И в "Дубке" будет тепло
На сайт раённай газеты звярнуліся прадстаўнікі бацькоўскага камітэта ясляў-сада «Дубок» г. Астравец – прынамсі, так было падпісана пісьмо.Бацькі скардзіліся, што ўжо шмат гадоў у садку існуе праблема з тэмпературным рэжымам. Асабліва актуальным гэтае пытанне становіцца зімой: тэмпература ў групах складае 15-17 градусаў. Вось і мінулай зімой у ветраныя дні, тэмпература ў групавых пакоях не падымалася вышэй за 10-11 градусаў цяпла.
«Вельмі хочацца, каб сёлетняй зімой сітуацыя не паўтарылася і былі прыняты канкрэтныя меры па недапушчэнні гэтай праблемы. Пажадана, каб у садку замянілі вокны, а сам будынак уцяплілі», – пісалі бацькі.
Члены бацькоўскага камітэта спасылаліся таксама на тое, што дзіцячы сад №2 і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ўжо шмат гадоў знаходзяцца ў належным стане.
«Коле вочы» некаму і тое, што сёлета аддзел адукацыі ўзяўся за ўцяпленне свайго будынка.
За тлумачэннямі сітуацыі, якую апісалі ў сваім пісьме бацькі, мы звярнуліся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму.
– Работы па рамонту ясляў-сада «Дубок» пачаліся ў 2013 годзе. Тут ужо праведзены рамонт харчблока – заменены вокны і дзверы, а таксама сістэмы ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі. Адрамантавана электраправодка, абліцаваны пліткай сцены і падлога. У мінулым годзе былі адрамантаваны медыцынскі кабінет і пакой для мыцця бялізны. На гэтыя работы зрасходавана 676,8 мільёнаў рублёў, – рассказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч.
Акрамя таго, аддзел адукацыі закупіў і ўстанавіў у дзіцячым садку новыя халадзільнікі і тэхналагічнае абсталяванне больш чым на 90 мільёнаў рублёў.
У мінулым годзе вакол садка ўстаноўлена новая агароджа. На тэрыторыі з'явіліся новыя гульнявыя пляцоўкі – усё гэта таксама каштуе не малых грошай. Цацкі набываліся і ў гульнявыя групы садка. У выніку толькі ў 2013 годзе на яслі-сад «Дубок» з бюджэту было выдзелена 1607,4 мільёнаў рублёў.
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму работы ў дзіцячым садку «Дубок» працягваюцца і ў бягучым годзе. Праведзены рамонт другой малодшай группы і пачаты паэтапны рамонт астатніх групавых – на гэта зрасходавана 354 мільёны рублёў. Сёння праводзіцца працэдура закупкі бытавой тэхнікі для мыцця бялізны.
Каб пазбегнуць нізкіх тэмператур у зімовы час, плануецца падключэнне садка да цэнтральнай кацельні.
Але ж нішто не робіцца па ўзмаху чароўнай палачкі – на ўсё патрэбны не толькі грошы, але і час.
Што датычыцца адміністра-цыйнага будынка аддзела адукацыі, спорту і турызму, то ён знаходзіцца на балансе раённага выканаўчага камітэта, і праектна-каштарысная дакументацыя на яго мадэрнізацыю была распрацавана яшчэ ў 2008 годзе. З 2010 года пачаты паэтапныя рамонтныя работы, і сёлета праходзіць мадэрнізацыя сцен. І гэта таксама добра: столькі гадоў спецыялісты аддзела адукацыі туліліся ў цесных кабінетах – напэўна, і яны дастойны таго, каб працаваць у прыстойных умовах!
Што ж да «Дубка», то ў хуткім часе ён таксама набудзе прыстойны выгляд і задаволіць запыты бацькоў. І там будуць створаны нармальныя ўмовы для знаходжання і выхавання дзяцей.
----------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
