Комиссия по делам несовершеннолетних проверила семьи, находящиеся в социально опасном положении, и те, которые прошли через этот статус

рейд семьиНяма ў жыцці нічога больш каштоўнага, чым само жыццё… Магчымасць бачыць усходы і заходы сонца, радавацца новаму дню, сябраваць, працаваць, кахаць і проста жыць…
Няма нічога больш каштоўнага для бацькоў, чым жыццё дзіцяці. Магчымасць радавацца яго ўсмешцы, першым словам і крокам, поспехам у жыцці, хвалявацца за яго, падтрымліваць і ганарыцца ім…
Няма нічога больш страшнага, чым раўнадушша і абыякавасць да сваіх дзяцей. Іх спадарожнікамі становяцца боль, пакуты і адзінота, якія ходзяць па тоненькім лязе нажа і могуць падштурхнуць да непапраўнага і жудаснага – да таго, што не дае другога шансу...
Пачатак 2016 года адзначыўся смерцю некалькіх дзяцей. Толькі ў студзені ў Гродзенскай вобласці загінула пяць непаўналетніх, двое з іх закончылі жыццё самагубствам.

Камісіяй аблвыканкама з удзелам пракуратуры вобласці праведзены праверкі па гэтых выпадках. Было ўстаноўлена, што ў сем’ях загінуўшых дзяцей былі прыкметы сацыяльнай небяспекі. Сям’я, у якой дзяўчынка скончыла жыццё самагубствам, на працягу двух гадоў знаходзілася на ўліку ва ўстанове адукацыі як сацыяльна небяспечная, але на момант няшчасця не выклікала падазрэнняў. Як аказалася, з уліку яе знялі памылкова.
Бяду трэба старацца папярэдзіць. У сувязі з гэтым адбылася відэаканферэнцыя пашыранага пасяджэння абласной камісіі па справах непаўналетніх, удзел у якой прынялі прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Ад Астравецкага раёна ў студыі знаходзіліся ўсе члены раённай камісіі, старшы памочнік пракурора, старшыні сельвыканкамаў, спецыялісты аддзела адукацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дырэктары і намеснікі навучальных устаноў, педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі. У выніку было вырашана праверыць усе сем’і, якія знаходзіліся на ўліку і былі знятыя з яго за перыяд апошніх чатырох гадоў.
У Астравецкім раёне з 1 студзеня 2012 года па 1 студзеня 2016 года было знята з уліку 138 сем’яў. За гэты час у 9-ці з іх дзеці выраслі і сталі паўналетнімі. Яшчэ 11 зноў пастаўлены на ўлік. Прызнаваліся ў чарговы раз сацыяльна небяспечнымі, а затым былі зняты з уліку 24 сям’і. З 5-ці сямей дзеці былі адабраны ў бацькоў, пасля выпраўлення становішча вернуты ў сям’ю і зараз патраніруюцца. Яшчэ ў 7-мі бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. З 3 сем’яў дзеці часова адабраны ў бацькоў.
У выніку засталося 79 сем’яў, якія трэба было наведаць і праверыць умовы іх жыцця. На пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх вызначылі маршруты. Па адным з вызначаных маршрутаў разам з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тэрэсай Мар’янаўнай Драган выехала і я…
У падобных рэйдах удзельнічала і раней. Праўда, зараз мы накіроўваліся да тых, хто прайшоў праз статус “сацыяльна небяспечныя” і здолеў перамагчы сябе, адмовіцца ад былых шкодных звычак дзеля сваіх дзяцей. Ці ўсё ж не зусім? Гэта мы і мелі намер высветліць.
Сямнаццаць сем’яў, якія нам трэба было наведаць, жывуць у розных вёсках, некаторыя – на аддаленых хутарах, даехаць куды, асабліва ў час зімня-вясенняй адлігі, няпроста. Некалькі сем’яў ужо даўно зняты з уліку, але Тэрэса Мар’янаўна і добра памятае, у якіх дамах яны пражываюць.
– Ну а як жа інакш? – сумна ўсміхаецца жанчына. – Усяго здаралася: і ўпоцемках дабіраліся, і пехатой. Яны ж усе мае родненькія.
А вось ці памятаюць намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх сем’і з таго часу, калі іх ставілі на ўлік, і ў якім стане яны тады знаходзіліся – аб гэтым застаецца толькі здагадвацца.
Нечаканых візіцёраў сустракалі па-рознаму, але ў большасці – добразычліва і прыветліва. Жанчыны гасціна запрашалі прысесці, мужчыны, калі знаходзіліся дома, сціпла тупалі ля парога. Дзеці, як правіла, у гэты час былі ў школе.
Звычайныя вясковыя хаты, абсталяваныя ў адпаведнасці з матэрыяльнымі сродкамі – у кагосьці лепш, у некага – горш. Але бруду, беспарадку ці антысанітарыі я не ўбачыла, таму фотаапарат, які трымала напагатове, застаўся незапатрабаваным. Умешвацца аб’ектывам у з цяжкасцю наладжанае жыццё гэтых людзей не хацелася.
Запомніліся дзве сям’і. У адной з іх на мяне глядзелі тры пары цікаўных вачанят хлопчыкаў-пагодкаў дашкольнага ўзросту. Чацвёртае немаўля спала ў калысцы. Маці клапатліва гладзіла аднаго з сыноў па галаве, бацька загадваў аднаму з неслухаў падцягнуць штаны. Нармальная шматдзетная сям’я. Толькі вочы ў маладой гаспадыні здаліся крыху спалоханымі. А можа, падалося?..
У другой сям’і нас сустракае жыццярадасная вясёлая жанчына – таксама маці чацвярых дзяцей, апошняму з якіх няма і паўгода. Яна хутка падбірае раскіданыя цацкі і просіць прабачэння за беспарадак. І з гонарам расказвае пра дзяцей: калі хто нарадзіўся, дзе зараз знаходзяцца, як вучацца і ці дапамагаюць дома. Я глядзела на гэтую жанчыну, якая выглядае маладзей сваіх гадоў, у яе шчаслівыя вочы, на шчырую ўсмешку і сумнявалася: ці не памыліліся мы з адрасам?
– За што мы ставім сем’і на ўлік? – перапытвае Тэрэса Мар’янаўна. – Каб пакараць і назаўсёды закляйміць дрэннымі бацькамі, п’яніцамі, дармаедамі? Не! Мы хочам выратаваць іх сем’і, прымусіць задумацца, да чаго могуць прывесці іх паводзіны, адносіны да родных. Галоўнымі ахвярамі іх асацыяльнага жыцця становяцца дзеці. Сем’і трапляюць у становішча сацыяльна небяспечных па розных прычынах. Часта пагрозу ўяўляе толькі адзін з бацькоў. Да прыкладу, мужчына злоўжывае алкаголем, яго звальняюць з работы. У выніку ён прыходзіць дадому раздражнёны і азлоблены, а там – жонка і дзеці, якія, як яму здаецца, заўсёды нечым незадаволеныя і ім пастаянна нешта ад яго трэба. У выніку – скандал, слёзы, пабоі. Раз, другі, трэці… І рашэнне аб пастаноўцы на ўлік. Памятаю, вывела аднаго такога “главу сямейства” і ў вочы сказала: “Гэта з-за цябе пакутуюць жонка і дзеці, ты вінаваты, а не нехта іншы, менавіта з-за цябе твае дзеці могуць стаць сіротамі”. Шчыра кажучы, думала – дарэмна. А праз некаторы час даведалася, што мужчына закадзіраваўся. Значыць, дайшлі словы да розуму і сэрца. Толькі, на жаль, не заўсёды так бывае.
– Яшчэ горш, калі муж п’е, нідзе не працуе, а жанчына цягне на сабе ўсё, б’ецца як рыба аб лёд у роспачы: што рабіць і дзе браць грошы? – працягвае Тэрэса Мар’янаўна. – А тут муж, як чорт-спакуснік: выпі, любая, чарачку, лягчэй стане. Або хтосьці іншы параіць, як “зняць стрэс”. І яна за кампанію выпівае шклянку гарэлкі, другую, трэцюю. Працяг сумны. І калі ў жанчыны хапае сілы разысціся з мужам, забраць дзяцей, наладзіць жыццё – праз некаторы час яе не пазнаць: яна свеціцца ад шчасця і спакою.
На жаль, падчас аб’езду не ўсе сем’і пакінулі станоўчыя ўражанні. У адной, здавалася б, усё добра: у хаце чыста і прыбрана, нічога не выклікае падазрэння. Ды толькі знешні выгляд гаспадыні, яе мітуслівыя рухі Тэрэсе Мар’янаўне не спадабаліся.
Яшчэ ў адной сям’і нас адразу сустрэлі “ў штыкі”. Насцярожаныя, нядобрыя, калючыя вочы гаспадыні свідравалі нямым пытаннем: і што вам трэба? Як высветлілася, недарэмна: адзін з жылых пакояў патрабаваў уборкі, а зашмальцаваная бялізна на ложках – пральнай машыны. Жанчына паабяцала, што абавязкова навядзе парадак, толькі чамусьці ў яе абяцанне не вельмі верылася.
Чарговы дом у мяне спачатку не выклікаў ніякіх пытанняў. На парозе нас ветліва сустракае жанчына сярэдніх гадоў і праводзіць у хату. Пакуль Тэрэса Мар’янаўна тлумачыць мэту візіту, я адзначаю ідэальную чысціню і акуратнасць – нават пры жаданні прычапіцца няма да чаго. І тут як гром з яснага неба прагучалі словы гаспадыні, поўныя роспачы і адчаю: “Можа, і добра, што вы менавіта сёння да нас заехалі. Палюбуйцеся: і дачка якраз прыехала – чатыры гады не паказвалася. А дзіця роднае на мяне пакінула. Як яе абразуміць, я ўжо і не ведаю!”
Апошнія словы жанчына гаворыць праз слёзы. На гоман з суседняга пакою выходзіць яе старэйшая дачка, неўзабаве паказваецца і віноўніца размовы. Аказваецца, маладая жанчына на працягу некалькіх гадоў не займаецца выхаваннем сваёй дачкі, пакінула яе на бабулю. Сама ж выехала ў іншы раён, дадому наведваецца рэдка, пра дзяўчынку не клапоціцца.
Можна многае сказаць, але словы горкім камяком заселі ў горле. Я глядзела на трыццацігадовую жанчыну і не бачыла ніякіх эмоцый – толькі пустыя вочы, у якіх чыталася толькі, што ёй на ўсё напляваць... А калі са школы вярнулася яе дачка – прыгожая вясёлая дзяўчынка, якая з парога адрапартавала, што яна сёння атрымала некалькі дзявятак, – ні адзін мускул не зварухнуўся на твары маці, а іх сустрэча (невядома, калі яны бачыліся ў апошні раз) абмежавалася кароткім: “Прывітанне”… Тэатр абсурду? Ды не – жорсткая рэальнасць. І гэта, на жаль, далёка не адзіны выпадак…
Па Астравецкім раёне спецыяльныя камісіі абследавалі 79 сем’яў, якія былі пастаўлены і зняты з уліку як сацыяльна небяспечныя за апошнія чатыры гады. Па выніках праверкі ў 8-мі з іх былі ўстаноўлены прыкметы сацыяльнай небяспекі, таму супрацоўнікам адукацыі рэкамендавана разгледзець пытанне аб прызнанні дзяцей у гэтых сем’ях у сацыяльна небяспечным становішчы. Яшчэ ў адной сям’і вырашаецца пытанне аб перадачы апекі над дзіцём бабулі. У адносінах да астатніх 70 сем’яў у камісій прэтэнзій не ўзнікла. Хочацца спадзявацца, што не будзе іх і далей.

Калі з жыцця сыходзяць дзеці...
рейд семьи1Трынаццацігадовая школьніца з Воранава паднялася па пажарнай лесвіцы на дах адміністрацыйнага будынка, скокнула ўніз і разбілася. Яна пакінула запіску, змест якой не паведамляецца. Вядома, што да гэтага ў сям'і адбыўся невялікі канфлікт.
Васемнаццацігадовы студэнт аднаго з гродзенскіх універсітэтаў не здаў сесію і скінуўся з восьмага паверха.
Адзінаццацікласнік з Карэліцкага раёна павесіўся ў закінутым вытворчым будынку. Чаму ён пакончыў з жыццём, высвятляецца. Вядома, што ён перажываў з-за сваёй знешнасці.
Цела навучэнца Слонімскага каледжа знайшлі ў пятлі ва ўласнай ваннай...
(З прэс-канферэнцыі пракурора Гродзенскай вобласці В. Марозава з журналістамі)


--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.