Легко ли заработать на чернике?
2
Ліпень – асаблівы месяц у жыхароў раёна, найперш вяскоўцаў. На гэты месяц яны стараюцца ўзяць адпачынак, па магчымасці вызваліцца ад іншых спраў. І не для таго, каб пазагараць на ўзбярэжжы ці паехаць у вандроўку. Ліпень – гарачая пара для тых, хто імкнецца падзарабіць на дарах лясоў. Не лянуйся, збірай грыбы і ягады, прадавай нарыхтоўшчыкам – і можаш атрымаць неблагую капейку для папаўнення сямейнага бюджэту. Асаблівыя рупліўцы на чарніцах і лісічках зарабляюць за сезон да тысячы долараў.Але пазайздросціць гэтым грашам можа толькі той, хто ніколі не збіраў гэтыя буйныя кропелькі беларускага “чорнага золата”, густа ці не вельмі рассыпаныя па зялёным аксаміце ляснога дывана. Ягадка да ягадкі – жменька. Жменька да жменькі – у літровым вядзерцы толькі дно закрылася. А ў вядро вунь колькі іх трэба ўсыпаць! І нават калі вам пашчасціла знайсці свежае, некранутае “канкурэнтамі” месца – то ўсё роўна на лёгкі заробак разлічваць не даводзіцца: да вечара смыліць – не разгінаецца спіна, не адмыць чорныя рукі, а ў вачах, варта толькі змежыць вейкі, – чарніцы, чарніцы, чарніцы… А заўтра зноў раным-раненька – пад’ём, і ў лес… А хто сказаў, што будзе лёгка?
Некаторыя спрабуюць “павысіць прадукцыйнасць працы”: збіраюць чарніцы з дапамогай самаробных прыстасаванняў, так званых “камбайнаў”. Але іх выкарыстанне забаронена Правіламі збору другасных лясных рэсурсаў, бо пры такім зборы пашкоджваецца чарнічнік і яго карнявішча, расліна становіцца нежыццяздольнай. Чарнічных браканьераў, калі іх зловяць, чакае адміністрацыйная адказнасць – штраф да 20 базавых велічынь. Але нешта не чуваць было, каб некага злавілі… Таму і шчыруюць “камбайнеры”: ёсць прычына старацца: цана аднаго кілаграма чарніц (гэта прыкладна паўтара літра) вагаецца ад 20 000 да 28 000 рублёў. Назбіраў дзесяцілітровае вядро – паклаў у кішэню 150 тысяч. Многа гэта ці мала – кожны вырашае сам…
На зборы і нарыхтоўцы чарніц будуецца сапраўдны бізнес. Амаль у кожнай вёсцы дзейнічаюць пункты прыёму ягад. Мясцовыя жыхары прыватных нарыхтоўшчыкаў паважаюць больш, чым раённых каапе-ратараў: тыя плацяць менш і патрабуюць, каб ягады былі перабраныя – а гэта ж таксама час…Чарніцы – гэта той самы ласунак, у якім спалучаецца смачнае з карысным. Яны ўтрымліваюць вялікую колькасць вітамінаў і мікраэлементаў, неабходных арганізму чалавека. Яшчэ ў старажытныя часы чарніцы называлі “маладзільнай” ягадай. У народнай медыцыне выкарыстоўваюцца ягады і лісце чарніц, а прымяняюць іх у асноўным пры захворваннях вачэй, страўнікава-кішэчнага тракту, цукровым дыябеце. Хоць часцей за ўсё смачная і пажыўная беларуская ягада адпраўляецца на экспарт.
А што застаецца нам? Абадраны чарнічнік, чорныя рукі, балючая спіна – і некалькі соцень тысяч рублёў, заробленых непасільнай у прамым сэнсе гэтага слова працай…
-----------------------------
Кацярына Сяргей, фота аўтара.
