Итоги по обращениям граждан в Островецкую прокуратуру

Праца са зваротамі грамадзян – важнейшая задача ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання. Іх поўны і ўсебаковы разгляд у адпаведнасці з заканадаўствам з'яўляецца адным з асноўных крытэрыяў адзнакі дзейнасці гэтых органаў, а таксама прыярытэтным накірункам дзейнасці пракурорскага нагляду.


Пракуратурай Астравецкага раёна ў мiнулым годзе разгледжана 45 пісьмовых заяў і скарг грамадзян. Абгрунтаваным з'яўляўся кожны чацвёрты зварот, якi паступіў у пракуратуру.
Звароты ў асноўным тычыліся пытаняў пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях розных форм уласнасці, за выкананнем законаў органамі ўнутраных спраў і Следчага камітэта, а таксама падрыхтоўкі іскаў у суд аб абмежаванні грамадзян, якія пакутуюць псіхічнымі захворваннямі, у дзеяздольнасці.
Аналіз абгрунтаваных зваротаў сведчыць аб тым, што па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема несвоечасовай выплаты заработнай платы і канчатковага разліку з работнікам пры звальненні.
Так, прызнаны абгрунтаванымі і задаволены звароты жыхароў Астраўца С. і К. аб спагнанні канчатковага разліку пры звальненнi з ДП «Астравецкая МПМК-158». Пракуратурай раёна кіраўніцтву прадпрыемства неадкладна было накіравана прадпісанне аб ухіленні адзначаных парушэнняў працоўнага заканадаўства. У выніку заробак работнікам быў выплачаны.
Неаднаразова ў пракуратуру звярталіся грамадзяне са скаргамі на няпоўныя праверкі Астравецкім РАУС заяў і паведамленняў аб злачынствах. У такіх выпадках пракурорскімі работнікамі прынятыя органамі дазнання рашэнні адмяняліся з накіраваннем матэрыялаў на дадатковую праверку.
Пракуратурай раёна праводзілася пэўная работа па прад’яўленні іскаў у суд аб абмежаванні злоўжываючых спіртнымі напоямі грамадзян у дзеяздольнасці.
Акрамя таго, не застаецца без увагі пракурорскіх работнікаў і дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый па разглядзе паступаючых зваротаў грамадзян.
Летась пракуратурай раёна па выніках праверак прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці за несвоечасовы разгляд зваротаў грамадзян службовыя асобы аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама.
Усяго ж у мінулым годзе пракурорам Астравецкага раёна, яго намеснікам і памочнікам падчас асабістага прыёму прыняты 229 чалавек, з іх 23 – па месцы жыхарства і працы. Грамадзянам даваліся неабходныя тлумачэнні па пытаннях, што iх цікавiлi, прымаліся пісьмовыя звароты для наступнага правядзення праверак.


-----------------------------
Дзмiтрый ДАМАРАД,
намеснiк пракурора раёна.


Фота з сайта polevsk.midural.ru.