“Класны” клас у Варнянах, Гервятах і Трокеніках

Штогод напрыканцы навучальнага года настаўнікі выстаўляюць у журнал выніковыя адзнакі, а дзеці пераносяць іх у свае дзённікі – у школе падводзяцца вынікі работы за год.


Не адпачываюць у гэты час і класныя кіраўнікі – яны збіраюць усе свае напрацоўкі за год, складваюць іх у таўшчэзныя папкі і адпраўляюць на раённы конкурс “Клас года”.
Сёлета на раённы конкурс было пададзена 12 конкурсных матэрыялаў з гімназіі №1 і СШ №1, Гудагайскай, Міхалішкаўскай, Гервяцкай, Дайлідскай, Спондаўскай, Рымдзюнскай з літоўскай мовай навучання школ, Кямелішкаўскага і Варнянскага НПК, Варонскай і Трокеніцкай базавых школ.
На гэты раз настаўнікі не толькі прадставілі папяровыя матэрыялы, але і стварылі па выніках дзейнасці прэзентацыі, альбомы і нават відэафільмы. Як паказалі прадстаўленыя матэрыялы, школьнікі са сваімі класнымі кіраўнікамі актыўна  ўдзельнічаюць у конкурсах, аглядах, фестывалях і  мерапрыемствах рознага ўзроўню. Усе члены класных калектываў актыўныя ўдзельнікі БРСМ і БРПА. Два прадстаўленыя класы з Гудагайскай і Гервяцкай школ   з’яўляюцца членамі валанцёрскіх атрадаў. Сярэдні бал вучняў  не менш за 7,69, а працэнт якасці – не менш за 66, высокі і  ўзровень іх  выхавання.
У выніку рашэння строгага журы на першым месцы апынуўся 11 “А” клас Варнянскага НПК і яго класны кіраўнік Г.М. Пацэль, дыплом ІІ ступені заваявалі вучні 11 класа Гервяцкай школы (класны кіраўнік – В.І. Чубрык), на трэцюю прыступку падняліся вучні 8 класа Трокеніцкай базавай школы і іх класны кіраўнік Л.С. Сасноўская.


Алена ЯРАШЭВІЧ.