Информационный день "Есть такая профессия - Родину защищать" прошёл в Островецком районе
“Усе прафесіі важныя! Усе прафесіі патрэбныя!” – гэтае выказванне большасць ведае бадай што з дзяцінства. І ў многіх ужо з маленства з’яўляецца мара стаць урачом, настаўнікам, ваенным… Бывае, што ў адных на працягу школьнага жыцця гэтае жаданне змяняецца, у іншых – застаецца на ўсё жыццё.
У аддзеле пагранічнай службы “Гудагай” прайшло мерапрыемства “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”, арганізатарам якога выступілі аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама і ваенны камісарыят раёна.
Сёлета вучняў 9-11 класаў з усіх школ раёна запрасілі да сябе ў госці пагранічнікі. Дарэчы, многія рабяты былі тут ужо не раз, іншыя прыехалі ў аддзел упершыню, і ўсё, што яны тут убачылі, было для іх новым і цікавым.
А на сустрэчу да рабят прыехалі раённы ваенкам Раман Аляксандравіч Курлоў, старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, старшы выкладчык Ваеннай акадэміі Аляксандр Сяргеевіч Мезенцаў, намеснік начальніка чацвёртага радыёлакацыйнага вузла вайскавой часці 25887 па ідэалагічнай рабоце Леанід Леанідавіч Віткоўскі і курсанты, выхадцы з нашага раёна Вадзім Бублевіч і Генрых Ган.
У актавай зале аддзела пагранічнай службы сабралася шмат рабят. Былі сярод іх і кадэты пагранічнага класа, які сёлета адкрыўся на базе Гудагайскай школы, і якія пра прафесію пагранічніка ведаюць не толькі са слоў.
Старшы выкладчык Ваеннай акадэміі Аляксандр Сяргеевіч Мезенцаў прыехаў у Астравец з адзінай мэтай: расказаць школьнікам пра сваю ўстанову і зацікавіць іх прафесіяй ваеннага. Дарэчы, перад тымі, хто вырашыць паступаць у Ваенную акадэмію, адкрываюцца вялікія перспектывы. Па-першае, навучанне ў ёй вядзецца на бясплатнай аснове, усіх навучэнцаў забяспечваюць бясплатным жыллём, харчаваннем і абмундзіраваннем, выдатнікі вучобы штомесяц атрымліваюць матэрыяльную дапамогу да стыпендыі, а пасля заканчэння ўстановы ўсіх выпускнікоў абавязкова забяспечаць работай. Аляксандр Сяргеевіч прапанаваў школьнікам паглядзець цікавы фільм пра ўсе факультэты акадэміі і падрабязна расказаў аб уступнай кампаніі, навучанні ў акадэміі і далейшай службе выпускнікоў ваеннай “альма-матар”.
Курсант трэцяга курса ваенна-медыцынскага факультэта пры Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, былы выпускнік гімназіі №1 Вадзім Бублевіч расказваў школьнікам пра сваю навучальную ўстанову і будучую прафесію. Ваенны ўрач – адна з тых прафесій, якія стаяць на абароне і Радзімы, і жыцця і здароўя чалавека. Курсанты даюць дзве клятвы – клятву Гіпакрата і прысягу на вернасць Радзіме. Вадзім марыў стаць ваенным медыкам з дзяцінства і зразумела, што давялося прыкласці намаганні для паступлення – старанна рыхтавацца, каб здаць тэсціраванне.
Намаганні не прапалі дарэмна – першая спроба трапіла ў цэль. І сёння Вадзім задаволены, што стаў курсантам.
Генрых Ган таксама выпускнік гімназіі №1. Ён курсант 4 курса Інстытута пагранічнай службы, які быў адкрыты ў 2009 годзе на базе пагранічнага факультэта Ваеннай акадэміі. А паколькі Генрых жыў у прыгранічным раёне і пра мяжу і яе парушальнікаў чуў неаднаразова, то выбар яго цалкам зразумелы. Да таго ж, яго стрыечны брат таксама заканчваў Ваенную акадэмію – і перад выбарам юнак не стаяў.
У мінулым годзе за выдатную вучобу Генрых быў узнагароджаны знакам “Выдатнік органаў пагранічнай службы ІІ ступені”. Падчас сустрэчы са школьнікамі Генрых з запалам, цікава і падрабязна расказаў пра сваю навучальную ўстанову.
Намеснік начальніка чацвёртага радыёлакацыйнага вузла ваеннай часткі 25887 па ідэалагічнай рабоце Леанід Леанідавіч Віткоўскі расказаў школьнікам пра паступленне на факультэт супрацьпаветранай абароны і прапанаваў паглядзець фільм пра войскі супрацьпаветранай абароны. “Калі кагосьці цягнуць паветраныя прасторы нашай Радзімы, варта паспрабаваць. Тым больш, што на факультэце можна атрымаць дзве спецыяльнасці – ваенную і грамадзянскую і зыходзячы з гэтага атрымаць размеркаванне не толькі ў войскі супрацьпаветранай абароны, але і на прадпрыемствы рэспублікі,” – паведаміў рабятам Леанід Леанідавіч.
Школьнікі не толькі слухалі – падчас сустрэчы яны маглі задаць пытанні гасцям. Адных цікавіла, якія экзамены трэба здаваць на той ці іншы факультэт, другіх – колькі гадоў трэба адслужыць пасля размеркавання, трэціх – ці часта падчас вучобы ў Ваеннай акадэміі можна атрымаць вызваленне?
Прысутнічаў на сустрэчы і старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Ён звярнуўся да падзей Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкія воіны і пагранічнікі мужна абаранялі рубяжы сваёй краіны. Нагадаў школьнікам юбілейныя даты, якія сёлета будзе адзначаць наша краіна. Гаварыў Расціслаў Арсенцьевіч і пра змены, якія адбыліся ў раёне і якімі трэба ганарыцца.
Прафарыентацыйнае мерапрыемства складалася з дзвюх частак. І калі першая праходзіла ў актавай зале, то другая была прысвечана экскурсіі па аддзеле пагранічнай службы. Рабяты паглядзелі на быт ваеннаслужачых, прайшліся па казарме. Выконваючы абавязкі намесніка начальніка аддзела пагранічнай службы па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Сяргеевіч Салавей прадэманстраваў юнакам абмундзіраванне і зброю пагранічнікаў. А пасля ўсе наведалі вальеры з вернымі сябрамі пагранічнікаў – сабакамі розных парод і паглядзелі іх паказальнае выступленне.
Думаю, што мерапрыемства было карысным для ўсіх. Выступаючыя змаглі бліжэй пазнаёміцца з маладымі людзьмі, даведацца пра іх планы і памкненні, а школьнікі, магчыма, яшчэ больш зацвердзіліся ў сваім будучым выбары. Якая гэта будзе спецыяльнасць, пакажа час.
Галоўнае – не спазніцца, бо тым, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з ваеннай службай і абараняць Радзіму, да першага красавіка трэба здаць усе неабходныя дакументы ў раённы ваенны камісарыят.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.