Канцэрт "Квітней, талент" падарыў астраўчанам цэнтр пазашкольнай работы

Напрыканцы мінулага тыдня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў канцэрт мастацкай самадзейнасці выхаванцаў і педагогаў раённага цэнтра пазашкольнай работы “Квітней, талент!”. Ужо за месяц да запланаванага канцэрта дошкі інфармацыі шматлікіх устаноў Астравеччыны стракацелі рэкламнымі плакатамі, а ўлічваючы тое, што ў гуртках цэнтра займаецца больш за 1200 дзяцей, то і не дзіўна, што кінаканцэртная зала была запоўнена гледачамі.


З самай раніцы дзеці і педагогі прыносілі і прывозілі свае работы. А бліжэй да абеду ў гэты ж дзень фае кінаканцэртнай залы ператварылася ў выставачную залу. Чаго тут толькі не было!? Вырабы з саломкі і дрэва, бісеру і тканіны, лёну і гліны, вышываныя карціны і бацік, мяккія цацкі і малюнкі…
А ў зале сабраліся не толькі выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы і іх педагогі, але і бацькі, школьнікі і настаўнікі з розных школ раёна, і ўсё неабыякавыя да дзіцячай творчасці людзі. І тут на некалькі гадзін гаспадаром стаў яго вялікасць талент.
А на сцэне між тым запальваліся зорачкі. На гэты раз стаўка была зроблена на самых маленькіх гурткоўцаў – менавіта яны сталі валадарамі сцэны, хаця на ёй знайшлося месца і ўжо вядомым у нашым раёне таленавітым дзяўчатам і хлопцам. Песні чаргаваліся з танцамі, дуэты і сола, паказ моднага адзення і нават выступленне маладзёжнай рок-групы “Milly Rose”, удзельнікі якой музыку і словы да сваіх песень пішуць самі. А яшчэ Павел Букель, Рэната Канчанін, Святлана і Анжаліка Ластоўскія, Аляксандра Мікалаеўна Букель, гурткоўцы Алена Нікіфараўна Такарчук і яе гурткоўцы, а таксама выхаванцы Алены Іванаўны Уласенка, Юля Станкевіч, Ксюша Мальдзіс, Валерыя Яхімовіч, Даша Казюлевіч і Насця Азевіч, танцавальны калектыў “Нон-стоп”, Аліса Шадура, Віка Рудая, Ульяна Карповіч, Вераніка Анімуцкая, і дзве зусім непадобныя адна на адну Каці Юркойць, Дар’я Шлыковіч і Віка Гарбачэўская.
Знайшлося сярод дзіцячых і дарослых выступленняў месца і падарункам. Не з пустымі рукамі прыйшла на канцэрт дырэктар ЦБУ №417 філіяла АСБ “Беларусбанк” і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Альдона Станіславаўна Сухадольская. Як жанчына і маці, нераўнадушная да дзіцячага таленту, яна падарыла цэнтру пазашкольнай работы камп’ютарную тэхніку – за што атрымала ўдзячныя апладысменты гледачоў і падарунак, зроблены рукамі дзяцей, які ёй са словамі падзякі ўручыла дырэктар цэнтра Наталля Сянюць.
Нікога не пакінуў раўнадушным “Залаты вернісаж”, калі дзяўчаты з танцавальнага калектыву “Нон-стоп” дэманстравалі мадэлі адзення, зробленыя рукамі Валянціны Вільеўны Віннічак і яе выхаванцаў. Нават вядучы канцэрта Павел Букель заўважыў, што “ў такія моманты, як сёння, джынсы я не нашу”. Ды што там джынсы – нават самая модная сукенка не ідзе ні ў якое параўнанне з шыкоўнымі ўборамі дзяўчат!
А падчас музычных выступленняў на экране дэманстраваліся ўсе справы, якімі на працягу года займаліся дзеці і настаўнікі. І для таго, каб выставіць усе нумары, што за год адпрацавалі выхаванцы і педагогі, спатрэбіўся б не адзін дзень. Але нават паўтарагадзінны канцэрт змог паказаць, што ў нас шмат таленавітых дзяцей і не менш таленавітых педагогаў.
А дэманструючы выступленні нашых юных зорачак, арганізатары і самі спадзяюцца на тое, што адзін з будучых конкурсаў “Еўрабачання” смела можна арганізоўваць у Астраўцы. А чаму б і не?
Для кагосьці школьнае захапленне стане будучай прафесіяй, а для іншых так і застанецца захапленнем – але на ўсё жыццё!
Квітней, талент! Запальвай зоркі!



Алена ЯРАШЭВІЧ.