Как воспитать достойного человека?
Аб гэтым ішла размова на бацькоўскім сходзе ў Варнянскай школе. Сям’я з існуючымі ў ёй узаемаадносінамі паміж дзецьмі і бацькамі – першая школа інтэлектуальнага, маральнага, эстэтычнага і фізічнага выхавання. Бацька і маці, браты і сёстры, дзядуля і бабуля з’яўляюцца першымі выхавальнікамі дзяцей у дашкольным узросце і застаюцца імі на ўсё жыццё. Духоўнае і маральна-эстэтычнае багацце сямейнага жыцця – важнейшая ўмова паспяховага выхавання дзіцяці і ў хатніх умовах, і ў дзіцячым садку, і ў школе.Аб гэтым ішла сур’ёзная размова бацькоў і педагогаў Варнянскіх яслей-сада-сярэдняй школы на бацькоўскім сходзе на тэму “Сумесная работа сям’і і ўстановы адукацыі – заклад паспяховага выхавання”. Над праектам гэтага сходу шмат папрацавалі намеснік дырэктара па пазакласным выхаванні Аксана Іванаўна Керна, класныя кіраўнікі Вера Генадзьеўна Шпакоўская, Вольга Іосіфаўна Сянюць, Уладзімір Віктаравіч Саленік, бацькі і дзеці.
З вялікай увагай і цікавасцю слухалі прысутныя бацькі і педагогі Таццяну Яўгеньеўну Шадзяніс, мнагадзетную маці, якая расказала пра сакрэты дзіцячага выхавання ў сваёй сям’і:
– “Дзеці вучацца таму, што яны бачаць у даму”, – гаворыць народная мудрасць. Пагэтаму мы з мужам імкнемся быць прыкладам для сваіх дзяцей ва ўсім: у словах, у паводзінах, у справах. Нягледзячы на тое, што шмат працы па гаспадарцы, знаходзім час для таго, каб выслухаць іх, дапамагчы парадай. Вечарам заўсёды выслухаем, як дзеці правялі свой дзень, час ад часу робім заўвагі: тлумачым, як правільна ў той ці іншай сітуацыі паступіць. Пасля гуляем з імі ў настольныя гульні. З намі жыве прабабуля Феня Іванаўна. Калі яна ў добрым настроі, то расказвае нам пра вайну, спявае даўнейшыя прыпеўкі і песні. А мы падпяваем. Дзеці любяць прабабулю і адгукаюцца на яе просьбы. У нашай сям’і трое дзяцей, і мы стараемся, каб ніхто з іх не быў абдзелены нашай любоўю і ўвагай. Яны ўсе розныя, мы гэта разумеем і бачым у кожным з іх асобу. Старэйшая дачка Кацярына вучыцца ў 7 ”В” класе, а паралельна – пяты год па класу ”Фартэпіяна” ў музычнай школе. Ёсць у яенекаторыя поспехі, за што мы вельмі ўдзячны настаўніцы Вікторыі Паўлаўне Ярмак. Яшчэ Каця трэці год займаецца каратэ. Вядома, часу ў яе застаецца няшмат, але яна, тым не менш, займаецца яшчэ вышываннем і арыгамі, вучыцца смачна гатаваць. Малодшыя Енісей і Давід таксама актыўна выкарыстоўваюць кожную свабодную хвілінку. Енісей вучыцца ў 3 класе Варонскай школы, вельмі любіць спяваць і танцаваць, займаецца каратэ. У вольную хвіліну ён збірае свае вудачкі і бяжыць на рыбалку. Давід, самы маленькі, ходзіць у дзіцячы садок, вучыцца чытаць і займаецца англійскай мовай, вельмі любіць маляваць. Можна сказаць, што ў дзяцей, як і ў нас, кожны дзень распісаны па хвілінах, нам няма калі сумаваць. Адпачываць мы любім разам: едзем на прыроду, або ідзем на рыбалку, гуляем у тэніс ці футбол, купаемся. Лета праводзім у дзядулі Валодзі і бабулі Зоі, бо ў іх вялікая гаспадарка і ім трэба дапамагаць. Дзеці таксама працуюць, дапамагаюць любімым бабулі і дзядулю, вучацца быць працавітымі, умелымі, гаспадарлівымі. Канешне, нам вельмі дапамагаюць выхоўваць дзяцей настаўнікі і выхавальніцы, вялікі ім дзякуй за веды, што яны даюць. Як і ў кожнай сям’і, у нас таксама ўзнікаюць нейкія праблемы, але мы стараемся вырашаць іх у добразычлівай абстаноўцы, з цярпеннем і любоўю, бо дзеці для нас – самае вялікае багацце на зямлі.
Цікавым для слухачоў было і выступленне класнага кіраўніка 3 класа Таццяны Станіславаўны Лакевіч, якая расказала пра вопыт выхавання дзяцей у класным калектыве. Сур’ёзны, творчы і цікавы педагог, яна шмат сілы, часу аддае стварэнню ў класе атмасферы дабрыні, даверу, узаемадапамогі, развіваючы станоўчыя эмоцыі ў вучняў, а таксама іх уменне кіраваць адмоўнымі эмоцыямі. Перш за ўсё вучыць дараваць сябрам, старэйшым, не таіць крыўду, не выношваць жаданне адпомсціць, пакараць. А таксама ўмець кіраваць страхам, перацярпець няўдачу.
Адзін з галоўных аспектаў атмасферы дабрыні, даверу ў калектыве – гэта стварэнне ўмоў для павагі чужога меркавання. Дзеці вучацца фармуляваць і выказваць сваю думку, не баяцца быць адзінымі ў сваім меркаванні, вучацца адстойваць яго, а таксама прызнаваць памылковаць думкі. Важным момантам з’яўляецца таксама выхаванне цярплівых адносін да розных людзей, рэчаў, поглядаў. Таццяна Станіславаўна стараецца, каб класны калектыў жыў цікавым і разнастайным жыццём.
У педагагічнай скарбонцы настаўніцы шмат разнастайных форм работы з дзіцячым калектывам: дыялогі і дыспуты на тэмы “Я сярод людзей”, “Добрым быць зусім няпроста…”, “Цана ўчынку”, “Урокі маралі”, святы, гульні, сустрэчы з цікавымі людзьмі і інш. Для сябе яна выпрацавала некалькі дзейсных правілаў узаемаадносін з вучнямі: поўны давер, бачанне ў іх асобе суразмоўцы, наладжванне з дзецьмі псіхалагічнага кантакту. Неабходна зыходзіць з таго, што школьнікі жадаюць вучыцца, развіваць у сабе здольнасці, адчуваць эмацыянальны настрой класа і дзейнічаць у адпаведнасці з ім, адкрыта паказваць у класе свае пачуцці.
Да бацькоўскага сходу была арганізавана цудоўная выстава “Вясёлка сямейных талентаў”, дзе сваімі захапленнямі падзяліліся Каця Шадзяніс (работы з паперы ў тэхніцы модульнага арыгамі), Наталля Уладзіславаўна і Віктар Іванавіч Стакуны і іх сын Дзіма (разныя рэчы з дрэва: шкатулкі, пенал, ружа, невялікія статуэткі для шпілек і інш.)
“Выхаванне дзяцей – самая важная вобласць нашага жыцця. Нашы дзеці – гэта будучыя грамадзяне нашай краіны і грамадзяне свету. Яны будуць ствараць гісторыю. Нашы дзеці – гэта будучыя бацькі і маці, яны таксама будуць выхоўваць сваіх дзяцей. Нашы дзеці павінны вырасці цудоў нымі грамадзянамі, добрымі бацькамі і матулямі. Але і гэта не ўсё: нашы дзеці – гэта наша старасць. Правільнае выхаванне – гэта наша шчаслівая старасць, дрэннае выхаванне – гэта наша будучае гора, гэта нашы слёзы, наша віна перад другімі людзьмі, перад усёй краінай” – казаў вядомы педагог ХХ стагоддзя А.С. Макаранка.
Бацькоўскі сход завяршыўся цікавай натхнёнай гульнёй “Што? Дзе? Калі?” паміж камандамі “Альтэрнатыва” і “Кампраміс” у складзе настаўнікаў, бацькоў, вучняў, прысвечанай 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пераможцы былі ўзнагароджаны медалямі, пераможаныя – сертыфікатамі ўдзельніка.
-------------------------------
Людміла Кухарэвіч.
