Как отдыхают островецкие дети в летнем лагере

2

Лета – пара летнікаў. І таму зусім не дзіўна, што мы таксама вырашылі наведаць адзіны ў раёне стацыянарны дзіцячы аздараўленчы лагер “Ластаўка”. І ледзь адкрылі вароты, як  проста з-пад зямлі “вырас”… Хто б вы думалі? Міліцыянер! І задаў, напэўна, традыцыйнае ў такім выпадку пытанне: “Вы – хто? І куды накіроўваецеся?”. Атрымаўшы адказ, правёў нас да дырэктара летніка Арцёма Уладзіміравіча Шатраўскага.


…Трэцяя змена дзіцячага аздараўленчага летніка пачалася з прыгожага і цікавага мерапрыемства “Купальскі карагод”. Справа ў тым, што заезд якраз прыпаў на 6 ліпеня. Таму ў першы дзень дзеці і выхавальнікі адразу ж сабраліся на агульналагернае мерапрыемства і  пазнаёміліся.


Як і штогод на лагерную  змену ў “Ластаўку” прыехала 160 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх размеркавалі па чатырох атрадах – і летні адпачынак дзяцей пачаўся.


Кожны дзень рабят распісаны літаральна па хвілінах. Да абеду праходзяць атрадныя мерапрыемствы, заняткі гурткоў і спартыўная гадзіна. Час пасля абедзенага адпачынку прызначаны для агульналагерных мерапрыемстваў.


За час, што прайшоў з адкрыцця змены, якая носіць назву “Лета – гэта маленькае жыццё”,  рабяты не толькі перазнаёміліся, але і паспелі стаць добрымі сябрамі.


Дзень казак і кірмаш талентаў, арыентаванне, святочныя канцэрты, экскурсія на пагранзаставу “Лоша”, сустрэча з работнікамі раённай бібліятэкі, раённымі валанцёрамі,  і настаяцелем праваслаўнай царквы айцом Георгіем, паездка ў цырк, Дзень хлопчыкаў і Дзень дзяўчынак, Дзень індзейца, калі можна было патанцаваць рытуальныя танцы і паўдзельнічаць у спаборніцтвах плямён, свята Нептуна і свята музыкі і, канешне, любімы ўсімі дзецьмі Дзень самакіравання.


– Больш за ўсё пакуль што рабятам спадабалася спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства “Кірмаш здароўя”. Падчас яго можна было зарабіць своеасаблівыя грошы – “ластаўкі”. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем скакалі на скакалцы, гулялі ў шашкі, падцягваліся, выпрабоўвалі сілу рук, бегалі, хадзілі па бервяну і выконвалі шэраг іншых заданняў, – расказвае педагог-арганізатар летніка Алена Станіславаўна Бабіч. – Зарабіць “ластаўкі” можна было таксама  карыснымі справамі і працай. Так, за мыццё падлогі можна было атрымаць 15 “ластавак”, за праполванне клумбы – 20. А вось за дрэнныя справы, напрыклад, парушэнне дысцыпліны ці ўжыванне нецэнзурных выразаў  можна было зарабіць штраф. Самае цікавае пачалося пасля таго, як дзеці падлічылі заробленыя “ластаўкі” – пачаўся сапраўдны гандаль. Дзеці куплялі 10 хвілін  святла пасля адбою, важатага з іншага атрада, 10 хвілін дыскатэкі і многае іншае.


Прайшоў у летніку і штогадовы конкурс “Ластаўка” шукае таленты”. Ён яшчэ раз паказаў, што таленавітых рабят у летніку сабралася шмат. А ў выніку  першае месца падзялілі паміж сабой артысты з першага і чацвёртага атрадаў – старэйшыя і самыя маленькія адпачываючыя.


– Мы стараемся зрабіць усё, каб дзецям у “Ластаўцы” было добра і камфортна. Сёлета ў летніку побач з вопытнымі настаўнікамі са школ раёна працуюць студэнты-практыканты. Гэта дае станоўчы вынік. Ёсць арганізатарскі вопыт і ў старшага выхавальніка Алены Уладзіміраўны Шымковіч – сёлета падчас другой  змены яна ўжо адпрацавала выхавальнікам атрада, а на трэцюю стала старшым выхавальнікам. Алена Станіславаўна Бабіч некалькі гадоў запар працавала ў летніку, і таму не дзіўна, што сёлета зноў прыехала сюды ў якасці педагога-арганізатара.  Побач з выхавальнікамі заўсёды знаходзяцца медыцынскія работнікі, супрацоўнікі міліцыі і, вядома, не можа быць летніка без работнікаў кухні, у якіх адна з самых адказных місій – забяспечыць дзяцей смачнай і здаровай ежай, – расказвае дырэктар “Ластаўкі” Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі. – Пачатак гэтай змены прынёс некалькі прыемных сюрпрызаў для дзяцей – у летніку з’явіліся чатыры басейны.  У кожнага атрада – свой. Цяпер у дзяцей ёсць магчымасць пакупацца і выратавацца ад ліпеньскай спёкі, што яны з задавальненнем і робяць. Кожны вечар вада з басейна выліваецца, праводзіцца яго дэзынфекцыя і ён зноў напаўняецца чыстай вадой. У планах – набыццё яшчэ аднаго “штучнага вадаёма” значна большага па памерах.


Няўжо і сапраўды так добра і весела?


– Нам тут падабаецца, – амаль у голас адказваюць рабяты. І кожны пачынае расказваць пра тое, як упершыню прыехаў у “Ластаўку”.


Аліна Пашук з Больнікаў у летнік ездзіць з другога класа. Першы раз адпачывала тут  з сястрой, апошнія некалькі гадоў ездзіць адна. Адпачынкам у летніку дзяўчынка задаволена. “А цяпер яшчэ і пакупацца можна, то ўвогуле вельмі добра,” – гаворыць Аліна.


– Спадзяюся, што ў хуткім часе зможам стварыць найлепшыя ўмовы для адпачынку дзяцей. Ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на ўстаноўку душавых кабінак – плануем, што ў наступным сезоне іх ужо можна будзе выкарыстоўваць. Сёлета ўдалося зрабіць рамонты ў карпусах, працаваць над гэтым будзем і надалей.


А пакуль што дзеці адпачываюць, весяляцца і назапашваюць сілы на новы навучальны год.


Алена ЯРАШЭВІЧ.



Фота  Андрэя ПАМЕЦЬКІ.