Кто читает художественную литературу?
Чытанне зараз набыло, як мне здаецца, элітарны характар. Імклівае развіццё інтэрнэт-тэхналогій, празмерная віртуалізацыя сучаснага чалавека выцясняюць кнігу на паліцы хатняй або грамадскай бібліятэкі. Многім часу хапае толькі на самаадукацыю і штудзіраванне спецыяльнай літаратуры або на прагляд навін на прасторах усюдыіснага інтэрнэта або, у лепшым выпадку, у друкаваных сродках масавай інфармацыі.Мастацкую літаратуру чытаюць толькі крытыкі і філолагі? Кніга саступае месца сваёй электроннай версіі? Хто яны – словатворцы, сучасныя пісьменнікі Беларусі? І хто такі – чалавек чытаючы? На гэтыя пытанні мы паспрабавалі знайсці адказы ў дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Уладзіслава Антонавіча Мачульскага, які прысутнічаў у Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы на адным з Дней інфармавання насельніцтва.
– Ваша выдавецтва па-ранейшаму не саступае сваіх лідарскіх пазіцый у выданні кніг і застаецца адным з самых аўтарытэтных у Беларусі. А на якое кола чытачоў арыентаваны вашы выданні?
– Найперш – на падрастаючае пакаленне: дзяцей і падлеткаў. Нашы выданні носяць не толькі выхаваўчы, але і пазнавальны характар – яны адчыняюць дзецям дзверы ў свет людзей і рэчаў. На тэрыторыі Астравецкага раёна зараз вядзецца будаўніцтва важнага стратэгічнага аб’екта – Беларускай атамнай станцыі. Можна сказаць, што наша выдавецтва таксама прыдачынілася да гэтай справы: у 2008 годзе выйшла кніга “Свет палаца энергіі”. Яна ў даступнай форме распавядае маленькім чытачам аб атамнай энергетыцы.
Але чытацкую аўдыторыю нашых выданняў складаюць не толькі дзеці і падлеткі, але і іх мамы, таты, бабулі і дзядулі – людзі сярэдняга і сталага ўзросту. Лідарамі продажу па-ранейшаму застаюцца кнігі класікаў – творы Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі, Івана Мележа. У адрозненні ад старэйшага пакалення пісьменнікаў, якое прадстаўлена дастаткова вялікай колькасцю прозвішчаў, сярэдняе пакаленне “літаратурных тварцоў” не такое шматлікае. Мы выдаём творы Людмілы Рублеўскай, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова, Аксаны Спрынчан, Сяргея Рублеўскага і іншых.
– Калі гаварыць пра вынікі дзейнасці вашага выдавецтва мовай лічбаў, то колькі выданняў убачылі свет за гэты год?
– За 2014 год выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла больш за 100 твораў, з якіх палова прызначана для дзяцей школьнага ўзросту. Адзначу: 50 працэнтаў выпушчаных кніг складаюць беларускамоўныя выданні. Для нашага выдавецтва прыярытэтнай застаецца якасць, а не колькасць. Хочацца, каб кнігу не толькі прачыталі і паклалі на паліцу, але і запомнілі.
– У мяне складваецца ўражанне, што і ў літаратурных часопісах – у той жа “Маладосці”, “Нёмане” ці “Полымі”, і на тытульных старонках новых выданняў – адны і тыя ж прозвішчы. Маладых аўтараў не друкуюць ці іх увогуле няма? Да прыкладу, да вас у выдавецтва прыходзіць нікому не вядомы аўтар са сваім рукапісам. Што чакае яго твор – дарога да шырокага кола чытача або сметніца?
– Ні ад прозвішча аўтара, ні ад назвы твора выхад кнігі ў свет не залежыць. Гэта памылковае меркаванне, што пачынаючым аўтарам “не прабіцца”. Добрая кніга бачна адразу. Калі твор таленавіты і ён будзе карыстацца попытам, а значыць, у пэўнай ступені і папулярнасцю, то мы адназначна выдадзім гэты рукапіс. Другое пытанне – якім чынам адбываецца гэта “прасейванне” і колькі давядзецца пачынаючаму аўтару чакаць выхаду сваёй кнігі. На год наперад фарміруецца спіс плануемых для выдання кніг. Калі мы бачым, што твор таленавіты і “чытабельны”, то абавязкова пастараемся “ўціснуць” яго ў гэты спіс. Здараецца, што нават якасныя рукапісы, якія не трапілі ў план па аб’ектыўных прычынах, праз год даводзіцца і вяртаць аўтарам. Да таго ж не факт, што актуальная для 2013 года кніга будзе карыстацца папулярнасцю ў 2014-м. Нельга адмаўляць існавання “кніг-аднадзёнак”.
– Калі выданне рукапісаў не залежыць ад рэгалій аўтараў, то само сабой напрошваецца пытанне: ці з’явіліся на пісьменніцкім небасхіле новыя "зоркі"? І каго вы маглі б назваць літаратурным адкрыццём гэтага года?
– Цудоўная проза ў Андрэя Рэзановіча – вось гэтага аўтара можна дакладна назваць адкрыццём нашага выдавецтва. Нам прыносяць свае творы і тыя людзі, якія ў будучым, магчыма, ніколі не будуць пісаць. Часта маладыя мамы прыносяць рукапісы казак, якія напісалі для сваіх дзяцей.
Акрамя новых імён, мы яшчэ робім акцэнт і на дызайне выданняў. Варта разумець, што кніга сёння – тавар. Пагэтаму афармленню выданняў надаецца вялікая ўвага.
Хутка свет пабачыць серыя дзіцячых кніг у форме круга. Дзякуючы ёй дзеткі пазнаюць свет казак, а таксама развіваюць сваё ўяўленне, бо круглымі могуць быць якія заўгодна рэчы: мяч, шайба, сонейка. Сюды ж увайшла серыя непрафесійнага аўтара “Кто живёт в пруду”.
– Кажуць, што самая крыўдная для аўтара рэч – калі ніхто не чытаў яго твора. Ці карыстаюцца папулярнасцю выданні “Мастацкай літаратуры”?
– Каб знаёміць чытачоў з нашымі выданнямі, мы штогод праводзім да пяцісот мерапрыемстваў. Пастаянна ў бібліятэках і іншых установах праходзяць сустрэчы аўтараў з працоўнымі калектывамі. Па нашых кнігах тэатральная трупа ставіць спектаклі. Ладзяцца адмысловыя імпрэзы – у выдавецтве ёсць спецыяльны супрацоўнік, які займаецца гэтай дзейнасцю…
Мы цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Падчас канікулаў пастаянна ладзяцца акцыі “Лета з добрай кнігай”, “Восень з добрай кнігай”. Яны ў першую чаргу накіраваны на тое, каб зацікавіць у чытанні дзяцей. Акрамя дзіцячых, увасабляюцца і цалкам дзелавыя праекты: серыя перакладаў з украінскай і польскай моў, творы іншамоўных класікаў у беларускамоўным варыянце.
Рэкламная дзейнасць, пошукі навінак у кнігавыданні, акцэнт не толькі на змест выданняў, але і на іх дызайн мне здаецца, прыцягваюць увагу чытача да кніг, якія выходзяць у нашым выдавецтве.
– Многія людзі выказваюць меркаванне, што бібліятэкі ў тым выглядзе, у якім яны зараз існуюць, аджылі сваё. І выбар маладога чалавека на карысць электроннай версіі таго або іншага выдання цалкам апраўдваецца эканоміяй грашовых сродкаў і часу. Як вы лічыце, хто стане пераможцам у гэтай вайне – друкаваная кніга або яе электронная копія? І які выхад з гэтай сітуацыі вы бачыце?
– Я ні ў якім разе не адмаўляю ўплыў інтэрнэт-прасторы на сучаснае грамадства і важнасць электронных носьбітаў. Але азірніцеся назад: некалькі гадоў былі папулярныя дыскеты, на змену ім прыйшлі дыскі, якія ў выніку выцесніліся флэш-картамі. Імклівае развіццё тэхналогій працягваецца – але кніга застаецца вечным носьбітам інфармацыі.
Калі гаварыць аб падрастаючым пакаленні, то дзяцей, у сілу іх фізіялагічных асаблівасцей, трэба прывучаць да кнігі, а не камп’ютара. І трэба гэта рабіць на ўласным прыкладзе.
– Дзякуй за размову!
--------------------------------------
Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ.
