"Клуб вясёлых і знаходлівых": астравецкі "Прэстыж" паспяхова выступіў у Гродна
У нядзелю ў Гродна прайшоў абласны чэмпіянат каманд КВЗ, у якім прымала ўдзел каманда Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы “Прэстыж”.
Аляксандр Лях, Міхаіл Ацямасаў, Антон Байдун, Антон Міхцееў, Іван Лябецкі, Ян Янковіч, Жэня Андралойць, Максім Ковель, Віка Ярашэвіч і Аксана Мядэйша накіраваліся ў Гродна, каб пазмагацца за права называцца самай лепшай камандай КВЗ вобласці.
Да ўдзелу ў абласным чэмпіянаце былі дапушчаны толькі чатыры каманды: “Бі Драйв” з Гродзенскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, “Пазітыў” з ліцэя №1 г. Ліда, “Гадзіна Пік” з СШ №20 г. Гродна і каманда “Прэстыж” Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы – ужо адно гэта само па сабе з’яўляецца перамогай астравецкіх КВЗ-эншчыкаў.
У падобным чэмпіянаце нашы “вясёлыя і знаходлівыя” ўдзельнічаюць не першы раз: у мінулым годзе каманда заваявала другое месца, а сёлета вырашыла пазмагацца за першае. Мабыць, гэта ўпэўненасць крыху і перашкодзіла рабятам.
На абласным этапе гульні папярэднічаюць рэдактарскія прагляды – пасля іх нашай камандзе давялося замяніць тры жарты. Але гэта не збіла ўпэўненасць і не настроіла юнакоў і дзяўчат на мінорны лад. Тры конкурсы – “прывітанне”, “біятлон”, калі камандам неабходна было падрыхтаваць 10 тэкставых жартаў, і традыцыйнае “хатняе заданне” – яны сыгралі на адным дыханні.
За візітную картку ад кожнага члена журы можна было атрымаць максімальна 5 балаў. У нашых КВЗ-эншчыкаў было толькі дзве “чацвёркі”. Але мінулагоднія сапернікі – каманда з Ліды – атрымала адну – і вырвалася наперад.

У “біятлоне” каманда “Прэстыж” зноў стала другой. Затое за “хатняе заданне” нашы жартаўнікі атрымалі максімальна магчымы бал – усе “шасцёркі”. Але гэта не дапамагло выхаванцам Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы стаць пераможцам абласнога чэмпіянату – крыўдныя 0,4 бала аддзялілі нашу каманду ад першага месца, якое заняла каманда “Пазітыў” з Ліды. Астравецкі “Прэстыж” зноў стаў другім.
Тым не менш надзея трапіць на рэспубліканскі турнір школьных каманд КВЗ, які ў сакавіку пройдзе ў Мінску, застаецца. Хочацца спадзявацца, што рэспубліканскае журы ацэніць дасціпныя і смешныя жарты Астравецкага “Прэстыжа”.
Алена ЯРАШЭВІЧ.