Как и чему учат школьников на Островетчине
У сярэдзіне снежня ў Вільнюсе прайшло пасяджэнне кансультатыўнай камісіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства асветы і навукі Літоўскай Рэспублікі. Удзел у рабоце камісіі прыняў і начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама В.В. Млечка.
Падобныя пасяджэнні праходзяць штогод, і на іх уздымаюцца праблемы, звязаныя з функцыянаваннем літоўскіх школ у Беларусі і беларускай школы ў Літве. Прынамсі, у Гродзенскай вобласці школ, дзе вывучаецца літоўская мова, дзве: Пяляская прыватная школа Воранаўскага раёна і Рымдзюнская сярэдняя школа з літоўскай мовай навучання, якая дзейнічае ў нашым раёне.
Візіт беларускай дэлегацыі пачаўся з наведвання беларускага пасольства. Асноўныя накірункі работы кансультатыўнай камісіі з прадстаўнікамі беларускага боку абмеркаваў пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Несцеравіч Дражын.
Пасяджэнні кансультатыўнай камісіі па чарзе праходзяць у дзвюх рэспубліках. Так, у мінулым годзе літоўскіх гасцей прымала Беларусь – пасяджэнне камісіі адбывалася ў Пяляскай школе. А сёлета прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама сустракалі ў Вільнюсе.
Першы дзень работы камісіі быў прысвечаны інфармаванню. Прадстаўнікі беларускага боку расказалі аб арганізацыі працэсу навучання ў нашай краіне, аб зменах, якія адбыліся за апошні год, а спецыялісты Міністэрства асветы і навукі Літвы паведамілі аб змяненнях у заканадаўстве ў сферы адукацыі ў сваёй краіне.
Слова для выступлення на пасяджэнні было прадастаўлена начальніку аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама В.В. Млечка, які расказаў аб тым, як арганізаваны працэс навучання дзяцей у Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання.
У сістэме адукацыі нашых краін ёсць істотныя адрозненні. Напрыклад, у літоўскіх школах і асноўны, і неасноўны вучэбныя кампаненты ацэньваюцца адзнакамі, у Беларусі неасноўны кампанент – факультатывы – не ацэньваюцца.
Падчас сустрэчы было ўзнята і яшчэ адно вельмі важнае пытанне, у вырашэнні якога павінны быць зацікаўлены два бакі. Праблема крыецца ў перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы настаўнікамі, якія жывуць у суседняй краіне, але працуюць у Беларусі. У апошні час на мяжы – вялікія чэргі, і таму настаўнікам праблематычна трапіць дамоў, у Літву, а на наступны дзень вярнуцца на работу ў Беларусь.
– Праблемай, як лічаць нашы літоўскія калегі, з’яўляецца і вялікая колькасць конкурсаў, у якіх удзельнічаюць дзеці і педагогі беларускіх школ з літоўскай мовай навучання, – расказвае Віктар Віктаравіч Млечка. – Гэтыя школы, як правіла, невялікія. Да прыкладу, сёння ў Рымдзюнскай літоўскай школе вучыцца ўсяго 57 дзяцей. Але ж ніхто не прымушае школьнікаў і настаўнікаў удзельнічаць ва ўсіх конкурсах, якія прапануюць аддзел адукацыі, упраўленне адукацыі ці міністэрства. Кожная навучальная ўстанова мае права выбраць адзін з накірункаў выхаваўчай работы і ўдзельнічаць у конкурсах менавіта гэтага накірунку.
– Для нашых літоўскіх калег стала праблемай і праходжанне настаўнікамі курсаў павышэння кваліфікацыі, –працягвае Віктар Віктаравіч. – Сёння, згодна з кодэксам, навучанне на іх трэба праходзіць не менш чым адзін раз у пяць гадоў. Але і тут няма ніякіх істотных праблем. Педагогі з Літвы, якія працуюць у нашай школе, могуць прайсці курсы павышэння кваліфікацыі і ў сваёй рэспубліцы, ніхто ў гэтым не стане пярэчыць.
Дарэчы, у бягучым годзе нарэшце ўдалося вырашыць праблемы з падрыхтоўкай тэхнічнай дакументацыі па Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання – былі перароблены акт на зямлю, тэхнічны пашпарт на будынак, дакументы на рэгістрацыю, тэрмін дзеяння якіх закончыўся.
Сёння Рымдзюнская школа з літоўскай мовай навучання фінансуецца за беларускія сродкі. Так, у рамках будаўніцтва аграгарадка ў Рымдзюнах у яе добраўпарадкаванне былі ўкладзены немалыя фінансавыя сродкі. Хаця істотная і спонсарская дапамога суседняй краіны – некаторыя тэхнічныя сродкі навучання, аўтобус для падвозу школьнікаў набыты за грошы, прадстаўленыя Літоўскай Рэспублікай.
Напрыканцы другога дня знаходжання ў Літоўскай Рэспубліцы прадстаўнікі Беларусі наведалі беларускую школу імя Францыска Скарыны, якая дзейнічае ў Вільнюсе. Будынак школы – не тыпавы, выглядае ён вельмі ўтульна. Дарэчы, фінансуецца беларуская школа двума бакамі. Настаўнікі працуюць, а дзеці вучацца згодна з праграмай, зацверджанай Міністэрствам асветы і навукі Літоўскай Рэспублікі, але па беларускіх падручніках. Тут асноўныя прадметы выкладаюцца на беларускай мове, аднак абавязкова вывучаюцца літоўская мова і літаратура і замежная мова.
Ужо ў наступным годзе літоўскіх гасцей, якія ўваходзяць у склад кансультатыўнай камісіі, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь будуць сустракаць на Астравеччыне. Семінар пройдзе на базе Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з сайта dfact.net.