Круглый стол по профилактике наркомании прошёл в Островце

Адсутнасць цікавасці да жыцця, змена настрою, слабасць, бяссоніца, дрэнны апетыт – гэта не прыкметы старасці. Гэта адны з першых сімптомаў наркаманіі – хваробы, якая бярэ ў свой палон усё больш моладзі.

Круглы стол па прафілактыцы наркаманіі прайшоў на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі старшакласнікі гімназіі №1 і сярэдняй школы №1 горада і старшы ўпаўнаважаны групы прафілактыкі наркаманіі і супрацьдзеяння гандлю людзьмі У.І. Мацкевіч, а таксама дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Н.У. Сянюць.
Прагляд відэафільма, які шакіраваў не толькі падлеткаў, але і дарослых, прымусіў задумацца – гэта было адлюстравана на тварах падлеткаў. Першы прыём наркотыкаў, залежнасць, псіхічная хвароба… Гэта тое, што ча кае падлеткаў, якія вырашаць пакалечыць сваё жыццё, проста адзін раз за кампанію паспрабаваўшы наркотык. Таму падчас мерапрыемства падлеткі вучыліся адмаўляцца ад прыёму наркатычных сродкаў.
На сёння самыя распаўсюджаныя і даступныя наркотыкі – гэта спайс і насвай. Менавіта пра іх расказаў у сваім выступленні старшы ўпаўнаважаны групы прафілактыкі наркаманіі і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Астравецкага РАУС Уладзімір Іванавіч Мацкевіч. За няпоўныя тры месяцы ў нашай краіне з-за выкарыстання так званых “марак” – паперак, апрацаваных наркатычным рэчывам, якія адключаюць мозг, – пайшлі з жыцця сем падлеткаў.
Кожны школьнік меў магчымасць выказаць свой пункт погляду на тэму наркаманіі і ўжывання наркотыкаў. І ўсе пагадзіліся з тым, што сучасная моладзь павінна і можа сказаць наркотыкам цвердае “не” і выбраць “здаровы” шлях.
Менавіта здароўя і творчасці напрыканцы мерапрыемства пажадала рабятам дырэктар цэнтра творчасці, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.