Как организовано репетиционное тестирование в Островецком районе

цтЗ кожным годам рэпетыцыйнае тэсціраванне становіцца ўсё больш папулярным сярод выпускнікоў школ. Яно і зразумела – сёння, каб стаць студэнтам вышэйшых навучальных устаноў і некаторых каледжаў, трэба паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах. Як арганізавана рэпетыцыйнае тэсціраванне ў нашым раёне, мы папрасілі расказаць метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларысу Леанідаўну Кетрыс.

– Рэпетыцыйнае тэсціраванне – гэта так званая рэпетыцыя перад здачай цэнтралізаванага тэсцірання. Як правіла, у ім прымаюць удзел вучні старэйшых класаў, якія хочуць праверыць свае веды, каб потым папоўніць прабелы і падвучыць тое, што было ўпушчана. Рэпетыцыйнае тэсціраванне праходзіць у тры этапы – у лістападзе, студзені і сакавіку. Зразумела, што большая колькасць жадаючых праверыць свае веды
прыпадае на студзень і сакавік. І ад 80 да 90 працэнтаў вучняў 11 класаў вырашаюць прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне.
У бягучым навучальным годзе кошт здачы аднаго прадмета складае 61 000 рублёў – за гэту цану, акрамя выніка, які будзе ведаць толькі школьнік, бо менавіта ён кадзіруе свой тэст і ведае свой шыфр, кожны атрымае кансультацыю ад Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў па выкананым тэсце з аналізам, зробленых памылак.

Чым кіруюцца сённяшнія школьнікі, якія спрабуюць праверыць свае веды на рэпетыцыйным тэсціраванні?

Вадзім Ількевіч, вучань 11 класа Варнянскага НПК:
– Я вырашыў прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне, каб паглядзець, на што я здольны і якія памылкі магу зрабіць у тэстах. Зрэшты, рэпетыцыйнае тэсціраванне – гэта яшчэ і добры шанс навучыцца запаўняць бланкі, а гэта між іншым дапамагае адчуваць сябе больш спакойным і ўпэўненым. Дарэчы, першы раз я паспрабаваў здаць рэпетыцыйнае тэсціраванне ў 10 класе. А гэта ўжо трэцяя мая спроба – і з кожным разам вынікі радуюць. З паступленнем я ўжо вызначыўся – пайду ў БНТУ, засталося толькі добра здаць тэсты.

Інэса Браніцкая, 11-класніца Варнянскай школы:
– Вырашыла паспрабаваць, бо лічу, што трэба праверыць свае веды. Я здавала тэсты па трох прадметах: беларускай і англійскай мовах і грамадазнаўству. Гэта ўжо другая спроба. Восенню вынікі мяне парадавалі – спадзяюся, што на гэты раз яны будуць яшчэ лепшымі. Увогуле, аб добра здаць тэсты, патрэбна жаданне вучня – без яго, дакладна, нічога не атрымаецца, а таксама вера ў сябе і свае здольнасці і, канешне, веды. Я займаюся і з настаўнікамі, і самастойна. І спадзяюся, што ўсё ў мяне атрымаецца.

Кацярына Бурак, вучаніца 11 класа гімназіі №1:
– У другі раз прымаю ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні – і заўважыла, што стала менш хвалявацца. Ужо ведаеш, як запаўняць бланк, таму больш часу застаецца на выкананне тэстаў. Абавязкова прыму ўдзел у яшчэ адным этапе рэпетыцыйнага тэсціравання, каб перад галоўнымі тэстамі, якія давядзецца здаваць летам, яшчэ раз праверыць свае веды. З паступленнем я вызначылася толькі ў 11 класе – і цяпер шмат часу даводзіцца прысвячаць патрэбным прадметам, каб нагнаць упушчанае, займаюся з педагогамі, якія мяне накіроўваюць, а потым вучу, вучу і вучу.

-------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.