Какие вопросы поступают от населения в районный отдел внутренних дел
1
Раённы аддзел унутраных спраў рэгулярна праводзіць вывучэнне грамадзянскага меркавання аб дзейнасці органаў унутраных спраў. Падчас правядзення чарговага маніторынгу ў жніўні ў райаддзел таксама паступіў шэраг пытанняў: грамадзян цікавілі праблемы бяспекі дарожнага руху і выканання транспартнай дысцыпліны, забеспячэння грамадскай бяспекі, аховы грамадскага парадку. Усе пытанні былі разгледжаны і прыняты пэўныя меры.Так, астраўчане закранулі праблему асвятлення вуліцы Бялькішкі. У выніку даследавання 22 жніўня начальніку ДЭУ-57 г. Ашмяны, якое абслугоўвае гэтую вуліцу, было выпісана прадпісанне – усе непаладкі павінны былі быць выпраўлены да 8 верасня. Праўда, па тэхнічных прычынах кіраўніцтва дарожнага ўпраўлення папрасіла прадоўжыць тэрмін да 20 верасня. Аднак і да гэтай даты асвятленне па вуліцы Бялькішкі не было адрамантавана. У выніку за невыкананне прадпісання да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты энергетык Г.К. Пяткевіч. Электраасвятленне ў хуткім часе было адрамантавана.
Па-ранейшаму існуе праблема парушэння ліхачамі хуткаснага рэжыму, невыканання правілаў дарожнага руху веласіпедыстамі і неабсталяванне святлоадбівальнымі элементамі гужавога транспарту. З 18 жніўня да адказнасці прыцягнуты 84 вадзіцелі, якія перавысілі хуткасць, і 7 веласіпедыстаў, што парушылі правілы перасячэння пешаходных пераходаў.
Што тычыцца гужавога транспарту, то з 18 жніўня да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 6 возчыкаў. Для прафілактыкі гэтага парушэння 28 верасня ў Дайлідках было праведзена спецыяльнае мерапрыемства, падчас якога супрацоўнікі праваахоўных органаў наведалі ўсіх уладальнікаў гужавога транспарту ў гэтай вёсцы. У выніку ўсе павозкі былі абсталяваны святлоадбівальнымі элементамі, а іх уладальнікі праінструктаваны аб выкананні правілаў дарожнага руху.
З пачаткам будаўніцтва ў нашым раёне Беларускай АЭС насельніцтва ў райцэнтры павялічылася. Прыезд незнаёмых людзей, якія не толькі працуюць, але і адпачываюць, не мог не насцярожыць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія адказваюць за спакой і парадак на вуліцах горада. У сувязі з гэтым у выхадныя і святочныя дні супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі і рэйдавыя групы асаблівую ўвагу надаюць патруляванню забаўляльных устаноў Астраўца. Праводзяцца таксама праверкі інтэрнатаў, дзе пражываюць прыезджыя грамадзяне. Штомесяц у РУП “Беларуская АЭС” і Прадстаўніцтва ААТ НІАЭП у Рэспубліцы Беларусь накіроўваюцца спіскі работнікаў, задзейнічаных на будаўніцтве АЭС, якія парушылі закон. Напрыклад, у верасні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 52 такія работнікі.
Вядома, што п’яны чалавек на вуліцы – патэнцыяльная небяспека для акружаючых. Пагэтаму вуліцы Астраўца рэгулярна патрулююць аўта- і пешы патрулі. Толькі ў верасні супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі забралі з вуліц горада 70 грамадзян у нецвярозым стане. За з’яўленне ў п’яным выглядзе і распіццё спіртнога ў грамадскім месцы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 105 чалавек.
Янаўскае вадасховішча рашэннем Астравецкага райвыканкама прызнана месцам масавага адпачынку грамадзян. Асабліва ажыўлена тут у вясенне-летні перыяд. Аднак не ўсе грамадзяне ўмеюць адпачываць спакойна і без канфліктаў. Віной гэтаму ўсё тое ж злоўжыванне спіртным. Пагэтаму ў “гарачы” сезон, у выхадныя і святочныя дні тут дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. Тым не менш, некаторых ад жадання “пагалівудзіць” не спыняюць нават людзі ў міліцэйскай форме. У гэтым годзе за распіццё спіртных напояў у зоне адпачынку да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 7 чалавек.
----------------------------------------------------------------
В. Супрановіч, намеснік начальніка РАУС.
