Когда ребёнок может ехать бесплатно?
Калі выпраўляешся ў дарогу разам з дзецьмі на ўласным аўтамабілі, то галоўнае пытанне, якое павінны ўлічыць бацькі, – наяўнасць спецыяльнага ўтрымліваючага ўстройства для дзяцей. Менавіта гэты аспект чорным па белым прапісаны ў новай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху, якая ўступіла ў сілу 16 студзеня бягучага года.Калі дзіця разам з мамай або татам выпраўляецца ў дарогу на грамадскім транспарце – аўтобусе або поездзе, – дарослым варта памятаць некаторыя нюансы аплаты праезду для непаўналетніх. Да таго ж, няведанне закону не вызваляе ад аплаты за праезд.
Сітуацыя 1
Крысціна, маці 5-гадовага сына:
– Перавагу грамадскаму транспарту я аддаю пры паездках на далёкія адлегласці, – напрыклад, да родзічаў у Гродна або Мінск. Муж працуе вахтавым спосабам, а самастойна сядаць за руль, калі побач у салоне пяцігадовы сын, пакуль не магу рашыцца, тым больш зімой. Некалькі гадзін ва ўтульнай маршрутцы – і ты ў патрэбным горадзе.
Некалькі месяцаў таму мы з сынам гасцявалі ў бабулі ў Гродна, дзе Мікіта і сустрэў сваё пяцігоддзе. Праз некалькі дзён мы вярталіся ў Астравец. За пяць хвілін да адпраўкі маршрутнага аўтобуса ў салон зайшла кантралёр і параіла набыць дзіцячы білет. Адзначу, што ездзім у абласны цэнтр мы дастаткова часта, і дагэтуль ніводнага разу за ўсе паездкі ні вадзіцелі, ні кантралёры не патрабавалі аплаціць праезд дзіцяці.
Каментарый
Як адзначылі ў аддзеле перавозак аўтапарка №4 г. Астравец, узрост дзіцяці ўлічваецца на момант ажыццяўлення паездкі. Пагэтаму заўвага кантралёра наконт набыцця білета цалкам правамерная: сыну Крысціны на дзень адпраўлення маршрутнага аўтобусу было больш за 5 гадоў.
Бацькам варта памятаць, што на прыгарадных маршрутах праезд дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў ажыццяўляецца бясплатна, а старэйшым дзецям трэба набываць поўны білет.
На міжгародніх маршрутах дазваляецца бясплатна перавозіць дзяцей, якія не дасягнулі 5-цігадовага ўзросту, без права на асобнае месца.
Калі вашаму дзіцяці ад 5 да 10 гадоў, то трэба набыць льготны білет (кошт складае 50% ад поўнага білета). Праезд старэйшых за 10 гадоў дзяцей аплачваецца цалкам.
Сітуацыя 2
Ганна, маці трохгадовай Тані:
– Разам з дачкой ехалі ў сталіцу на дызель-поездзе “Гудагай-Мінск”. Для сябе я білет, вядома, набыла, а вось пра праязны дакумент для дзіцяці не падумала. Каля Маладзечна ў вагон зайшлі кантралёры, праверылі білеты і сказалі, што для дзіцяці трэба набываць “нулявы” білет.
Каментарый
У білетнай касе чыгуначнай станцыі Гудагай патлумачылі, што пасажырскія перавозкі рэгулююцца Правіламі перавозак пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў Рэспубліцы Беларусь.
У цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа і міжрэгіянальных ліній пасажыр мае права правозіць з сабой бясплатна (без права на асобнае месца) дзіця ва ўзросце да 5 гадоў, з аплатай па ільготнаму тарыфу – дзяцей ад 5 да 10 гадоў.
Дзецям, якія не дасягнулі 5-гадовага ўзросту, абавязкова трэба набываць білет. Ён афармляецца бясплатна, менавіта пагэтаму людзі называюць яго “нулявым”.
Для дзяцей старэйшых за 10 гадоў набываюцца поўныя праязныя білеты.
Праязны дакумент для дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў афармляецца бясплатна пры праездзе ў рэгіянальных паяздах эканом-класа.
ПОМНІЦЕ!
Пры пасажыры можа ехаць бясплатна (як на аўта-, так і на чыгуначным транспарце) толькі адно дзіця ва ўзросце да 5 гадоў, калі яно не займае асобнае месца. Калі патрэбна везці двух або больш дзяцей, то на другое, трэцяе і наступных трэба набываць дзіцячыя праязныя дакументы.
----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
