Команда островецких медиков "Вирус-транзит" одержала победу на межрайонном фестивале КВН
Перамогу на чарговым міжраённым фестывалі клуба вясёлых і знаходлівых сярод медыцынскіх работнікаў заваявала астравецкая каманда “Вірус-транзіт”.Напрыканцы мінулага тыдня ў Навагрудку прайшоў міжраённы фестываль КВЗ сярод медыцынскіх работнікаў пад дэвізам “У нас на раёне…” У свяце гумару і смеху прынялі ўдзел шэсць самых вясёлых і знаходлівых каманд Гродзеншчыны. Астравец прадставіла каманда “Вірус-транзіт”, з Ашмян прыехаў “ОМОН”, “Так атрымалася” прадстаўляла Карэлічы, “Вкус меда” прыехаў са Смаргоні, “Укол” – з Іўя, а гаспадары свята выставілі каманду “Сушы вёслы”.
Сёлета, у адрозненне ад мінулагодных сустрэч, дзе неабходна было паказаць традыцыйную візітоўку, паўдзельнічаць у конкурсе капітанаў, біятлоне і прадэманстраваць хатняе музычнае заданне, было вырашана змяніць праграму спаборніцтваў. На фестываль неабходна было падрыхтаваць толькі адзін нумар працягласцю да 20 хвілін – і пры гэтым паспець раскрыць тэму конкурсу “У нас на раёне…” Што з гэтага атрымалася, гледачы і ўбачылі ў мінулую пятніцу ў Навагрудку.
У тым, што астравецкія медыкі ўмеюць жартаваць і робяць гэта добра, астраўчане пераконваліся ўжо не раз. Пра гэта сведчаць не толькі перамогі ў міжраённых этапах у 2012 і 2013 гадах, але і другое месца “Вірус-транзіта” ў рэспубліканскім конкурсе КВЗ у мінулым годзе.
І таму сёлета вясёлыя і знаходлівыя медыкі з каманды “Вірус-транзіт” смела і ўпэўнена выйшлі на сцэну Навагрудскага аграрнага каледжа. Жарты перамяжоўваліся з мініяцюрамі, танцамі, песнямі – і, вядома ж, выбухамі смеху ў зале. Астравецкая каманда ў складзе Андрэя Паўлюкевіча, Уладзіміра Трафімава, Дзяніса Пупейкі, Віктара Марціновіча, Яўгенія Юргелянца, Ліліі Танковіч, Юліі Масквіной, Андрэя Бароўкі, Вікторыі Богдан, Андрэя Субаткевіча, Андрэя Цэйкі і Аляксандра Матыяшкойця падрыхтавала цікавую праграму, а для таго, каб астравецкія медыкі адчувалі сябе на сцэне ўпэўнена і па-дамашняму, падтрымаць сваіх калег на фестываль адправілася “група падтрымкі” з ліку супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бальніцы.
Праграму нашых медыкаў высока ацанілі і члены журы, якія адзначылі, што яна пабудавана так, быццам з камандай працавалі прафесійныя рэжысёр і сцэнарыст. Дэбютаваў жа ў ролі сцэнарыста і рэжысёра юрысконсульт раённай бальніцы Уладзімір Трафімаў, а музычную апрацоўку зрабіў Алег Пашкевіч.
Членам журы неабходна было вызначыць пераможцаў у некалькіх намінацыях. Менавіта з уручэння дыпломаў у намінацыях і пачалося ўзнагароджванне.Астравецкая каманда сёлета выйшла на сцэну ў новых касцюмах, і журы адзначыла гэта: астраўчане атрымалі спецыяльны дыплом у намінацыі “Самая стыльная каманда”.
Але ўсіх хвалявала пытанне: каму дастанецца пераходны Кубак фестывалю, які, дарэчы, у 2013 годзе заснавала астравецкая бальніца?
Місія аб’явіць пераможцу конкурсу была даручана старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіславу Галяку і начальніку ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэю Стрыжаку. Да радасці ўсіх астраўчан пераможцам міжраённага фестывалю яны назвалі каманду “Вірус-транзіт” Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы. І пераходны Кубак зноў вярнуўся на Астравеччыну!
-------------------------------------------------------------
Тадэвуш СУБАТКЕВІЧ, старшыня прафкама цэнтральнай раённай бальніцы.
