары.
Колькасць неабыякавых людзей, якія працягваюць руку дапамогі сваім землякам у складаны перыяд жыцця, пацвярджае старую ісціну – свет не без добрых людзей.
Оскар Уайльд казаў, што самы лепшы спосаб зрабіць дзяцей добрымі – гэта зрабіць іх шчаслівымі.
Калі вы жадаеце дапамагчы дзецям з сацыяльнага прытулку і падарыць ім шчаслівыя хвіліны, прыносьце свае ахвяраванні ў рэдакцыю “Астравецкай праўды”.
----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.