Как вы относитесь к татуировкам?
– А я вось вырашыла сабе “татушку” зрабіць. Але яшчэ не ведаю, дзе і якую. Можа, дракона? Ці вампіра… Або наогул чэрап? Дапаможаш выбраць?Ад такой раптоўнай і ў той жа час нявіннай заявы сваёй чатырнаццацігадовай пляменніцы я ледзь не выпусціла з рук талерку, якую ў гэты момант мыла. Яна ж з самым бесклапотным выглядам нешта шукала ў сваім тэлефоне. Сумняваюся, што мая суперпрасунутая пляменніца ў поўнай меры разумела, што на самой справе азначае зрабіць татуіроўку і якія ад гэтага могуць быць наступствы. Хаця…
Шчыра кажучы, да разнастайных малюнкаў-узораў-абстракцый на скуры я адношуся станоўча: нешта проста падабаецца, а некаторымі адкрыта любуюся. Чаго грэх таіць: у студэнцкія гады крыху з зайздрасцю пазірала на сапраўдныя шэдэўры на скуры некаторых суседак па інтэрнаце і сама не раз падумвала аб тым, каб “пасадзіць” сабе дзе-небудзь на шчыкалатку невялічкага дзівоснага звера ці казачнага матылька. Праўда, мне тады было больш, чым чатырнаццаць гадоў. Але ў сучаснай моладзі – таксама свае інтарэсы.
Жаданне маёй пляменніцы – даволі тыповае. Што гэта? Хвіліннае жаданне, спроба самавыражэння, юнацкі пратэст, выклік астатнім або проста дзіцячы капрыз? Пра гэта, а таксама пра адносіны да татуіровак мы спыталі ў розных людзей.
Аляксандра, 39 гадоў, мама дачкі-падлетка:
– Так, мая дачка хоча зрабіць татуіроўку, і я не маю нічога супраць. А чаму б і не?! У нас чамусьці да гэтага часу жыве нейкі стэрэатып і тату асацыіруюцца з турэмшчыкамі ці нечым дрэнным. Успомніце сябе ў юнацтве. Мы таксама неяк самавыражаліся. Фарбавалі грывы, рэзалі джынсы, праколвалі па некалькі дзірак у вушах. І забарона бацькоў дзейнічала горш, чым чырвоная ануча на быка. Вырваўшыся з-пад бацькоўская апекі, мы ўсё роўна рабілі па-свойму. Дык ці варта рабіцца ворагам уласнаму дзіцяці? З іншага боку, зразумела, я не хачу, каб яна была ўся “размалеванная татушкамі”. Аднак забараніць – значыць, яшчэ больш падштурхнуць. Можна ж падысці да гэтага па-іншаму. Зараз ёсць так званыя часовыя (пробныя, несапраўдныя) тату. Хай паспрабуе – і, магчыма, ужо праз тыдзень-месяц ёй надакучыць коцік ці чэрап на плячы. Плюс тлумачэнне, што тату – досыць балючая працэдура, параўнаць, напрыклад, з глыбокай драпінай, апёкам на скуры. І няхай пасля самастойна выбірае.
Віктар, 28 гадоў:
– Чаму я зрабіў татуіроўку на руцэ “ВМФ”? Тут усё проста: армія, ваенна-марскі флот, сябры, памяць аб тых днях. Рабіць тату тады пайшлі некалькі чалавек. А за кампанію, як кажуць, можна шмат чаго зрабіць. Тым больш у 19 гадоў. Аднак не скажу, каб я калі-небудзь пашкадаваў аб гэтым, – тату абсалютна мне не перашкаджае, наадварот, пагляджу – і ўспомню армейскіх таварышаў, нашы жарты над “духамі”. А вось тату на дзяўчатах не люблю. Навошта псаваць натуральнае, прыгожае штучнымі ўзорамі?
Аліна, 25 гадоў:
– Татуіроўку зрабіла ў 20 гадоў. Гэта быў перыяд пошуку сябе, свайго месца ў жыцці, разумення, чаго я хачу і чаго вартая. Для мяне гэта было не проста нейкае ўпрыгожанне ці адпавяданне модзе, павеву часу. Наадварот, гэта быў таямнічы, сакральны момант. Магчыма, праз лініі і вобразы я хацела паказаць у першую чаргу сябе, свой унутраны свет. Шкадаваць? Не, я ніколі не пашкадавала. Але зараз, напэўна, ужо не рабіла б тату. Аднак у кожнага свой выбар і матывацыя.
Алег, 15 гадоў:
– У майго дзядулі была вялізная татуіроўка на грудзях – нейкі міфічны звер. Як казаў дзед, зрабіў яго па дурасці, а засталося навечна. Дык вось, улічваючы, што дзядулю за 70, глядзіцца гэты звер, мякка кажучы, не вельмі. І калі сябры пачынаюць нешта гаварыць пра тату, я адразу ўспамінаю дзядулю. Не, татуіроўкі мяне не захапляюць.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
