История двух людей. Ты не один! И она - не одна

У Міхалішкаўскай бальніцы сціскаецца час – але хутчэй адбівае такт сэрца. Там агаляюцца  ўнутраныя страхі – але жыццё набывае большы сэнс. Менавіта там, а не ў разумных падручніках, можна знайсці адказы на пытанні спрадвечнага канфлікту дзяцей і бацькоў – і многія іншыя…

Колькасць пастаянных жыхароў гэтай бальніцы змяняецца ледзь не кожны тыдзень, але не мяняецца ўклад жыцця гэтых людзей. У гадзіны паміж снеданнем і вячэрай уціснуты размовы, сустрэчы з медперсаналам, прыём лякарстваў, жарты, малітвы… Цэлы адасоблены горад існуе па сваіх законах і раскладу, якіх кожны пацыент павінен прытрымлівацца.

Яны вельмі розныя – як і мы з вамі: са сваімі характарамі, думкамі, спадзяваннямі. Але ў кожнага з іх свая дарога да новага дому – Міхалішкаўскай бальніцы. Некаторыя лічаць людзей, якія аднойчы сюды трапілі, няшчаснымі і гаротнымі, забытымі светам і Богам. Але гэта памылковае меркаванне. Пацвярджэнне таму – гісторыя двух людзей, з’яднаных пад адным дахам часам, абставінамі, самім жыццём.

Пралог

У Міхалішкаўскай бальніцы я бывала не раз: пажылым адзінокім людзям, якія знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, разам з іншымі самадзейнымі акцёрамі спектакля “Калядны вечар” прывозіла падарункі, купленыя на сабраныя ад пастановак сродкі; у якасці журналіста раённай газеты суправаджала спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне. Бывала ў сценах гэтай установы і, скажам так, не ў афіцыйным парадку...

Кожны раз, калі я пераступала парог бальніцы, трансфармавалася маё ўспрыняцце адзінокай старасці як сацыяльнай праблемы і мяняліся мае адносіны да дзяржаўнага ўтрымання адзінокіх людзей. Першае наведванне пацыентаў-жыхароў Міхалішкаўскай бальніцы пакінула пасля сябе роспач і слёзы: душа разрывалася ад болю за гэтых чужых, зусім незнаёмых мне дзядуляў і бабуляў.

Адзінота, няважна ў якім узросце, не пераносіць аднабаковага падыходу. Другі, трэці, чацвёрты прыезд у гэтую бальніцу даліся лягчэй: эмоцыі адступілі на другі план, акрамя чорнага і белага, я стала адрозніваць і іншыя колеры ў іх жыцці. Сталасць адкрылася з іншага боку – праз надзеі і мары адзінокіх людзей, іх думкі аб жыцці і смерці, успаміны аб родных і блізкіх…

Калі вы бывалі ў Міхалішкаўскай бальніцы – нічога новага я вам не адкрыю: адзінокія пажылыя людзі дагледжаныя – накормленыя, чысценькія і жывуць у цяпле. Калі вы ніводнага разу не пераступалі парог гэтай установы, раю гэта зрабіць. Не таму што жыхары казённых палат маюць у нечым патрэбу – вопратцы, прадуктах або лекавых сродках. Гэтым людзям не хапае звычайнай людской ўвагі. Дэфіцыт стасункаў нельга акупіць ахвяраваннямі і падарункамі, а можна папоўніць праз душэўнае цяпло. Выслухаць пажылога чалавека, паспачуваць, прыехаць другі раз – гэта ж не так і дорага каштуе, праўда?

Яна



Мая сяброўка Апалонія сёлета адзначыла сваё 90-годдзе. Сімвалічна, што віншаванні з нагоды Дня пажылых людзей і дзень свайго нараджэння жанчына прымала з розніцай у адзін дзень.  Менавіта гэтыя дзве даты ў мінулым годзе бліжэй пазнаёмілі мяне з Апалоніяй Віктараўнай Буйніцкай, ды і з яе суседкамі па палаце таксама. Аднак толькі сёлета жанчына згадзілася расказаць гісторыю свайго жыцця.

– Нарадзілася я ў Спондах у 1924 годзе – якраз тады, калі Ленін памёр. У бацькоў нас было пяцёра – тры сыны і дзве дачкі: Міхаіл, Казімір, Баляслаў, я і Ядзюня. Жылі бедна, бо зямлі мелі мала. Больш па людзях хадзілі ды на чужой зямлі рабілі. Працавала то працавала: і звеннявой была, і на сеялцы сеяла, і лён да ладу даводзіла. Іншыя жанчыны пасля яго сартавалі і здавалі ў Смаргонь. Усё жыццё пры бацьках і пражыла. Не знайшла свайго чалавека, і дзяцей Божачка мне не даў. Але з твару не брыдкая была. І кавалераў мела. Аднаго моцна кахала, але падмануў ён мяне. Потым ад людзей дазналася, што Францішак і другіх дзяўчат ашукаў. Пасля ажаніўся, але доўга не нажыў. Ёсць Бог на свеце, кару наслаў: Францішак з глузду з’ехаў. Яго родзічы вывезлі ў Вільню, у бальніцу для такіх жа хворых, як і ён. Жонка праз некалькі гадоў за ім паехала. Напэўна, спадзявалася жанчынка, што ізноў жыць будуць. Але ўрачы віленскія не дапамаглі: без розуму як быў, так і застаўся – лёг у сорак гадоў пад поезд…

Я з бацькамі жыла, кросны ткала, палатно бяліла. Хлопцы да мяне ў сваты прыходзілі. Бацькі казалі, каб ішла замуж. Але я нікому не верыла. У нас было нарыхтавана дрэва на цэлы зруб – можна было хату ставіць. Пра гэта ведалі ўсе ў акрузе. Якраз у гэты час да мяне прыйшоў сватацца адзін. Не мяне хацеў, а драўніну… Так я і не пагадзілася. Ён пасля з другой пабраўся.

Калі маці здзяцінела, даглядала яе. Брат мне адразу сказаў: “На работу нікуды не пойдзеш, будзеш пры хаце і пры маці”. Дрэнна ў яе было з галавой. Калі бачыла, бядачка, чырвоную сукенку, дык з хаты выганяла. Ёй здавалася, што гэта агонь. Я мела 55 гадоў, калі яна памерла. Атрымлівала нядрэнную пенсію – 50 рублёў. Тады на адзін рубель можна было купіць пяць буханак хлеба. А сюды, у Міхалішкі, у бальніцу, прыехала толькі ў 87 гадоў, калі адна не змагла жыць. У вёсцы работы хапае, нават калі гаспадарку не трымаеш: зімой трэба дроўцаў нанасіць, дарожкі расчысціць, вады прынесці. Слабая я стала – суседзі і агледзелі. 17 верасня мяне сюды на “хуткай” прывезлі. Думала: перазімую, падужэю, а на вясну вярнуся ў сваю хатку. Ды ўжо трэцяя зіма пайшла, як я тут. Разам са мной у палаце ляжыць мая стрыечная сястра, яна таксама ўсё жыццё ў дзеўках прахадзіла.

Часта ўспамінаю сваю хатку. Мо якія пакупнікі знойдуцца? Людзям будзе дзе жыць, а мне капейчына. Я ўжо ў бальніцы, пры людзях, буду свой век дажываць…

Упадабала тут аднаго чалавека. Прыходзіць ён да мяне, вады падасць. Як скажу, што няўдалая і хутка памру – злуецца на мяне і не гаворыць некалькі дзён.

Ён сюды з Літвы прыехаў. Некалькі месяцаў нічога не атрымліваў, нешта не так з паперамі на пенсію было. Яму капейчыну давала. А як хапануў яго інсульт, то Калтан, доктар, добры чалавек, выратаваў яго. Праўда, адна нага дрэнна ходзіць. Але ўсё адно ён мне наравіцца. Стройны. Статны. Не такі, як я...

Ён

Чалавеку, пра якога з такой цеплынёй і любоўю ў голасе расказвае Апалонія Віктараўна, 63 гады. Ён сапраўды большую частку свайго жыцця пражыў у Літве, але нарадзіўся таксама ў Жукойнях-Жалядскіх, лічы, па суседству з Апалоніяй. Свае штодзённыя візіты ў жаночую палату тлумачыць не інакш, як сяброўства праз суседства. Ён прасіў не называць імя і не фатаграфаваць яго, але згадзіўся крыху расказаць пра сябе.

– Сорак пяць гадоў я пражыў у Вільнюсе, там у мяне сын застаўся. Адзін раз прыязджаў да мяне, але па-руску не гаворыць і не разумее. Што ён тут забыўся? Бацькі дзецям патрэбныя, калі яны маленькія. Вырастаюць дзеці – і ў кожнага сваё жыццё. З жонкай я разышоўся даўно. Зараз, здаецца, яна жыве недзе ў Бразіліі. Не пішам адзін аднаму і не тэлефануем з таго часу, як разышліся нашы жыццёвыя шляхі. А сюды, на радзіму, я прыехаў даглядаць маці – яна ногі зламала. Калі маці памерла, я так і застаўся ў Жукойнях-Жалядскіх.

Мой новы знаёмы – дызайнер па прафесіі. А для гэтага, як мне здаецца, трэба мець здольнасці і розум.

– Можа і дурак – але ўрачамі не даказана, – жартуе суразмоўца.

– А хто такая Апалонія? – спрабую накіраваць бяседу ў патрэбнае рэчышча.

– Знаёмая адна. Мы з ёй разам выраслі, лічы, родныя зараз: нікога ні ў яе, ні ў мяне не засталося. Мы з ёй дружна жывём. А з кім яшчэ пагаварыць, калі не з аднавяскоўкай? Яна ўвесь час ляжыць, дык я ёй лякарствы купляю і проста адведаць прыходжу, каб не сумавала.

Да размовы далучаюцца астатнія мужчыны з "палаты халасцякоў" – так яны ахрысцілі свой пакой.

– Жаніць цябе хутка будзем. Да дзевак ўсё ходзіш, – з жартам кажа адзін мужчына.

Мой суразмоўца тут жа абураецца…



Яны

Пакуль я наведвала іншыя пакоі, каб бліжэй пазнаёміцца з астатнімі жыхарамі Міхалішкаўскай участковай бальніцы, сябар Апалоніі пакінуў “халасцяцкую кватэру” і накіраваўся ў жаночую палату – да аднавяскоўкі. Як пасля высветлілася: каб дазнацца, хто не стрымаў язык за зубамі. А Апалоніі Віктараўне, наадварот, хацелася гаварыць і гаварыць…

– Люблю я яго… Як памру, хоць пахавае мяне – але грошай не мае. Я няўдалая, а ён – прыгожы. Часам крычыць на мяне: “Чаго ляжыш і не ходзіш?” А я як павалілася, відаць, ужо і не ўстану – увесь час ляжу. Бывае, убачу ўночы сон: ідзём мы з ім разам пад руку, ён – такі высокі і стройны, і я – шчаслівая-шчаслівая! Мая суседка кажа, каб трымалася яго. І ўдзень ён зойдзе, і ўвечары “дабранач” дасць – чалавек адным словам. Астатнія бабы на мяне сварацца, напэўна, зайздросцяць мне.

Апалонія Віктараўна кідае позірк на свайго сябра:

– Ці думаеш пра мяне?

У адказ той дэманстратыўна адвярнуўся...

Эпілог

Здаецца, звычайная (ці ўсё ж не вельмі звычайная?) гісторыя двух людзей… Але яна нясе ў сабе жыццясцвярджальны матыў. Нават калі ты стары, нямоглы, бяздзетны або забыты, нават калі ты знаходзішся на дзяржаўным утрыманні і жывеш у казённых сценах – гэта не канец свету. Усё залежыць ад чалавека. Можна пастаянна жаліцца і шукаць у сабе балячкі, а можна ўсміхацца праз боль. Можна ненавідзець увесь свет – а можна палюбіць яго праз каханне да аднаго чалавека.

Вось толькі два полюсы гэтага кахання, мужчына і жанчына, моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго – успрыманнем свету, людзей, падзей. Мы, нашчадкі Евы, імкнёмся ва ўсім знайсці патаемны сэнс, надаць значнасць звычайнай падзеі… Яны, Адамавы сыны, кіруюцца ў жыцці не эмоцыямі і пачуццямі, а логікай. Мы розныя – але мы разам. І справа тут зусім не ва ўзросце: нават у дзевяноста гадоў можна кахаць – шчыра, месцамі з дзіцячай наіўнасцю, без асаблівых прэтэнзій на ўзаемнасць – і ў звычайным клопаце бліжняга чалавека бачыць нешта большае.

А мо яно і ёсць – нешта большае? І ці так важна, якім словам яго назваць – каханне, шкадаванне, спачуванне, сяброўства? Галоўнае, што ёсць побач родная душа. Што ты – не адзін. І яна – не адна…

-------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ.