Исследовательская работа по памятникам природы на территории Гудогайского сельсовета одержала победу на областном конкурсе
Напрыканцы мінулага года Гродзенскі палац творчасці дзяцей і моладзі аб’явіў абласны конкурс экалагічных праектаў, прысвечаных Году гасціннасці, пад назвай “Помнікі прыроды сваёй малой радзімы”.23 праекты з усіх раёнаў нашай вобласці, якія апісвалі прыгажосць і веліч помнікаў прыроды, вынікі дзейнасці па іх вывучэнні і навядзенні парадку, разгледзела абласное журы і вынесла рашэнне.
Дыпломам І ступені быў узнагароджаны экалагічны праект “Застыўшая ў прыродзе гісторыя”, аўтарамі якога з’яўляюцца настаўніца Гудагайскай сярэдняй школы Таццяна Станіславаўна Азацян і метадыст Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вольга Валянцінаўна Сцефановіч.
– Сённяшнія дзеці вельмі цікаўныя, і яны ў сваёй большасці вельмі хутка адгукаюцца на прапановы педагога, – упэўнена адзін з аўтараў экалагічнага праекта Таццяна Станіславаўна Азацян. – Мае вучні з задавальненнем узяліся за рэалізацыю праекта, які мы вырашылі прысвяціць помнікам прыроды, размешчаным на тэрыторыі Гудагайскага сельскага Савета. Такіх аказалася шмат. Дзеці гутарылі са старажыламі, збіралі легенды і паданні, рабілі фотаздымкі – агульная справа захапіла ўсіх. І ў выніку атрымалася цікавае даследаванне.
Даследаванне спадабалася і членам журы – і ў выніку заслужаная перамога!
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
