Лучшие кабинеты иностранного языка получат значимые подарки

У апошні час вывучэнню замежнай мовы надаецца вялікае значэнне – прадмет вывучаецца з пачатковых класаў, клас дзеліцца на падгрупы. А з бягучага года выпускнікі сярэдніх школ будуць здаваць абавязковы экзамен па замежнай мове. Таму раённы аддзел адукацыі вырашыў правесці конкурс і вызначыць лепшы прадметны кабінет замежнай мовы.


Удзел у конкурсе прынялі 15 кабінетаў з 12 школ раёна. Спачатку быў арганізаваны завочны этап, на які настаўнікі дасылалі інфармацыю ў выглядзе прэзентацый, фотаздымкаў і калажоў пра свае кабінеты.
Журы конкурсу выбрала з удзельнікаў завочнага этапу 9 кабінетаў. У фінал трапілі 4 кабінеты замежнай мовы гімназіі №1, кабінеты Міхалішкаўскай, Гервяцкай, Гудагайскай школ, Варнянскага НПК і СШ №1 Астраўца, якія і сталі прэтэндэнтамі на перамогу.
Адразу адзначу: змагацца было за што! Узнагароды за перамогу былі значнымі і каштоўнымі.
Пасля агляд кабінетаў праходзіў у вочнай форме і ў адпаведнасці з крытэрыямі, прадугледжанымі палажэннем – улічвалася наяўнасць планаў работы, тэхнічных сродкаў навучання, наглядных дапаможнікаў, раздатачнага матэрыялу, увага была ўдзелена і эстэтычнаму афармленню кабінетаў, азеляненню і стану мэблі. Члены журы наведалі ўсе школы, якія выйшлі ў фінал, размаўлялі з перагогамі і вучнямі, прагледзелі матэрыялы, сабраныя ў кабінетах – і вынеслі свой вердыкт.
У выніку лепшым быў прызнаны кабінет замежнай мовы №27 гімназіі №1 Астраўца (загадчыца – Т.З. Вайшнаровіч).
Другое месца ў раённым конкурсе занялі два кабінеты замежнай мовы – і таксама гімназіі №1. Іх загадчыцы – А.Ч. Севасцьян, Г.В. Собалева, Н.Н. Ляшчэўская і Н.Р. Свіла.
Трэцяе месца падзялілі кабінеты Міхалішкаўскай школы (Е.Я. Родзь) і Варнянскага НПК (В.І. Сянюць). Граматай за ўдзел у раённым конкурсе адзначаны кабінет замежнай мовы Гервяцкай СШ (Н.Л. Апалонік).
Усе загадчыцы кабінетаў узнагароджаны дыпломамі і будуць прэміраваны за перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе. А Таццяне Зыгмундаўне Вайшнаровіч давядзецца яшчэ раз пазмагацца за перамогу – цяпер яна будзе ўдзельнічаць у абласным конкурсе.
Але гэта далёка не ўсе ўзнагароды. Наперадзе загадчыкаў кабінетаў, якія перамаглі ў конкурсе, а таксама вучняў, якія вучацца ў пералічаных школах, чакаюць сюрпрызы – усе яны атрымаюць значныя падарункі: для кабінета №27 гімназіі №1 у хуткім часе будзе набыта новая мэбля, у кабінетах №18 і №13 гімназіі №1, Міхалішкаўскай школы і Варнянскага НПК з’явіцца новае лінгафоннае абсталяванне, а для кабінета Гервяцкай школы падарункам стане ноўтбук.