Коллективный договор стал основной темой на семинаре-учебе профсоюзных активистов Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов
Ведаў не бывае шмат. Гэта тычыцца любой, нават самай распаўсюджанай і вядомай сферы нашай дзейнасці. І ўжо тым больш такой, як прыняцце калектыўнага дагавору, якому з нядаўніх часоў на дзяржаўным узроўні нададзены заканадаўчы статус.
Тэма распрацоўкі і прыняцця калектыўнага дагавору і стала галоўнай на семінары-вучобе, якая прайшла ў Астраўцы на мінулым тыдні і, выказваючыся мовай чыноўнікаў, “ахапіла” прафсаюзных актывістаў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Удзел у семінары прынялі старшыня абкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іван Станіслававіч Алізаровіч, галоўны спецыяліст па сацыяльна-эканамічных пытаннях Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віталь Аляксеевіч Лісіцкі і галоўны прававы інспектар працы камітэта Соф’я Васільеўна Грышута. Узначаліў сустрэчу старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Фаміч Навумчык.
З выступлення В.А. Лісіцкага:
Заключэнне калектыўнага дагавору – прэрагатыва прафсаюза, паколькі толькі ён мае выключнае права заключаць падобнае пагадненне паміж працоўным калектывам і наймальнікам.
Падрыхтоўчая работа пачынаецца з загада або распараджэння аб стварэнні камісіі ў складзе 3-5 чалавек, якая будзе займацца тлумачальнай работай, зборам прапаноў і распрацоўкай макета калектыўнага дагавору. Новы варыянт калектыўнага дагавору, распрацаваны з улікам унесеных
калектывам заўваг і прапаноў, даводзіцца да кожнага члена калектыву для азнаямлення. І толькі пасля гэтага можна арганізоўваць агульны прафсаюзны сход або, калі калектыў вялікі, канферэнцыю ўпаўнаважаных дэлегатаў. Пасля ўсебаковага абмеркавання праекта калектыўнага дагавору яго прымаюць шляхам галасавання і падпісваюць: з аднаго боку – наймальнік (кіраўнік прадпрыемства), з другога – старшыня прафсаюзнага камітэта.
Калі старшыня прафкама займае пасаду намесніка кіраўніка, ён не мае права падпісваць калектыўны дагавор.
Дакумент уступае ў сілу з моманту яго падпісання або з указанай у ім даты, але не заднім чыслом. Тэрмін дзеяння калектыўнага дагавора – 3 гады і адзін дзень. Калі тэрмін яго дзеяння заканчваецца, а новы не прыняты, усе выплаты, прадугледжаныя гэтым дакументам, лічацца незаконнымі.
Работнік, які не з’яўляецца членам прафсаюза, павінен падаць пісьмовую заяву з просьбай, каб ільготы, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, распаўсюджваліся і на яго. Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні прымаюць абодва бакі: наймальнік і прафкам.
Далей у сваім выступленні Віталь Аляксеевіч падрабязна і аргументавана спыніўся на кожным раздзеле калектыўнага дагавору і адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Для многіх стала адкрыццём, што выплаты з нагоды атрымання траўмы або смерці ад няшчаснага выпадку павінны быць зроблены і ў адносінах да чалавека, які знаходзіўся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
– Калі калектыў і яго кіраўнікі дазваляюць свайму работніку прысутнічаць на працы ў п’яным выглядзе, – сказаў, у прыватнасці, галоўны спецыяліст па сацыяльна-эканамічных пытаннях, – значыць, адказнасць за наступствы яны бяруць на сябе. У гэтым сэнсе выплаты, прадугледжаныя
калектыўным дагаворам, за атрыманыя на працоўным месцы траўмы або смерць будуць выплачаны ўсім работнікам, акрамя тых, хто закончыў уласнае жыццё самагубствам.
Львіная частка паступіўшых пытанняў тычылася прыватызацыі жылля. Найбольш спрэчак узнікла вакол так званых “прэзідэнцкіх” домікаў, якія нельга прыватызаваць. Сітуацыю раз’ясніла галоўны прававы інспектар Соф’я Васільеўна Грышута:
– Трэба разумець розніцу паміж ведамасным жыллём і службовым. Ведамаснае – гэта жыллё, пабудаванае за сродкі прадпрыемства. Яго можна прыватызаваць. А службовае будуецца пры фінансавай падтрымцы дзяржавы. Нават калі ў час будаўніцтва выкарыстаны амаль сімвалічныя грошы з дзяржаўнай казны, жыллё аўтаматычна лічыцца службовым і не можа быць прыватызавана – толькі выкуплена. Нагадваю, што калі работнік, які, пражыў у службовай кватэры дзесяць і больш гадоў, вырашае звольніцца з прадпрыемства, ён не можа быць з яе выселены. Але яму могуць прапанаваць перасяліцца ў іншае.
Перавесці жыллё са службовага ў ведамаснае можна толькі рашэннем райвыканкама. І то пры ўмове, што банк, які крэдытаваў будаўніцтва, дасць на гэта сваю згоду.
– Не лішнім будзе спыніцца і на парадку выдзялення кватэр, – сказала Соф’я Васільеўна. – У любой сітуацыі яно павінна адбывацца ў адпаведнасці з агульнай чаргой афіцыйна зарэгістраваных людзей. Ніякія патрэбы прадпрыемства не ў стане адмяніць гэтае правіла. Але для таго, каб мець магчымасць забяспечваць кватэрай спецыялістаў, у паслугах якіх у арганізацыі ўзнікае вострая неабходнасць, трэба калектыўным дагаворам зацвердзіць права адміністрацыі на выдзяленне гэтай катэгорыі працаўнікоў 10-15 працэнтаў гадавога фонду жылля.
На пытанні рэгіянальных прафсаюзных актывістаў адказалі рэспубліканскі і абласны лідары. Акрамя таго, яны растлумачылі прысутным асноўныя моманты стратэгіі прафсаюзнага жыцця аграрнікаў, зрабілі своеасаблівую справаздачу работы за 2013 год і падзяліліся сваімі працоўнымі знаходкамі.
Уладзімір Фаміч Навумчык, да прыкладу, расказаў аб праведзеным у папярэднім годзе анкетаванні маладых спецыялістаў сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, аб тым, што на першае месца ў графе “Што найбольш не задавальняе вас на працоўным месцы?” імі быў пастаўлены пункт “хамства кіраўніка”.
– І гэты накірунак жыцця калектыву прафсаюзы таксама павінны пільна адсочваць, – сказаў Уладзімір Фаміч. – Я не заклікаю вас да канфрантацыі з наймальнікам, але сродкі ўздзеяння на чалавека, які чамусьці вырашыў, што яму дазваляецца ўсё, думаю, заўсёды можна знайсці. Не справіцеся самі – звяртайцеся да нас. Дапаможам…
------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.


