Лепшыя тэатральныя калектывы школ Астравецкага раёна прадэманстравалі сваё майстэрства
У Астраўцы прайшоў агляд-конкурс школьных тэатральных калектываў, арганізатарам якога выступіў цэнтр пазашкольнай работы. У канцы красавіка кінаканцэртная зала “Астравец” гасцінна адчыніла дзверы перад гледачамі і юнымі акцёрамі, якія прыехалі на раённы этап абласнога агляду-конкурсу тэатральных пастановак, каб даказаць, што менавіта яны з’яўляюцца лепшымі ў раёне.
Папярэдне дзеці ўдзельнічалі ў адборачным этапе – і ў фінал выйшлі чатыры калектывы. На конкурс з’явіліся толькі тры з іх – тэатральныя калектывы Варонскай базавай школы “Жывіца”, Гервяцкай СШ “Эцюд” і тэатр Спондаўскай школы “Непаседы”.
“Журыць” намінантаў былі запрошаны дырэктар раённага Дома культуры Святлана Куцько, загадчык раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Турубарава, метадыст цэнтра пазашкольнай работы Вераніка Малышка, дырэктар ЦВР Наталля Сянюць і я, Алена Ярашэвіч.
Скажу шчыра: адна справа – сядзець у зале і атрымліваць асалоду ад убачанага і пачутага, і зусім іншая – пры гэтым яшчэ і выстаўляць адзнакі. Таму менавіта журы выпала самая нялёгкая доля – сярод лепшых выбраць найлепшы школьны тэатральны калектыў.
Часта на конкурсах існуе меркаванне: як пройдзе першае выступленне, такой будзе і канцоўка. Астравецкім гледачам-школьнікам у гэтым сэнсе пашанцавала. Амаль дзве гадзіны цяжка было адарваць свой погляд і думкі ад сцэны і маладых акцёраў. Адзіны мінус: гледачамі былі малодшыя школьнікі, пад канец выступлення яны стаміліся і крыху страцілі ўвагу да дзейства. Той жа, хто даглядзеў да канца, ніколькі не пашкадаваў, што трапіў на прадстаўленне.
Першымі на сцэну падняліся юныя акцёры з Вароны з пастаноўкай фарса-вадэвіля Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. Дарэчы, у рэпертуары школьнікаў ужо ёсць пастаноўкі “Ідыліі” В.Дуніна-Марцінкевіча і “Паўлінкі” Янкі Купалы. Хаця, тэатральны калектыў малады – існуе трэці год, і ўдзельнікі яго – вучні 8-9 класаў.
Іграць камедыю заўсёды складана, тым больш – класіку. Але з самага пачатку рабяты задалі тон – і апускацца не захацелі. І хаця многія эпізоды былі сыграны вельмі добра і праўдзіва, былі і такія героі, якім верыць не хацелася. Тым не менш, калі меркаваць па гарачых апладысментах, смела можна сказаць, што гледачам у зале пастаноўка прыйшлася даспадобы.
Затым на сцэну падняліся акцёры з калектыву “Эцюд” Гервяцкай школы. Яны прапанавалі гледачам інтэрпрэтацыю “Мой Андэрсен” па казках “Русалачка”, “Свінапас” і “Гісторыя адной маці”.
Пакуль на сцэне расстаўляліся дэкарацыі і дзяўчаткі рыхтаваліся да выступлення, мне давялося стаць сведкай размовы дзвюх школьніц:
– Глядзі, Русалачкі! Як сапраўдныя! Толькі Русалачкі павінны быць з хвастамі, – з захапленнем гаварыла адна.
– З хвастамі тыя, што ў вадзе плаваюць, а гэтыя па зямлі ходзяць. Навошта ім хвасты? – сур’ёзна парыравала другая.
Відаць, яшчэ да пачатку выступлення школьнікі паверылі ў казку, што павінна была разгарнуцца на сцэне праз некалькі хвілін.
Створаны калектыў толькі ў мінулым годзе, але вытрымаў своеасаблівы экзамен на “выдатна”.
Асаблівасцю Гервяцкага калектыву з’яўляецца і тое, што наведваюць яго і дзяўчаты-старшакласніцы, і малодшыя школьніцы. Дэкарацыі, касцюмы, інтанацыя, драматызм і глыбокі псіхалагізм… Асабліва выдзялялася галоўная гераіня, якая выконвала ролю Русалачкі, а потым і Маці, – з абедзвюма ролямі цудоўна справілася Марыя Бушчык.
Падчас трэцяй часткі іх спектакля “Гісторыя адной маці”, калі па скуры беглі дрыжыкі, а на вочы наварочваліся слёзы, падумалася: “Паглядзелі б на гэта дзейства матулі, якія забыліся пра сваіх дзяцей – можа, тады адумаліся б.” Што і казаць, Марыя вельмі таленавіта перадала пачуцці жанчыны, якая гатова аддаць і зрабіць усё, каб адшукаць сваё дзіця.
А потым на сцэну падняліся самыя маленькія – школьнікі з тэатра “Непаседы” Спондаўскай школы. Яны прадставілі ўвазе гледачоў п’есу-казку Міколы Захаранкі “Разумная дачка”. Ім было найбольш складана. Па-першае, самыя маленькія, па-другое, выступаць апошнімі заўсёды цяжка, па-трэцяе, наш распешчаны глядач вырашыў, што яму ўжо пара дамоў. Але школьнікі са Спондаў, нягледзячы на перашкоды, годна справіліся з такім выпрабаваннем і добра праявілі сябе . А як жа інакш: сапраўдны артыст, як гаварыў Оскар Уайльд, ніколі не заўважае публікі. Бабуля, унучка, зайчык, лісічка, воўк, мядзведзь, паляўнічы і казачніца спадабаліся ўсім!
А пакуль члены журы падлічвалі балы, публіку забаўляў вядучы конкурсу і спецыяліст цэнтра пазашкольнай работы Павел Букель.
Па выніках падлікаў, ІІІ месца падзялілі паміж сабой юныя артысты з Вароны і Спондаў, другое – занялі дзяўчаты з Гервят. Строгае, але справядлівае журы вырашыла першае месца не прысуджаць – як стымул для таго, што артыстам нельга спыняцца на дасягнутым, а трэба пастаянна ўдасканальвацца і расці.
Пасля ўзнагароджання майстар-клас па пастаноўцы тэатральных твораў для кіраўнікоў школьных калектываў дала Вольга Турубарава.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і Андрэя ПАМЕЦЬКІ.