Лучшей профилактикой туберкулёза остаётся здоровый образ жизни

круглыйстолпо-тебуокулезуНа жаль, на працягу некалькіх гадоў у Астравецкім раёне захоўваецца дастаткова высокая эпідэміялагічная сітуацыя па захворваемасці адным з найбольш небяспечных заразных інфекцыйных захворванняў – туберкулёзам. У мінулым годзе было выяўлена 13 хворых туберкулёзам, у 2014 годзе – 17.

Вядома, што інфіцыраванне туберкулёзам адбываецца ў асноўным аэрагенным спосабам. Кроплі макроты, якія выдзяляе хворы на туберкулёз, утвараюцца пры размове, кашлі, чханні. Нават адзін захварэўшы можа ў дзень заразіць да 20 чалавек. Атрымаць небяспечную палачку Коха можна праз прадметы карыстання хворага, пры ўжыванні ў ежу мясных і малочных прадуктаў ад заражанай жывёлы. Бактэрыі хваробы ўстойлівыя да холаду, цяпла, вільгаці і святла – у вулічным пыле, на старонках кніг яны захоўваюць сваю жыццядзейнасць на працягу трох месяцаў.
Развіццю захворвання дапамагаюць і так званыя “фактары рызыкі”, якія паслабляюць імунную ахову арганізма: злоўжыванне алкаголем, курэнне, ужыванне наркотыкаў, хранічныя захворванні органаў дыхання, язва, цукровы дыябет. Асноўнымі ахвярамі туберкулёзу, як правіла, становяцца людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, не маюць пастаяннага месца прапіскі, мігранты, асобы, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Нельга недаацэньваць туберкулёз – гэта вельмі каварнае захворванне. Яно доўгі час можа праходзіць непрыкметна ці пад маскай іншых хвароб. А затым з’яўляюцца кашаль з выдзяленнем макроты ці без яе, павышаная тэмпература цела на працягу больш чым 10 дзён, задышка, болі ў грудной клетцы, адсутнасць апетыту, пахудзенне, слабасць, патлівасць, павышаная стамляемасць, паніжэнне працаздольнасці.
Адсутнасць спецыфічных скаргаў пры туберкулёзе, узнікненне іх на позніх стадыях хваробы прыводзіць да неабходнасці правядзення масавых прафілактычных флюараграфічных абследаванняў для своечасовай дыягностыкі захворвання. Да слова, флюараграфія з’яўляецца метадам выяўлення не толькі туберкулёзу, але і шэрагу іншых сур’ёзных захворванняў.
Даўно вядома, што найлепшы сродак папярэджання хваробы – гэта яе прафілактыка. Дзяржава і медыкі прыкладаюць нямала намаганняў для прафілактыкі, выяўлення і лячэння хворых. Для дзяцей перш за ўсё прымяняецца вакцынацыя ад туберкулёзу. У вобласці ёсць шэраг стацыянараў для лячэння палачкі Коха. Лекавыя прэпараты на ўсіх этапах лячэння, не толькі ў стацыянары, але і ў амбулаторных умовах, выдаюцца хвораму бясплатна.
Аднак нельга ўскладваць барацьбу з туберкулёзам толькі на медыкаў і дзяржаўныя структуры. Кожны дарослы чалавек нясе асабістую адказнасць за сваё здароўе, а найлепшым сродкам прафілактыкі хваробы быў і застаецца здаровы лад жыцця, пазбаўленне ад шкодных звычак, рацыянальнае харчаванне, разумнае чаргаванне працы і адпачынку, увага да свайго здароўя. Разам перамагчы хваробу можна – варта толькі пастарацца.

--------------------------------------------------------
Вячаслаў Пятровіч, раённы фтызіятр.