Как играют в КВН в Островце
Па добрай традыцыі не першы год ён збірае разам аднадумцаў. Крэатыўных, вясёлых, артыстычных... Каб дапамагчы адкрыць і прадэманстраваць іх творчы патэнцыял, сагрэць у халодны асенні дзень і арганізаваць сапраўднае свята. Дзе пануюць шчырыя і непасрэдныя жарты, смех, кемлівасць і гумар… Дзе атмасфера пранізана весялосцю і знаходлівасцю... Усё гэта – пра конкурс КВЗ, раённы этап якога сярод школьнікаў прайшоў у кінаканцэртнай зале “Астравец”.
Пазмагацца на рынгу дасціпнасці і гумару рашыліся дзесяць каманд школьнікаў раёна. Праўда, адна з іх – “Вясёлыя рабяты” са Спондаўскай СШ – на жаль, па тэхнічных прычынах не змагла прыехаць. Аднак астатнія дзевяць, узброіўшыся жартамі і артыстызмам, рыхтаваліся да выхаду
на сцэну.
Трэба адзначыць, што тэма выступлення сёлета была няпростай: “Разумней за кнігу не скажаш”. І камандам прыйшлося нежартоўна папрацаваць, каб прыдумаць смешныя і арыгінальныя нумары. Камусьці гэта ўдалося лепш, некаму – горш, але ў выніку на суд журы і гледачоў былі прадастаўлены дзевяць выступленняў.
Першымі смяшыць і здзіўляць на сцэну выйшла каманда Міхалішкаўскай сярэдняй школы з гучнай назвай “Экшн”. І “экшанулі” яны па-свойму. Мініяцюра на тэму пошуку звычайнага пульта ад тэлевізара ў доме пісьменніцы Дар’і Данцовай ператвараецца ў сапраўдны дэтэктыў. Даследаванне, колькі кіламетраў можа праехаць мама на ручным тормазе і сцэнкі “Лох-1” і “Лох-2” выклікалі ўсмешку. Але больш за ўсё мне спадабалася шчырая і пранікнёная просьба аднаго з удзельнікаў да свайго вадзіцеля: “Чэська, едзь хутчэй. Мы ж есці хочам”.
“Сюрпрызаў не будзе” – сваёй назвай адразу папярэдзіла каманда з Альхоўскай СШ. І такім чынам завяла ў падман. Бо перанесціся з глядацкай залы ў Болдзіна і ўбачыць жывога Пушкіна разам з няняй – хіба гэта не сюрпрыз? Прыемна ўразілі і акапэльныя спевы пад рытм, які артысты выбівалі нагамі. Выпадак у рэдакцыі, дзе юны пісьменнік прапусціў свой твор праз нутро і што ў выніку атрымалася, экскурсія ў бібліятэку і наведанне вёсак бібліёбусам – альхоўцы жартавалі па-сур’ёзнаму, з сюрпрызамі...

Каманда з Рытані “Рытм FM” запомнілася юнымі ўдзельнікамі, арыгінальным паядынкам аб карысці кнігі і тэматычным відэа. Наогул рабяты прыдумалі выступленне з лірычным і сур’ёзным падтэкстам. Аднак, на жаль, у КВЗ такая форма – “не фармат”.
А вось падольскі “Нефармат” з першых хвілін узяў тэму выступлення “ў абарот”. Аказваецца, дзяўчына з кнігай у парку – сёння гэта сапраўдная сенсацыя і нонсенс. А чатырохтомнік “Вайна і мір” служыць для школьнікаў страшылкай і з’яўляецца ім кашмарным прывідам. Паказальная мініяцюра аб тым, што было б, калі б мабільныя тэлефоны замянілі кнігі, і абяцанне падальчан, што хутка на экраны выйдзе новы фільм жахаў “Настаўнікі вяртаюцца”… Ну што ж, пабачым...
Шчыра кажучы, я спачатку нават крыху спалохалася, што каманда Трокеніцкай БШ “Кнігалюбы” пераблытала КВЗ з конкурсам-аглядам мастацкай самадзейнасці. Бо пачалі яны не з жартаў, а з танца. Праўда, пасля рабяты парадавалі ксеракопіяй “Вайны і міру” і песняй пра Шэкспіра.
Затое варнянскі “Кампраміс” адразу даў зразумець, што сумна не будзе. Яны прадэманстравалі, як трэба з пачуццём дэкламаваць верш Пушкіна “Я вас кахаў…” Паказалі, якім своеасаблівым “меню” сустракае вучняў буфетчыца ў сталовай. І чым закончылася няўдалае рабаванне бібліятэкі. Паспрабавалі рабяты сябе і ў ролі рэжысёраў. Наватарская версія класічнай драмы Чэхава “Тры сястры” ў новым фармаце – праз прызму сачынення школьніцы-троечніцы знайшла сваіх прыхільнікаў. Хочацца адзначыць непаўторны артыстызм і непасрэднасць выступленняў варнянцаў. Малайцы – парадавалі.
“Букваеды” з Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання падзяліліся ісцінай, што ў Кітаі дзяцей прыносіць не бусел, а саранча.
А вось “кэвэзэншчыкі” з СШ №1 са смачнай назвай “Ягадка” пачалі смяшыць гледачоў яшчэ да пачатку свайго выступлення. Ніколі я не бачыла, каб так артыстычна і весела насілі шырму і правяралі мікрафоны. Не падвялі рабяты і падчас нумара. Добрыя жарты, жывая міміка і непасрэдны артыстызм – гэтыя якасці заўсёды запатрабаваны ў КВЗ. Эфектны і відовішчны “подкуп журы”, разлічаны больш на гледачоў, смешныя выпадкі на экзамене і непаўторная мініяцюра “Як ахоўваюць дом сабака і кот”… Словам, “Ягадка” аказалася надзвычай смачнай.
Не падвялі гледачоў і вечныя сапернікі гэтай каманды – гімназісты з простай назвай “Віктар”(цікава, перад якім такім Віктарам хацелі “прагнуцца” гімназісты?). Хочаце, каб вучні наведвалі факультатывы па прадметах? Тады рабіце, як настаўніца матэматыкі з “Віктара” – арыгінальна, відовішчна і па-жартоўнаму эратычна. Мініяцюра, як дзве мафіёзныя групоўкі сустракаюцца ў Астраўцы ў раёне дзевяціпавярховак і абменьваюцца таварам… кампаніі “Арыфлэйм”, выклікала буру пазітыву не толькі ў мяне. Нямала добрых жартаў суправаджала выступленне рабят. Але “забойнай” ва ўсіх сэнсах “фішкай” стала сцэна, дзе жаніх прыводзіць нявесту на могілкі і дорыць кальцо, якое знаходзіцца на пальцы мерцвяка. Цудоўны артыстызм і жывая гульня, нягледзячы на чорны гумар, зрабіла гэты нумар вартым элітнага КВЗ.
Калі выступленні каманд закончыліся, журы адправілася падлічваць балы і вызначаць лепшых. На мой погляд, бясспрэчнымі лідарамі сталі каманды з Варнян, гімназіі і СШ №1. Іх выступленні па-сапраўднаму рассмяшылі. Але… У чарговы раз упэўніваюся, што сапраўдны, шчыры і іскрамётны гумар становіцца ўсё большым дэфіцытам. На жаль, амаль у кожнай каманды прысутнічаў плагіят і жарты, узятыя з інтэрнэту ці, што яшчэ горш – з тэлевізійнага КВЗ. Сапраўды, “скачаць” жарты куды прасцей, чым прыдумаць іх самім. Але, пагадзіцеся, зусім не цікава глядзець ці слухаць тое, што ўжо ведаеш. Ды і не варта гэта сапраўднага “кэвэзэншчыка”.
Аднак вернемся да раённага конкурсу КВЗ. Трэцяе месца заняў варнянскі “Кампраміс”. На другім – каманда СШ №1 “Ягадка”. А пераможцам – прадказальна стаў “Віктар” з гімназіі.
Усе каманды атрымалі каштоўныя падарункі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама. Акрамя гэтага, быў вызначаны лепшы ігрок КВЗ – ім стала Насця Ляховіч з каманды “Экшн” (Міхалішкі).
----------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.