Каманда Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы “Залаты вернісаж” на рэспубліканскім конкурсе
З дыпломамі і ўзнагародамі вярнуліся педагогі і выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы з рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Залатая саломка”, якая днямі прайшла ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Выстава-конкурс праходзіла на працягу двух дзён і складалася з двух этапаў. Але перш, чым трапіць на рэспубліку, трэба было перамагчы ў раёне, а потым і ў вобласці. З гэтымі задачамі цудоўна справіліся педагогі і выхаванцы Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы. Сярод 17 каманд, якія трапілі на рэспубліканскі конкурс, Гродзенскую вобласць прадстаўляў наш “Залаты вернісаж”.
У першым этапе, які ўяўляў сабой выстаўку творчых работ, удзельнічалі саламяныя вырабы Валянціны Вільеўны Віннічак і Яніны Іосіфаўны Мілаш. Саламяныя конікі, лялькі, чароўныя куфры, кветкавыя кампазіцыі – адвесці вочы ад вырабаў з беларускага золата было немагчыма.
У рамках выставы-конкурсу прайшоў майстар-клас “Традыцыі і наватарства ў мастацтве беларускай саломкі і іх выкарыстанне ў дзіцячай творчасці”. Аўтарам аднаго з выступленняў была Валянціна Вільеўна. Яна расказала пра вопыт работы з дзецьмі і падзялілася сваімі напрацоўкамі з калегамі. Тут жа можна было прыняць удзел у майстар-класах, якія праводзілі беларускія майстры – і гэтай магчымасцю, канешне ж, скарысталіся Валянціна Вільеўна і Яніна Іосіфаўна.
Прыемна, што вынікі работы Валянціны Вільеўны былі заўважаны членамі рэспубліканскага журы: народны майстар была ўзнагароджана пераможным дыпломам. Да таго ж матэрыялы да прэзентацыі майстар-класа Валянціны Вільеўны будуць уключаны ў ілюстраваны метадычны зборнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
У другі дзень прайшоў адкрыты конкурс юных майстроў па саломапляценні, які складаўся з трох этапаў. У першым з іх – “Давайце пазнаёмімся” – неабходна было прадставіць сябе. Астравецкія прыгажуні-дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах расказвалі пра сябе і свой край на беларускай мове. За імі на сцэну выйшлі дзяўчаты ў сукенках, створаных Валянцінай Вільеўнай. Дэфіле астравецкіх дзяўчат, іх уборы і ўменне трымацца на сцэне выклікалі бурныя апладысменты гледачоў. Нічога падобнага ў іншых каманд не было, і таму не дзіўна, што астраўчане былі адзначаны ў намінацыі “За стварэнне калекцыі касцюмаў” – і дзяўчаты, і іх педагог атрымалі ў падарунак наборы беларускай касметыкі.
Цікавасць гледачоў і членаў журы выклікала і выстаўка-прэзентацыя творчых работ юных удзельнікаў каманды “Я – творчая індывідуальнасць”. Кветкавыя кампазіцыі, вазы, маленькія куфры, лялькі, драконы і шэраг іншых рэчаў з саломкі, зробленых рукамі дзяцей, заслугоўвалі ўвагі.Апошні этап “Творчая майстэрня” быў самым складаным – кожнай камандзе за дзве гадзіны неабходна было стварыць кампазіцыю, прысвечаную птушкам. Нашы дзяўчаткі Дзіяна Гейба, Наталля Арлоўская і Кацярына Дыско зрабілі бусліную сям’ю і расказалі пра гэтых птушак у вершаванай форме.
У выніку каманда Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы “Залаты вернісаж” стала другой і была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені і памятнымі падарункамі.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
