Лечимся по рецепту

На днях зайшла ў аптэку набыць для бабулі лякарства, якім яна карыстаецца ўжо даўно. І адказ работніка аптэкі, што яно адпускаецца толькі па рэцэпту, шчыра кажучы, засмуціў.

Зразумела, я ведала, што ў Беларусі зацверджаны  спіс лекавых прэпаратаў, якія можна купіць толькі па  рэцэпту, але часам  неабходныя лякарствы  можна было набыць і без рэцэпта. Што ж змянілася?

Што ж змянілася?

З 19 кастрычніка бягучага года ўступіла ў сілу Пастанова Міністэрства аховы здароўя №66, згодна з якой зменены правілы выпіскі рэцэптаў і выдачы па іх лекаў у аптэках. Новы дакумент выклікаў  у грамадзян шмат  пытанняў –  з імі мы паспрабуем разабрацца.  А дапамагчы ў гэтым папрасілі загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі №95 Васіля Васільевіча Будніка.

Што можна набыць без рэцэпта?

– У пералік лекавых прэпаратаў, якія можна набыць без рэцэпта, уваходзяць некаторыя лекавыя сродкі, неабходныя для аказання самадапамогі. Гэта найбольш выкарыстоўваемыя і запатрабаваныя ў насельніцтва лекі: некаторыя антыбіётыкі, сардэчныя прэпараты, сродкі, якія прымяняюцца для зніжэння крывянога ціску, пры галаўных болях, болях у суставах і многія іншыя.

– Канешне, спецыфічныя прэпараты павінны выдавацца па рэцэпту, –  упэўнены Васіль Васільевіч. –  Іншым часам людзі, якія не падтрымліваюць рэцэптурную выдачу лекаў, спасылаюцца на інтарэсы хворых, якім цяпер давядзецца кожны раз, як спатрэбіцца лякарства,  ісці ў бальніцу па рэцэпт. Аднак у выпадку надзвычайнай сітуацыі, калі ў вас не будзе рэцэпта на неабходныя лекі, супрацоўнікі аптэкі могуць парэкамендаваць аналаг вашага прэпарату, які адпускаецца без рэцэпта.



Патрэбен рэцэпт ці не?

–  Пастановай Міністэрства аховы здароўя №55 ад 05.06.2012 года  быў зацверджаны  пералік лекавых сродкаў, якія выдаюцца без рэцэпта ўрача. Сёння 60% лекавых прэпаратаў, якія ёсць у нашай аптэцы,  можна набыць без рэцэпта. Хаця ў тых жа краінах Еўрапейскага Саюза значна большы пералік  лекаў адпускаецца толькі па рэцэпту, –  расказвае Васіль Васільевіч.

Пералік лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта ўрача, размешчаны на стэндзе ў цэнтральнай раённай аптэцы. Акрамя таго, на сайце tabletka.by  можна не толькі даведацца аб наяўнасці неабходнага вам лекавага сродку ў раённай  аптэцы, але і аб тым, як яго можна набыць – па рэцэпту ці без яго.

Да таго ж, нішто не перашкаджае звярнуцца з пытаннем да супрацоўнікаў аптэкі па тэлефоне ці асабіста – упэўнены, што  вам дадуць адказ.

Для чаго гэта патрэбна?

– Справа ў тым, што цяпер нашы супрацоўнікі абавязаны забіраць рэцэпт у пакупніка. На працягу пэўнага тэрміну рэцэпт захоўваецца ў аптэцы, таму мы ў абавязковым парадку патрабуем яго  на тыя лекі, якія выдаюцца толькі пры яго наяўнасці, – тлумачыць Васіль Васільевіч.

Пастанова №66 накіравана на абмежаванне бескантрольнага самалячэння, якое шкодзіць здароўю. Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каля 3 мільёнаў чалавек штогод атрымліваюць ускладненні ад бескантрольнага прыёму лекавых сродкаў.

Выпіска рэцэптаў

– Для пацыентаў, якія маюць хранічныя захворванні, распрацаваны парадак выпіскі лекавых сродкаў на тэрмін лячэння да шасці месяцаў. Таму пацыентам няма патрэбы штомесяц бегчы ў бальніцу, –  каменціруе сітуацыю Васіль Васільевіч. – Мы праводзілі сумесныя нарады з работнікамі бальніцы, каб пазбегнуць непаразуменняў. І сёння ўсе спрэчныя пытанні вырашаны. Цяпер урач можа выпісаць шэсць асобных рэцэптаў з парадкавым нумарам – і кожны месяц пацыент мае права атрымаць лекі па адным з іх у аптэцы.

Рэцэпты патрэбны толькі на імпартныя прэпараты ці на айчынныя таксама?

– Рэцэпты патрэбны на ўсе прэпараты, якія не ўнесены ў пералік лекавых сродкаў, што адпускаюцца без рэцэпта ўрача. Гэтае патрабаванне распаўсюджваецца і на айчынныя, і на імпартныя прэпараты.

Важна помніць, што ўсе лекавыя прэпараты, зарэ-гістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь,  адпавядаюць патрабаванням бяспекі, эфектыўнасці і якасці. Адрозніваюцца яны толькі вытворцам і коштам.

Дарэчы, зараз у цэнтральнай раённай аптэцы праходзіць акцыя па продажы лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці: кліенты атрым-ліваюць зніжку ў 5 працэнтаў пры набыцці прэпаратаў на 250 тысяч рублёў.

Зніжку ў 5 працэнтаў пры прадстаўленні неабходнага дакумента незалежна ад сумы набытых прэпаратаў маюць права атрымаць цяжарныя жанчыны, дзеці да трох гадоў, шматдзетныя сем’і, інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 1, 2, 3 груп, дзеці-інваліды, грамадзяне, пацярпеўшыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС,   пенсіянеры. Нагадаю, што акцыя дзейнічае толькі на айчынныя прэпараты.

---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ,

Фота аўтара і А. МАЛЬШЭЎСКАГА.