Кто помогал собрать детей в школу и что ждёт юных островчан в новом учебном году
Заўтра 1 верасня. Гэты дзень не пазначаны чырвоным колерам у календары, аднак для дзяцей, іх бацькоў і педагогаў ён з'яўляецца святам. Святам ведаў, першага званка, сустрэчы з вучнямі, настаўнікамі, аднакласнікамі.Ззаду засталіся тры летнія месяцы, апошні з якіх, напэўна, для многіх сем'яў стаў найбольш складаным перыядам, калі на парадку дня стаяла адно з галоўных пытанняў: як сабраць дзяцей да школы?
На набыццё школьнай формы, абутку, партфеля, канцылярскіх тавараў і іншых дробязяў неабходна аддаць немалыя грошы: ад 300 да 500 рублёў. І гэта толькі на аднаго школьніка! А калі сям'я шматдзетная?
Пра тое, хто і як дапамагаў бацькам збіраць дзяцей у школу, а таксама пра што варта памятаць у першы школьны месяц, чытайце ў гэтым матэрыяле.
Дапамога ад...
...дзяржавы
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Данута Іосіфаўна Петрык, на кожнае дзіця школьнага ўзросту ў сям’і, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей, бацькі якіх (мама і тата) працуюць у бюджэтных арганізацыях аховы здароўя, культуры і сістэмы адукацыі, з’яўляюцца беспрацоўнымі ці працуюць у індывідуальнага прадпрымальніка, па праграме “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”, на падрыхтоўку да школы выдзяляецца 35 дэнамінаваных рублёў. Іх можна будзе атрымаць у школе. Такую дапамогу на 171 дзіця сёлета атрымаюць 80 сем’яў. Усяго на дапамогу будзе зрасходавана 6 000 недэнамінаваных рублёў.
...прадпрыемстваў
Дапамогу дзецям са шматдзетных сем’яў аказалі арганізацыі і прадпрыемствы, дзе працуюць іх мамы і таты.
У рамках акцыі “Збяром дзяцей да школы” штогод установы адукацыі адпраўляюць пісьмы-хадатайніцтвы аб матэрыяльнай дапамозе на імя кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, у якіх працуюць шматдзетныя бацькі. Так было і сёлета.
– Некаторыя прадпрыемствы ўжо адгукнуліся на нашу просьбу, – расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Вольга Анатольеўна Альфер. – Напрыклад, Беларусбанк выдзеліў на кожнае дзіця са шматдзетнай сям’і па 120 дэнамінаваных беларускіх рублёў, Астравецкі раён газазабеспячэння – па 42 рублі, СВК “Міхалішкі” – па 20 рублёў, СВК “Гервяты” – па 50, камбінат бытавога абслугоўвання – па 42, лясгас – 70, Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства – 21, кардонная фабрыка “Альхоўка” – 42 рублі на аднаго школьніка. Электрасеткі вырашылі выдзеліць на кожную шматдзетную сям’ю па 210 рублёў.
– У кожнай арганізацыі да пытання выплаты матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем’ям падыходзілі зыходзячы з фінансавага становішча прадпрыемства. Але я ўпэўнена, што і іншыя арганізацыі, у якіх працуюць шматдзетныя бацькі, у хуткім часе далучацца да акцыі і падтрымаюць сваіх работнікаў матэрыяльна.
...грамадскіх аб'яднанняў
Беларускі дзіцячы фонд штогод дапамагае асобным катэгорыям сем’яў падрыхтаваць дзяцей да школы. Сёлета арганізацыя набыла партфелі для дзесяці будучых першакласнікаў, якія выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях.
– 1 верасня на ўрачыстых лінейках дзесяць першакласнікаў атрымаюць падарункі ад нашай арганізацыі, – расказала старшыня раённай арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд” Вольга Анатольеўна Альфер. – На працягу года мы таксама будзем падтрымліваць дзяцей сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – пройдзе шмат цікавых мерапрыемстваў і акцый, далучыцца да якіх зможа любы жадаючы.
...нераўнадушных грамадзян
Штогод на працягу жніўня да акцыі “Збяром дзяцей да школы” далучаюцца і нераўнадушныя астраўчане: валанцёры Чырвонага Крыжа, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а сёлета да іх далучыліся і супрацоўнікі ясляў-сада №2, якія правялі збор сродкаў і рэчаў, неабходных для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-інвалідаў і выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра.
У адзін са жнівеньскіх дзён валанцёры ў гарадскім парку і каля магазінаў “Цэнтральны”, “Тысяча дробязяў” і “Мікс” заклікалі прахожых далучыцца да акцыі – і жадаючых дапамагчы было нямала.– За дзень мы сабралі 361 беларускі рубель і канцылярскіх тавараў на суму 270 рублёў 77 капеек, – расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Іосіфаўна Руднік. – Усе, да каго звярталіся валанцёры, адгукаліся на просьбу – і ахвяравалі грашовыя сродкі ці набывалі неабходны тавар у магазіне.
За добрыя справы кожны атрымаў падзяку і чырвонае сэрцайка як сімвал дабрыні і неабыякавасці.
Дарэчы, далучыцца да дабрачыннай акцыі можна і цяпер: да 16 верасня ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, якая размяшчаецца на другім паверсе раённай паліклінікі (к.14), арганізаваны збор адзення і абутку, якія будуць перададзены сем’ям, што маюць патрэбу ў такіх рэчах.
Далучайцеся да акцыі – і разам падорым дзецям свята!
Як стаць шахматнымі «каралямі» і «каралевамі»
З гэтага навучальнага года Беларуская федэрацыя шахмат пры падтрымцы рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках прапанавала школам нашага раёна стаць удзельнікамі праграмы “Шахматны ўсенавуч”.
Як расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Марыя Іосіфаўна Сінкевіч, факультатывы па шахматнаму ўсенавучу будуць працаваць у Гудагайскай сярэдняй школе, Варнянскім НПК, гімназіі №1 і СШ №2. Наведваць шахматна-шашачныя заняткі змогуць вучні пачатковых класаў.– Педагогі гэтых школ ужо прайшлі навучанне на спецыяльных курсах і атрымалі адпаведныя сертыфікаты. А ў хуткім часе ў школы паступяць камплекты шахматнага інвентару, – расказала Марыя Іосіфаўна.
Так што спяшайцеся запісаць вашых дзяцей у шахматныя класы, каб у будучым яны сталі “каралямі” і “каралевамі”.
Плацім за падручнікі
Варта памятаць, што да 1 кастрычніка бацькі павінны заплаціць за падручнікі, якімі на працягу года будуць карыстацца іх дзеці. Плата за карыстанне скла-дзе палову поўнага кошту камплекта школьных кніг. Самыя дарагія падручнікі ў шасцікласнікаў – за іх трэба аддаць 14,04 рублі, а самыя танныя – для вучняў трэціх класаў.
Плата за карыстанне падручнікамі для вучняў 1 класа складзе 5,61 рубля, другога – 7,70, трэцяга – 5,50, чацвёртага – 6,69, пятага – 10, 76, шостага – 14,04, сёмага – 8,12, восьмага – 8,70, дзявятага – 8,01, дзясятага – 11,46, адзінаццатага – 11,98 рублёў.
Праўда, некаторыя сем'і атрымаюць зніжкі і вызваленне ад платы за карыстанне падруч-нікамі. Згодна з Кодэксам аб адукацыі зніжка ў 50% прадугледжана для школьнікаў са шматдзетных сем'яў. Не трэба плаціць за падручнікі сем'ям школьнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ці інваліднасцю, сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Бясплатна выдадуць кнігі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і хворымі на туберкулёз. Вызвалены ад аплаты сем'і, у якіх адзін ці абое бацькоў з'яўляюцца інвалідамі I ці II групы або ў якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды да 18 гадоў.Бясплатна кнігамі будуць карыстацца вучні санаторных школ-інтэрнатаў, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых устаноў.
Запісваемся на факультатывы і ў гурткі
У школе вучні не толькі наведваюць урокі, але і маюць магчымасць атрымаць дадатковыя веды на факультатывах, занятках па інтарэсах і ў гуртках.
Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Казіміраўна Кашко, сёлета ў школах раёна будзе арганізавана каля 70 заняткаў па інтарэсах (без уліку гурткоў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі) і каля 480 факультатываў.
Удзельнічаем у конкурсах
Школьнікі і педагогі могуць праявіць свае здольнасці ў шматлікіх конкурсах.
Адзін з такіх, у якім прымуць удзел выхаванцы школ нашага раёна, пройдзе ў Смаргоні ў кастрычніку гэтага года. Гэта рэспубліканскі турнір па бальных танцах, арганізатарам якога стаў кіраўнік гуртка, які праходзіць на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Сяргей Пятровіч Елізавеценка.
Спонсарскую дапамогу ў памеры 150 тысяч расійскіх рублёў на правядзенне турніру Астравецкаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі выдзеліла Прадстаўніцтва АТ НІАЭП у Рэспубліцы Беларусь.
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з архіва «АП».
