Какие платные услуги предлагают образовательные учреждения Островетчины?
Не першы год установы адукацыі аказваюць усім жадаючым платныя адукацыйныя паслугі. І калі дашкольнікі і іх бацькі з задавальненнем карыстаюцца гувернёрскімі паслугамі – правядзенне дзіцячых святаў, заняткі з педагогамі-псіхолагамі, дэфектолагамі, наведваюць «Малышкіну школу» ці дзяжурныя групы, то інтарэсы ў школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту зусім іншыя. Менавіта таму ўстановы сярэдняй адукацыі прапануюць сваім навучэнцам дадатковыя платныя заняткі па вучэбных прадметах, аказваюць спартыўныя і тэатральныя паслугі, а таксама здаюць памяшканні ў арэнду.Якія платныя паслугі карыстаюцца найбольшым попытам у дзяцей і іх бацькоў? І што б яшчэ маглі прапанаваць установы адукацыі? Гэта мы і паспрабавалі высветліць у нашым апытанні.
Людміла, п. Гудагай:
– Пакуль дачка не хадзіла ў дзіцячы садок, мы з задавальненнем наведвалі заняткі ў «Малышкінай школе», якая працуе ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1. Маёй дачцэ заўсёды падабалася там маляваць, ляпіць, спяваць і танцаваць, сустракацца са сваімі аднагодкамі і выхавальніцамі. Напэўна, таму і прывыканне да дзіцячага садка ў нас прайшло лёгка.
Андрэй, аг. Варняны:
– Нягледзячы на тое што сын хадзіў у дзіцячы садок і там яго рыхтавалі да школы, мы вырашылі наведваць заняткі па падрыхтоўцы дзяцей у першы клас, якія праводзяць настаўнікі ў школе. Палічылі, што так Саша хутчэй прывыкне да настаўніцы, якая потым чатыры гады будзе працаваць з ім у класе, і да сваіх аднакласнікаў – не ўсе хадзілі ў садок. Мяркую, што і ў пачатковай школе будзем наведваць дадатковыя платныя заняткі – хочацца, каб дзіця атрымала добрую адукацыю.
Марына, г. Астравец:
– Дадатковымі платнымі паслугамі, якія аказвае школа, у якой вучыцца мая дачка, мы не карыстаемся. А вось гурток «Спартыўна-бальныя танцы», які праводзіць індывідуальны прадпрымальнік, наведваем з задавальненнем. Невысокі кошт, добры настрой, магчымасць удзельнічаць у конкурсах – жадаючых займацца танцамі шмат. Ведаю, што ў школах таксама ёсць заняткі па харэаграфіі – але хацелася б, каб яны былі вузканакіраванымі. Добра было б, каб школьнікі маглі наведваць заняткі па спартыўнай гімнастыцы, а таксама басейн. Спадзяюся, калі пабудуюць спартыўны комплекс, такая магчымасць у нас з'явіцца. А таксама было б цудоўна, каб для вучняў другога класа ў школе арганізавалі групу падоўжанага дня – многія бацькі такую ідэю з задавальненнем падтрымалі б.
Вадзім, г. Астравец:
– Мой сын яшчэ маленькі і праводзіць час разам з мамай дома. Думаем, што крыху пазней пачнём наведваць заняткі ў дзіцячым садку, а пакуль што рана.
А сам я з задавальненнем хаджу ў трэнажорную залу гімназіі №1, аснашчаную добрым спартыўным абсталяваннем.
На маю думку, у Астраўцы не хапае басейна. Думаю, аддзелу адукацыі, спорту і турызму неабходна ўкладваць грошы менавіта ў яго будаўніцтва.
Анастасія, аг. Гервяты:
– На працягу года наведвала дадатковыя заняткі па прадметах у сваёй школе. Нягледзячы на тое што вучуся я нядрэнна, атрымала шмат новых ведаў. Думаю, што і сёлета таксама выберу нейкія факультатывы.
Вольга, г. Астравец:
– Сёлета сын закончыў чацвёрты клас. У мінулым навучальным годзе ён наведваў факультатывы па матэматыцы і рускай мове, але яны былі бясплатнымі. Нам, канешне, прапаноўвалі дадатковыя платныя заняткі, але сыну дастаткова і таго, што ён атрымліваў падчас урокаў і факультатываў.
На мой погляд, у школе сёння не хапае заняткаў практычнай накіраванасці, якія пашыралі б кругагляд дзіцяці: як правіла, дзяцей нагружаюць тэорыяй, – а хацелася б, каб яны маглі замацаваць яе на практыцы. Думаю, такія прапановы карысталіся б попытам.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
