Инновации в школах Островецкого района
Стартавы рэспубліканскі семінар па інавацыйнай дзейнасці прайшоў на базе Гудагайскай сярэдняй школы.
Пачалося ўсё з таго, што яшчэ ў пачатку мінулага года чатыры школы Гродзенскай вобласці – СШ №1 г.п. Рось, СШ №1 г. Скідзеля, СШ №9 г. Ліды і Гудагайская школа – аб’ядналіся ў вырашэнні адной вельмі важнай праблемы, якая стаіць перад сённяшнімі педагогамі, школьнікамі і іх бацькамі. З гэтага і пачалася іх інавацыйная дзейнасць пад доўгай і, на першы погляд, досыць незразумелай назвай “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-адказных паводзін вучняў, папэрэджанне сацыяльнай рызыкі і дэструктыўнай дзейнасці”, якая разлічана ажно да 2015 года.
Кожная школа, якая ўвайшла ў інавацыйны праект, выбрала свой накірунак у яго рэалізацыі. Да прыкладу, у Гудагайскай школе ўжо быў вопыт работы ваенна-патрыятычнага класа, інтэрактыўнага тэатра-форуму, валанцёрскага атрада па сістэме “роўны навучае роўнага”, а з пачаткам інавацыйнай дзейнасці педагогі стварылі дзіцяча-бацькоўскі клуб “Вера. Надзея. Любоў” і “Клуб цікавых сустрэч”. У суботнім фармаце праходзяць агульнашкольныя мерапрыемствы, удзельнікамі якіх становяцца школьнікі і настаўнікі з гімназіі №1, СШ №1 Астраўца і Гродзіеўскай базавай школы Ашмянскага раёна. Толькі за тры месяцы педагогі Гудагайскай школы правялі шэраг цікавых мерапрыемстваў і сустрэч, з вынікамі якіх і пазнаёмілі гасцей з розных школ.
Наперадзе – шмат цікавых спраў, за якія вучні і настаўнікі ўзяліся з энтузіязмам і жаданнем. Пра некаторых з іх рабяты і педагогі расказалі падчас правядзення семінара, удзел у якім прынялі не толькі педагогі школ вобласці, якія ўвайшлі ў інавацыю, але і кансультанты праекта – намеснік дэкана факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Любоў Аляксандраўна Сямчук і старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ігар Анатольевіч Слінко.
Гасцей семінара зноў, як і некалькі гадоў назад, сустракалі вучні ваенна-патрыятычнага класа – з сёлетняга года ён зноў адкрыты на базе школы. Валанцёры роўнага навучання правялі гульню на знаёмства, дзякуючы чаму размова пайшла лёгка і без напружання. На такой жа пазітыўнай ноце прайшло і выступленне кансультантаў інавацыйнага праекта Л.А. Сямчук і І.А. Слінко.
Не менш эмоцый выклікаў і флэш-моб, арганізатарам якога выступілі ўдзельнікі інтэрактыўнага тэатра-форуму. Не абыйшлося і без наведвання школьнага музея, вядомага ў раёне вялікай колькасцю экспанатаў і цудоўнымі экскурсаводамі. І, канешне, не змаглі госці не наведаць жамчужыну Астравеччыны – Гервяцкі касцёл і пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.