Кружковцы Островецкого центра творчества детей и молодёжи оказались в числе победителей конкурса "Святочныя забавы"
Навучэнцы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прынялі ўдзел у традыцыйным абласным фестывалі мастацкай цацкі “Святочныя забавы”, які прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.Фестываль праходзіў у тры этапы: завочны конкурс-выстава творчых работ “Беларускі кірмаш”, вочны конкурс мастацкай цацкі “Беларускі сувенір” і конкурс дзіцячага малюнка “На беларускім падвор’і”.
Вынікі фестывалю для астравецкіх удзельнікаў – пяць узнагарод. У завочным конкурсе перамагла навучэнка Валянціны Вільеўны Віннічак Дар’я Чарнушэвіч: яе саламяны “Кузя” ўзнагароджаны Дыпломам I ступені. А навучэнка Наталлі Вацлаваўны Рынковіч Паліна Вянгроўская ўзнагароджана Дыпломам III ступені за вышытыю карціну.


У вочным этапе “Беларускі сувенір” за прызавыя месцы змагаліся навучэнцы з 17 Цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі вобласці. Умова конкурсу: выканаць за 1 гадзіну 40 хвілін сувенір з любых матэрыялаў у абранай тэхніцы. Ужо згаданая Паліна Вянгроўская на суд журы прадставіла сувенір “Птушкі прыляцелі” – яна стала ўладальніцай Дыплома III ступені.Адначасова праходзіў вочны этап па выяўленчым мастацтве “На беларускім падвор’і”. Гонар Астравецкага цэнтра творчасці абаранялі Ксенія Бараноўская, Марыя Зімніцкая (педагог А.М. Букель), Дзіяна Гейба (педагог А.М. Зяленская). За 1 гадзіну 40 хвілін трэба было намаляваць беларускае падвор’е. Па выніках Ксенія і Марыя ўзнагароджаны дыпломамі III ступені.
Уражанні канкурсантаў
Ксенія Бараноўская і Марыя Зімніцкая:
– Разумелі, што адказнасць вялікая, таму што трэба было абараняць гонар раёна. Хваляванне прайшло, як толькі ўзялі пэндзлі ў рукі і прыняліся за працу. Тады прыйшоў і азарт. Стараліся карыстацца матэрыялам, які вывучалі на занятках, улічвалі падказкі педагога. Узрадваліся, што малюнкі аказаліся ў ліку прызёраў. Заставалася толькі чакаць, як размяркуюцца прызавыя месцы. Нашы малюнкі адзначылі Дыпломамі III ступені. За ўзнагародамі выходзіць было прыемна і радасна.
Паліна Вянгроўская:
– У такім фестывалі я ўдзельнічаю ўпершыню. Мне трэба было за адведзены час зрабіць сувенір. Спачатку адчувала сябе ніякавата, бо іншыя ўдзельнікі былі старэйшымі за мяне. Але пачаўся конкурс, і рукі самі сталі ўсё рабіць, а калі ўбачыла, што атрымліваецца, – страх як рукой зняло. Я рабіла птушачак з ільняной тканіны ў рамцы з ялінак. А самым хвалюючым момантам стала ўручэнне дыпломаў. Я атрымала два Дыпломы III ступені! А яшчэ мы наведалі выставу цацак, і я ўжо ведаю, чаму мне яшчэ трэба навучыцца.
-----------------------------------------
Ірына Мілешка, метадыст Астравецкага ЦТДіМ.
