Лидером районной организации "Белорусское товарищество инвалидов по зрению" переизбрана Юзефа Одынец

Юзэфа Антонаўна Адынец перавыбрана на пасаду старшыні Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” – такое рашэнне прынята на справаздачна-выбарчым сходзе  гэтай арганізацыі.


Юзэфа Антонаўна не першы год узначальвае раённую арганізацыю “БелТІЗ” – і за гэты час зарэкамендавала сябе як добрасумленны, актыўны і нераўнадушны да праблем сваіх калег чалавек. Аб гэтым сведчаць шматлікія граматы і падзякі ад мясцовага і абласнога кіраўніцтва, а таксама павага і падтрымка таварышаў.

Члены раённай арганізацыі “БелТІЗ” стараюцца весці актыўнае і насычанае рознымі падзеямі жыццё і бачыць незвычайнае ў паўсядзённым. Разам з ветэранамі працы яны збіраюцца ў раённай бібліятэцы, дзе цікава праводзяць час: спяваюць песні, чытаюць вершы, успамінаюць неардынарныя выпадкі з жыцця. Там жа адбываюцца і тэматычныя сустрэчы.

Члены таварыства лёгкія на пад’ём і ахвотна выпраўляюцца ў падарожжы: сядзіба Богуша-Шышкі, касцёлы ў Быстрыцы і Гервятах, сядзіба Агінскага ў Залессі, Курган Славы ў Смаргоні, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Мірскі замак, Жыровічы – гэта далёка не ўвесь пералік наведаных імі мясцін.

Славяцца члены “БелТІЗа” і сваім рукадзеллем: іх работы радуюць вока наведвальнікаў на розных выставах, а вышываныя карціны Святланы Іванаўны Мешкіс добра ведаюць за межамі раёна – яны неаднойчы займалі дастойныя месцы ў шматлікіх конкурсах.


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.