Как отдохнуть и оздоровиться?
Менавіта гэтае пытанне становіцца актуальным для бацькоў і іх дзяцей напярэдадні летніх канікул.Яго мы і адрасавалі галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі, спорту і турызму па аздараўленні Вользе Міхайлаўне Балунда.
– Сёлета ў раёне плануецца аздаравіць 885 дзяцей, якія змогуць адпачыць у прышкольных летніках з дзённым знаходжаннем, а таксама ў кругласутачных лагерах “Ластаўка”, “Алімпіёнік”, “Вясёлка”, “Вандроўнік” і “Дазор”.
Падчас летніх канікул будзе працаваць 13 прышкольных летнікаў з дзённым знаходжаннем дзяцей, у якіх змогуць адпачыць 390 школьнікаў. Змены ў гэтых летніках пачнуцца з 2 чэрвеня і прадоўжацца да 21 чэрвеня. На базе гімназіі будзе размешчана два летнікі – гімназічны і СШ №1. Функцыянаваць яны будуць у дзве змены ( з 2 па 21 чэрвеня і з 4 па 23 жніўня).
У сувязі з рамонтам харчблокаў сёлета дзённыя летнікі не будуць дзейнічаць у Гудагайскай і Спондаўскай школах. Не будзе яго і ў Дайлідках. Затое прадоўжыцца работа дзённага летніка на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – тут адпачнуць 35 школьнікаў. Бацькоўскія ўзносы за адпачынак у дзённых летніках складуць ад 201 да 301 тысячы беларускіх рублёў у залежнасці ад узросту дзяцей.
Як і ў мінулыя гады, будуць створаны летнікі працы і адпачынку – яны будуць дзейнічаць на базе Гервяцкай школы і Рытанскага НПК з 12.06 па 02.07. Кошт пуцёўкі ў такі летнік складзе 241 000 беларускіх рублёў.
Акрамя летнікаў з дзённым знаходжаннем, у раёне летам будзе працаваць пяць кругласутачных лагераў. Не першы год на базе “Ластаўкі” працуе 9-дзённая ваенна-патрыятычная змена, падчас якой юнакі, што скончылі 10 класаў, праходзяць практыку па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Змена пачнецца з 6 чэрвеня, кошт бацькоўскай аплаты за пуцёўку складзе 602 800 беларускіх рублёў. У гэты ж час на базе “Ластаўкі” адкрыецца змена ваенна-патрыятычнага летніка “Дазор” для вучняў кадэцкага класа Гудагайскай школы: 14 кадэтаў будуць адпачываць на базе “Ластаўкі” і праходзіць навучанне ў аддзеле пагранічнай службы “Гудагай”. Адпачынак тут будзе каштаваць 625 600 беларускіх рублёў.
У “Ластаўцы” будуць працаваць яшчэ дзве змены па 18 дзён: другая пачнецца з 19 чэрвеня, трэцяя – з 9 ліпеня. Кошт пуцёўкі залежыць ад узросту дзяцей: для школьнікаў 6-10 гадоў бацькоўская плата складзе 1 026 300 беларускіх рублёў, 11-13 гадоў – 1 101 500, для падлеткаў ва ўзросце 14-17 гадоў – 1 149 600 беларускіх рублёў.
Трэба адзначыць, што на падрыхтоўку “Ластаўкі” сёлета з мясцовага бюджэту выдзелена 500 мільёнаў рублёў для будаўніцтва душавых. Яшчэ амаль 18 мільёнаў выдзелена Гродзенскім прадстаўніцтвам па аздараўленні. Зараз у пабудаваных душавых праводзяцца ўнутраныя аддзелачныя работы, якія плануецца закончыць да адкрыцця сезону. Акрамя гэтага, было набыта неабходнае абсталяванне ў сталовую, праведзены касметычны рамонт ва ўсіх памяшканнях.
Як і ў мінулыя гады, 30 школьнікаў, якія вызначыліся на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню, будуць адпачываць і вучыцца ў аздараўленчым летніку “Алімпіёнік” на базе Варнянскага НПК. Працаваць ён будзе з 15.06 па 02.07. Кошт пуцёўкі ў “Алімпіёнік” складае 698 900 для школьнікаў 11-13 гадоў і 747 000 беларускіх рублёў – для падлеткаў 14-17 гадоў.
Прадоўжыць сваю работу дзевяцідзённы палатачны летнік “Вандроўнік”, які будзе працаваць на базе Альхоўскай школы. Тут змогуць адпачыць 30 юных турыстаў. А бацькоўская аплата за пуцёўку складзе 550 200 беларускіх рублёў.
Рымдзюнская “Вясёлка”, у якой звычайна збіраюцца актывісты вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх арганізацый, сёлета будзе працаваць толькі адну змену. За 18-дзённы адпачынак у гэтым летніку давядзецца заплаціць 731 000 (6-10 гадоў), 806 200 (11-13 гадоў), 854 300 (14-17 гадоў). Змена ў “Вясёлцы” пачнецца з 30 чэрвеня, адпачыць тут змогуць 35 школьнікаў.
Галоўным дэвізам сёлетняй летняй аздараўленчай кампаніі з’яўляецца акцыя “Разумныя канікулы: адпачывай, закаляйся, працуй і развівайся”. У рамках гэтай акцыі пройдзе шэраг цікавых мерапрыемстваў.
-------------------------------
Алена Ярашэвіч.
