Кто несёт ответственность за детей?..

Абавязаная асоба… Што, каму і колькі яна абавязана? Грошы, работу, каштоўнасці? На жаль, усё намнога прасцей – і адначасова больш складана. Бо немагчыма адматаць час назад і вярнуць самае галоўнае ў жыцці – бацькоўскую любоў, пяшчоту і клопат. Абавязаныя асобы – бацькі, якія павінны дзяржаве за ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей. Дзяржаве яны доўг вернуць. А сваім дзецям?..

У 2006 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прыняў Дэкрэт №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем’ях”. Рэалізацыя яго палажэнняў пачынаецца з моманту, калі ў камісію па справах непаўналетніх трапляе інфармацыя аб сям’і, якая становіцца на небяспечны шлях, а пакутуюць ад гэтага ў першую чаргу дзеці. І пачынаецца назіранне, наведванне сям’і, папярэджванні. Калі ж дайшло да крайняй меры – адабранне дзяцей, – то непрацуючыя бацькі дзіцяці, а таксама бацькі, якія працавалі, але дапускалі прагулы без прычын, трапляюць пад прафілактычнае назіранне органаў унутраных спраў з завядзеннем улікова-прафілактычнай справы.
Непрацуючыя абавязаныя асобы дастаўляюцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для працаўладкавання. У адпаведнасці з Дэкрэтам №18, прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць нядобрасумленныя бацькі, павінны штодзень кантраляваць, каб яны выконвалі свае працоўныя абавязкі.
У выпадку ўхілення абавязанай асобы ад працы, якое складае 10 і больш прагулаў на працягу трох месяцаў, супрацоўнікі міліцыі збіраюць неабходныя дакументы і перадаюць іх для ўзбуджэння крымінальнай справы.
У мінулым годзе ў адносінах да абавязаных асоб было ўзбуджана 19 крымінальных спраў, крымінальную адказнасць панеслі 18 чалавек. За ўхіленне ад працаўладкавання 5 абавязаных асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Яшчэ трое бацькоў, якія не жадалі выплачваць доўг на выхаванне непаўналетніх дзяцей, былі аб’яўлены ў вышук.
Супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў за 2013 год было выяўлена 47 бацькоў, якія злоўжывалі спіртным, вялі антыграмадскі лад жыцця і зусім не клапаціліся пра сваіх непаўналетніх дзяцей. Так, у 2013 годзе 58 непаўналетніх знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх у бацькоў, якім гарэлка даражэй за ўласных дзяцей, было адабрана 20 дзяцей. 5 бацькоў судом Астравецкага раёна пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Радуе, што ёсць і пазітыўныя моманты: у сувязі з паляпшэннем становішча 9 дзяцей вярнуліся ў сем’і.
На сённяшні дзень на прафілактычным уліку знаходзіцца 43 абавязаныя асобы.
У сучасным свеце даступных спакус вельмі важна не забываць аб дзіцячай душы і забяспечыць падлеткаў, якія згубілі верную апору ў жыцці – сваіх бацькоў, – псіхалагічнай і прававой дапамогай.


Артур БУЦЬКО, ст. інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх.