Какие вопросы решались на "Прямой линии" с начальником отдела образования

1

“Прамая лінія”, якая напярэдадні новага навучальнага года прайшла з начальнікам аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Віктарам Віктаравічам Млечкам, мела рэзананс сярод жыхароў раёна. Паступіла небывалая колькасць званкоў. Прычына гэтаму, напэўна, пачатак новага навучальнага года.


З новага навучальнага года ў Гудагайскай школе пры падтрымцы Дзяржпагранкамітэта адкрываецца кадэцкі клас. Клас сабраўся вялікі – вучыцца ў ім выказалі жаданне 24 вучні. Але для навучання ў такіх класах патрэбна спецыяльная форма. За яе пашыў нам, бацькам, давядзецца заплаціць. Але да формы яшчэ неабходна набыць верхняе адзеннне, якое таксама каштуе немалых грошай. Ці не маглі б вы, Віктар Віктаравіч, пасадзейнічаць, каб хто-небудзь дапамог нам у яе набыцці? – з такой просьбай звярнуліся на “Прамую лінію” бацькі вучняў-кадэтаў Гудагайскай СШ.


– У аддзеле адукацыі ведаюць гэтую сітуацыю. Мы звярталіся ў Дзяржпагранкамітэт з хадатайніцтвам аб дапамозе. На жаль, дапамагчы там нам не могуць. Але дырэктар школы, Ганна Мечыславаўна Капцюг, займаецца гэтай праблемай. Пакуль што адказаць магу так: верхняе адзенне можна набыць за лік спонсарскіх сродкаў, калі такія знойдуцца, або давядзецца набываць бацькам.
Бацькоў з Астраўца, чые дзеці ходзяць у дзіцячы садок, цікавіла наступнае: чаму ў спіс тавараў, якія бацькам выхаванцаў неабходна набыць да новага навучальнага года, уключаны не толькі канцылярскія тавары, але мыючыя і чысцячыя сродкі і нават пакеты для смецця і шуфлікі?
– Тое, што вы набываеце свайму дзіцяці канцылярскія прылады, думаю, не выклікае ніякіх пытанняў. У дзіцячым садку таксама пачынаецца новы навучальны год, праходзяць заняткі – і папера, алоўкі, фарбы, клей і іншыя прылады спатрэбяцца вашаму малышу.
А што датычыцца мыючых і чысцячых сродкаў, пакетаў для смецця і шуфлікаў – гэта дапамога, якая можа быць аказана бацькамі на добраахвотнай аснове. Калі вы палічыце гэта патрэбным – купіце. Не – значыць, не набывайце. Аказанне спонсарскай дапамогі – справа добраахвотная, і ніхто не мае права вас прымусіць яе аказаць!
Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць усім бацькам за спонсарскую дапамогу, якую яны аказваюць усім установам адукацыі.


– У апошні час ускладнілася сітуацыя з аварыямі, якія адбыліся з удзелам пешаходаў. Што ў гэтым накірунку збіраюцца рабіць педагогі?


Тата, Астравец.


– Педагогі пастаянна з дзецьмі праводзяць прафілактычную і растлумачальную работу, інструктажы. У кожнай установе адукацыі ёсць людзі, якія адказваюць за падвоз дзяцей. У другой палове жніўня прайшоў сумесны рэйд супрацоўнікаў аддзела адукацыі і дзяржаўтаінспекцыі, падчас якога былі вызначаны праблемы і разгледжаны шляхі іх вырашэння. У кожнай школе створаны атрады юных інспектараў дарожнага руху, а ў чатырох – атрады стоп-мэнаў – дзеці, якія ў іх уваходзяць, выконваюць не толькі прафілактычную работу, але і дапамагаюць малодшым школьнікам пераходзіць дарогу.
Увогуле правілы бяспечных паводзін дзяцей у школе – задача настаўніка, але не лішнім будзе нагадаць, што не меншая адказнасць кладзецца і на плечы бацькоў. Гэта яны павінны сваім прыкладам паказваць, як і дзе трэба пераходзіць вуліцу, як сябе паводзіць на дарозе і ў транспарце. І толькі разам мы зможам засцерагчы дзяцей ад бяды.


– Як сёлета будзе арганізавана наведванне дзецьмі школы ў шосты школьны дзень? І ці маюць права настаўнікі і адміністрацыя школы прымушаць дзяцей прыходзіць у школу ў суботу?


– Ёсць метадычныя рэкамендацыі па шостым школьным дні – згодна з імі ў гэты дзень у школах праводзяцца розныя мерапрыемствы. У гэты ж дзень дазваляецца праводзіць факультатыўныя заняткі выхаваўчага характару для вучняў 9-11 класаў, абавязковыя для наведвання. А вось спартыўныя і выхаваўчыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гэты дзень – справа добраахвотная. І ўсё ж, калі бацькі не могуць забяспечыць кантроль за сваімі дзецьмі ў гэты дзень, лепш, канешне, каб яны знаходзіліся ў школе.
Галоўнае, каб дзіця хацела ісці ў школу. І задача педагога – стварыць такія ўмовы. Дарэчы, бацькі таксама павінны прымаць удзел у суботніх мерапрыемствах, сустракацца з педагогамі, псіхолагам, адпачываць разам са сваімі дзецьмі, для таго, каб шосты школьны дзень прайшоў на карысць дзіцяці.


Бацькі дзяцей, якія ў мінулым годзе пачалі вучыцца ў Варнянскім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце, цікавіліся, чаму іх дзецям нельга завяршыць пачатае навучанне і атрымаць адпаведныя дакументы, як было паабяцана напрыканцы мінулага вучэбнага года.


– Сапраўды, напачатку мы планавалі на базе Варнянскай школы адкрыць структурнае падраздзяленне міжшкольнага камбіната, але ўзнік шэраг праблем. Па-першае, слабая матэрыяльна-тэхнічная база, па-другое, адсутнасць спецыялістаў, і, па-трэцяе, “Белтэхагляд” не выдаў нам ліцэнзію на падрыхтоўку вадзіцеляў катэгорыі “С” і трактарыстаў.
Дарэчы, міжшкольныя камбінаты сёння закрываюцца па ўсёй Гродзенскай вобласці. Аддзелам адукацыі цяжка іх утрымліваць – мы самі збіралі дзяцей з усяго раёна, прывозілі іх у Варняны, вучылі на бюджэтнай аснове і потым адвозілі дахаты. На адукацыйны працэс затрачваліся вялікія бюджэтныя сродкі, што на дадзены момант не рацыянальна. Таму цяпер, калі вы хочаце атрымаць правы, можаце звярнуцца ў прыватную арганізацыю ці ў Ашмянскую аўташколу, дзе рыхтуюць вадзіцеляў, а таксама ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Смаргоні і Ашмянаў.


Гэтых жа бацькоў, а таксама маці з Петраполя цікавіла праблема падвозу дзяцей. Яны скардзіліся на тое, што аўтобусы, якія падвозяць вучняў і дашкольнікаў у Варнянскі НПК перапоўнены. І прасілі дапамагчы з вырашэннем узнікшай праблемы.


– Тэхнікі ў аддзеле адукацыі хапае – і пытанняў па падвозе дзяцей у новым навучальным годзе ўзнікнуць не павінна. Сёння ў нас для падвозу дзяцей задзейнічана 16 аўтобусаў аддзела адукацыі і транспарт «Аўтапарка №4» Астраўца. Петраполь – самая крайняя кропка, з якой школьнікаў падвозяць у Варнянскі НПК. Сапраўды, раней у аўтобусе ехала 27 дзяцей – гэта небяспечна. Аддзелам адукацыі накіравана хадатайства ў «Аўтапарк №4» для адкрыцця дадатковага рэйса па дадзеным маршруце.


Янкоўская Таццяна Станіславаўна, чыя дачка сёлета пайшла ў першы клас гімназіі №1, прасіла Віктара Віктаравіча дапамагчы з пераводам яе дзіцяці з 1 “Б” у 1 “Г” клас.


– Класы ва ўсіх школах фарміруюцца згодна з заявамі бацькоў. У гэтым годзе ў гімназіі набіралі 4 класы – тры рускамоўныя і адзін – беларускамоўны. Напаўняльнасць першага класа не павінна перавышаць 20 чалавек. І калі ў 1 “Г” запісана менавіта столькі дзяцей, то дапамагчы вам ніяк не зможам.
Не трэба спяшацца пераводзіць сваіх дзяцей з класа ў клас – усе нашы педагогі таленавітыя і добрыя. Наколькі я ведаю, 1 “Б” клас набрала таленавіты педагог з вышэйшай адукацыяй, у якой ёсць вышэйшая педагагічная катэгорыя, Наталля Міраславаўна Ляшнеўская – і думаю, вам тут павінна спадабацца.


-----------------------------------------------
На “Прамой лініі” дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота з сайта dp.ric.ua