Как подключить цифровое телевидение?

15 студзеня бягучага года былі адключаны аналагавыя тэлевізійныя перадатчыкі на Смаргонскай РТПС. Гэта значыць, што сёння ўся тэрыторыя Астравецкага раёна пакрыта лічбавым вяшчаннем. І кожны астраўчанін мае магчымасць без праблем глядзець 8 лічбавых тэлепраграм сацыяльнага пакета, якія трансліруюцца ў эфіры.

Нягледзячы на тое, што пераход на лічбавае тэлевяшчанне не раз агучваўся ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў нашай газеце, у насельніцтва застаецца шмат пытанняў. Галоўныя з якіх: якое абсталяванне неабходна для прыёму эфірнага лічбавага сігналу? І як яго падключыць?

Паспрабуем разабрацца разам

Безумоўна, лічбавае тэлебачанне па якасці значна лепшае. Думаю, тыя, хто ўжо карыстаецца лічбавымі тэлевізарамі ці спецыяльнымі прыстаўкамі, яшчэ да адключэння аналагавага вяшчання мелі магчымасць ацаніць якасць “лічбы”.

Больш складана тым, хто яшчэ не абзавёўся лічбавымі тэлевізарамі. Але і тут праблем не павінна ўзнікнуць: вялікай неабходнасці ў набыцці такога тыпу тэлевізараў няма. Сёння ў продажы ёсць лічбавыя прыстаўкі – сярэдні іх кошт 430 тысяч беларускіх рублёў. Прыстаўка ўніверсальная і павінна падысці да любога тэлевізара, калі ён не вельмі стары. А вось праблемы з яе ўстаноўкай усё ж могуць узнікнуць, асабліва ў сталых людзей.

Пра гэта і гаварылі жыхары нашага раёна, якія ў першы тыдзень адключэння аналагавага вяшчання звярталіся з пытаннямі пераходу на лічбавае вяшчанне ў рэдакцыю “Астравецкай праўды”. Яны прасілі дапамагчы знайсці спецыяліста, які б змог устанавіць прыстаўку да тэлевізара.

У падобную сітуацыю праз некалькі дзён давялося трапіць і самой. Яшчэ напярэдадні адключэння аналагавага вяшчання мы набылі прыстаўку для бабулі. Унук падключыў яе да тэлевізара, знайшоў і ўстанавіў каналы – гэта, канешне, заняло час, але ніякіх складанасцей не ўзнікла. Бабуля – радая, мы – яшчэ больш. Паказалі, як карыстацца пультам, – бабуля паспрабавала “цуд тэхнікі” – здаецца, усё атрымалася.

Толькі на наступны дзень з раніцы яна абудзіла нас тэлефонным званком: “У мяне не працуе тэлевізар. Прыязджайце, паглядзіце!”

Мы адправіліся да бабулі, зноў паказалі кнопачкі, на якія трэба націскаць, і папрасілі больш ніякія не чапаць! Але на наступны дзень сітуацыя паўтарылася: “Нешта зноў сапсавалася. Напэўна, прыстаўка”, – пачуўся голас бабулі.

На гэты раз паехала я…

Амаль гадзіну “лавіла” каналы, сарціравала па нумарах, выдаляла непатрэбныя – і добра яшчэ, што пад  рукамі аказала ся інструкцыя, прачытаць якую, па праўдзе кажучы, можна толькі, калі маеш добры зрок.

Толькі тады я зразумела, што ні вясковая, ні гарадская бабулі самастойна наўрад ці змогуць ўстанавіць гэтую прыстаўку.

Хто ж дапаможа?

Патэлефанавала ў Смаргонскі цэх ультракароткіх хвалевых радыёстанцый абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання. Яго начальнік Уладзімір Іванавіч Высоцкі патлумачыў, што іх арганізацыя не мае ніякага дачынення да ўстаноўкі лічбавых прыставак. Уладзімір Іванавіч парэкамендаваў звярнуцца ў “Белтэлекам”, выказаўшы думку, што, магчыма, гэтая арганізацыя аказвае такія паслугі.

У “Белтэлекаме” патлумачылі, што падключэннем лічбавых прыставак арганізацыя не займаецца. Але сёння “Белтэлекам” аказвае паслугу “Эфірнае тэлебачанне “Zala” – гэта значыць, што любы жадаючы можа звярнуцца ў сервісны цэнтр Астравецкага вузла электрасувязі і заключыць дагавор на  падключэнне такой паслугі. На працягу 10 дзён спецыялісты падключаць базавы пакет “Стандарт-ТВ” ці іншы па жаданні кліента – і за абаненцкую плату, якую неабходна плаціць кожны месяц, можна будзе глядзець 8 сацыяльных каналаў, а пасля 24 лютага – яшчэ і 18 камерцыйных. Больш падрабязную інфармацыю па падключэнні эфірнага тэлебачання “Zala” можна атрымаць па тэлефонах 23-0-00 ці 130.

У гандлёвых кропках, у якіх сёння можна набыць лічбавыя прыстаўкі, паслугі па іх падключэнні таксама не аказваюць. Словам, прыстаўку давядзецца падключаць самім ці прасіць аб гэтым свайго больш “прасунутага” суседа ці родзіча.

Дарэчы, яшчэ адна парада з уласнага вопыту: не трэба гнацца за імпартнымі прыстаўкамі – лепш набыць прыстасаванне айчыннай вытворчасці, там у інструкцыі на рускай мове будуць прапісаны ўсе этапы настройкі.

Карысна ведаць:

Усе падрабязнасці па пераходзе на эфірнае лічбавае тэлевяшчанне можна даведацца ў інфармацыйнай службе па бясплатным нумары 172.

----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.