Как на Островетчине ведётся работа по предупреждению пожаров, рассказал руководитель районной рабочей группы по чрезвычайным ситуациям, заместитель председателя райисполкома Виктор Свилло
Калегія абласнога ўпраўлення міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якая днямі прайшла ў Астраўцы, выклікала розныя эмоцыі. Для прадухілення надзвычайных сітуацый, безумоўна, робіцца многае, але, на жаль, наступстваў агню пазбегнуць не ўдаецца. Якая работа праводзіцца ў нашым раёне па прадухіленні пажараў, мы папрасілі расказаць кіраўніка раённай рабочай групы па надзвычайных сітуацыях, што створана пры Астравецкім райвыканкаме, намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілу.– У ацяпляльны сезон звычайна абвастраецца праблема гібелі людзей на пажарах. Статыстычныя дадзеныя сведчаць, што толькі за студзень бягучага года ў Гродзенскай вобласці загінула 18 чалавек, у той час як у 2015 годзе такіх было толькі шэсць. Калі звярнуцца да аналізу гэтых надзвычайных сітуацый, можна ўбачыць, што часцей за ўсё гінуць сацыяльна неабароненыя і сацыяльна небяспечныя асобы. Гэта тыя, хто не грэбуе ўжываннем спіртнымі напоямі, – у такім выпадку дзеянне звычайна разварочваецца па простай схеме: выпіў, закурыў, заснуў і, як вынік, загінуў у агні. А таксама гэта адзінокія састарэлыя і дзеці. І кожны такі факт, як папрок нам – што не змаглі захаваць іх жыццё, хаця кожны з нас ведае яго кошт.
Каб неяк паўплываць на сітуацыю, была распрацавана сістэма работы. У кожным сельскім Савеце створаны аглядныя камісіі, у склад якіх уваходзяць старшыня сельвыканкама, участковыя міліцыянеры, прадстаўнікі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, раёна электрычных сетак і энерганадзора, раёна газазабеспячэння, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і іншыя зацікаўленыя структуры.
Наступным звяном прафілактыкі надзвычайных сітуацый з’яўляецца рабочая група па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання. Штотыдзень у райвыканкаме праходзяць яе пасяджэнні, на іх мы страемся вырашыць усе пытанні, якія ўзнікаюць падчас рэйдаў аглядных камісій. Часам мы аказваем уплыў на кіраўніцтва прадпрыемстваў, дзе працуюць грамадзяне, у якіх былі заўважаны недапрацоўкі па пажарнай бяспецы, часам словам стараемся паставіць гора-п’яніц на шлях выпраўлення.
Дарэчы, у мінулым годзе ў Астраўцы быў пашыраны пералік аглядных камісій. Створана новая камісія, якая займаецца прыватным сектарам нашага горада.
На жаль, нягледзячы на ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гэтым накірунку, у мінулым годзе і ў нашым раёне на пажары загінулі два чалавекі. Астравеччыну наведала мабільная група аблвыканкама, якая правяла канструктыўную размову з прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых службаў. Аб яе выніках гаварыць пакуль рана, але раённыя і мясцовыя органы ўлады, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях і грамадзяне, якія ўваходзяць у склад аглядных груп, робяць усё магчымае, каб зноў не здарылася бяды. І нягледзячы на тое, што аглядныя групы ўяўляюць сабой грамадскія фарміраванні, якія працуюць на добраахвотнай аснове, агульнымі намаганнямі мы стараемся прадухіліць бяду. І ніхто не адмаўляецца ад дадатковых абавязкаў – усе ўдзельнічаюць у рабоце аглядных камісій.
Зразумела, пакуль што не ўсіх нашых падапечных удаецца паставіць на шлях выпраўлення, але ўжо тое, што некаторыя з іх прыслухоўваюцца і пачынаюць выпраўляцца, гаворыць пра многае.
Мяне, як кіраўніка раённай рабочай рабочай групы, сёння хвалюе не толькі работа камісій. Хацелася б, каб людзі таксама задумваліся пра сваё жыццё. Мы ўжо пражылі два зімовыя месяцы, але наперадзе люты і сакавік, калі на двары яшчэ холадна і неабходна паліць печкі, якія за сезон ужо паспелі “знасіцца” – і менавіта іх спраўнасці цяпер варта ўдзяліць увагу.
Пытанні прафілактыкі пажараў пастаянна падымаюцца на планёрных пасяджэннях у старшыні райвыканкама. Каб дапамагчы адзінокім састарэлым, на базе Міхалішкаўскай бальніцы створана аддзяленне сястрынскага догляду – і многія адзінокія людзі могуць перажыць тут зіму. У планах райвыканкама пашырэнне такіх паслуг – прынамсі, плануецца адкрыць дом сумеснага самастойнага пражывання ў аграгарадку Падольцы. На баланс Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо перададзены будынак, у якім ён размесціцца.
Па статыстыцы, больш за 30 працэнтаў загінуўшых на пажарах – пенсіянеры. У многіх з іх былі дзеці, якія павінны былі б клапаціцца пра спакойную старасць бацькоў. І іх смерці гэта папрок маладому пакаленню за абыякавасць.
----------------------------------------
Запісала Алена ЯРАШЭВІЧ.
